Не забывайце клапаціцца аб сваім здароўі

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

26Зімовая пара года найбольш небяспечаная з-за прастудных і інфекцыйных захворванняў. Каб звярнуць увагу жыхароў раёна на важныя пытанні клопату аб сваім здароўі, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правёў прамую тэлефонную лінію з загадчыцай аддзела гігіены і эпідэміялогіі Ірынай Пятровіч. Найбольш важныя пытанні, якія паступілі ў гэты дзень, агучваюцца ў справаздачы з прамой лініі.

Якая эпідсітуацыя ў нашым раёне па захваральнасці на ВРВІ і грып?

Ірына Пятровіч:

– У сучасны момант захваральнасць насельніцтва на вострыя рэспіраторныя вірусныя захворванні застаецца на неэпідэмічным узроўні. Ужо са студзеня праводзіцца работа з кіраўнікамі ведамстваў і ўстаноў па выдзяленні фінансавых сродкаў на правядзенне вакцынацыі супраць грыпу, заключэнні дагавораў з цэнтральнай раённай бальніцай. У выніку санітарна-асветніцкай работы сярод насельніцтва агульная колькасць прышчэпленых супраць грыпу дасягнула найбольшай лічбы за ўсю гісторыю прышчэпачных кампаній у раёне і склала 15 430 чалавек – 38 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў раёна. Каб не захварэць на грып, а таксама знізіць вынікі захворвання, неабходна прышчапляцца супраць грыпу, умацоўваць імунітэт — весці здаровы лад жыцця, прымаць вітамінізаваныя прадукты, займацца спортам, часцей бываць на паветры. Пры з’яўленні сімптомаў грыпу і ВРВІ неабходна адразу ж звярнуцца за медыцынскай дапамогай, не займацца самалячэннем. Лекавыя прэпараты можна прымаць толькі па назначэнні ўрача.

—       Якая сітуацыя па ВІЧ-інфекцыі ў нашым раёне?

– На пачатак студзеня ў нашым раёне зарэгістраваны 21 ВІЧ-інфіцыраваны, пераважная большасць з іх ва ўзросце 30 гадоў і старэй.  Сярод ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў памёр адзін чалавек. За 2013 год у раёне зарэгістраваны чатыры новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі ў мужчын. Важна ўсім ведаць такую інфармацыю. ВІЧ не перадаецца пры пацісканні рук і абдымках, праз сліну пры пацалунках, праз пот і слёзы, пры кашлі і чханні, пры выкарыстанні агульнага посуду, праз пасцельную бялізну, пры сумесным карыстанні ваннай, туалетам, у басейне, праз кантакты з жывёлай і ўкусы насякомых. Звяртаю ўвагу жыхароў раёна, што за кансультатыўнай дапамогай можна звяртацца ў паліклініку да ўрача-інфекцыяніста, дэрматавенеролага, гінеколага, уролага. Можна атрымаць ананімнае кансультаванне і абследаванне перад уступленнем у шлюб. Бясплатнае абследаванне, у тым ліку ананімнае, можна прайсці ў працэдурным кабінеце № 321 раённай паліклінікі ў працоўныя дні з 8 да 18 гадзін па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 164.

—       Наколькі актуальныя ў раёне парэнтаральныя вірусныя гепатыты?

– Вірусныя гепатыты В і С – праблема сучаснага свету. І наш раён таксама яна не абышла. Пераважна захворваюць маладыя людзі ва ўзросце 20-40 гадоў. У выпадку інфіцыравання цяжарнай жанчыны існуе рызыка перадачы інфекцыі дзіцяці. Асноўныя шляхі інфіцыравання – выпадковыя палавыя сувязі, унутрысямейнае палавое і кантактна-бытавое інфіцыраванне, у тым ліку пры карыстанні агульным ручніком, прыборамі для галення і манікюру і іншымі прадметамі асабістай гігіены, ужыванне наркотыкаў, татуіровак, пірсінгу (часцей у непрыстасаваных месцах).  Найбольш надзейным прафілактычным сродкам супраць гепатыту В з’яўляецца вакцынацыя. Вакцынацыя і клініка-лабараторнае даследаванне асоб з груп павышанай рызыкі інфіцыравання, хворых на гепатыт С праводзіцца бясплатна ў паліклініках па месцы жыхарства ці дыспансерах па месцы назірання.

—       Якая ў раёне сітуацыя па захваральнасці на шаленства?

– У раёне за 2013 год зарэгістравана восем выпадкаў шаленства ў жывёлы (за 2012 год – пяць выпадкаў). Інфекцыю часцей за ўсё распаўсюджваюць лісы, ваўкі, каты, сабакі, сельскагаспадарчая жывёла. Яна перадаецца чалавеку ад жывёлы праз укусы, драпіны, слізістую абалонку вачэй, поласці рота, носа.

Шаленства – гэта вострае небяспечнае інфекцыйнае захворванне, якое прыводзіць да смяротнага зыходу. Таму, калі вас пакусала, падрапала ці аслініла падазроная жывёліна, неабходна тэрмінова звярнуцца ў медыцынскую ўстанову для вырашэння пытання аб мэтазгоднасці назначэння курсу прышчэпак. Курс вакцынацыі ўключае пяць прышчэпак па пэўнай схеме. Чым раней пачаты прышчэпкі, тым больш надзейная абарона ад захворвання.

—       Якія гельмінтозы сустракаюцца і якія меры прафілактыкі?

– Гельмінты, ці глісты – гэта вялікая група рознага віду і памеру чарвей, якія, паразітуючы, жывуць у арганізме чалавека. Яны выклікаюць такія захворванні як аскарыдоз і трыхацэфалёз. У мэтах прафілактыкі неабходна захоўваць самім і выхоўваць у дзяцей навыкі мыць рукі не толькі перад ядою і пасля туалету, але і пасля вяртання з вуліцы, з вучобы. Пры падазрэнні на захворванне неабходна без прамаруджвання звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.

—       Што такое энтэравірусы?

– Энтэравірусныя інфекцыі рэгіструюцца на працягу ўсяго года, пад’ём захваральнасці адзначаецца ў летне-восеньскія месяцы. Існуюць агульныя праяўленні хваробы: павышэнне тэмпературы да 38-40 градусаў, галаўныя болі, недамаганне, слабасць, ванітаванне і рвота. Каб папярэдзіць заражэнне, неабходна ў першую чаргу захоўваць элементарныя правілы асабістай гігіены.

—       Ці актуальна гаварыць аб захваральнасці на адзёр у Беларусі?

– У апоші час – актуальна. За 2013 год у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 16 выпадкаў адзёру. У Расійскай Федэрацыі, як і ў Еўрапейскім рэгіёне, працягвае адзначацца эпідэміялагічная нядобранадзейнасць па захваральнасці на адзёр. Сярод хворых дзеці скаладаюць 45 працэнтаў. Найбольш эфектыўнай мерай прафілактыкі з’яўляецца імунізацыя.

—       На што патрэбна звярнуць увагу, каб не заразіцца туберкулёзам?

– Асноўныя сімптомы, характэрныя для туберкулёзу: кашаль на працягу двух-трох тыдняў, болі ў грудзях, страта вагі цела, наяўнасць крыві ў макроце, патлівасць па начах, перыядычнае павышэнне тэмпературы цела, агульнае недамаганне, слабасць, павелічэнне перыферычных і лімфатычных вузлоў. Калі вы выявілі ў сябе гэтыя сімптомы — неадкладна звярніцеся да ўрача. На сучасны момант маецца шмат супрацьтуберкулёзных прэпаратаў, прыём якіх цалкам дазваляе вылечыць хваробу. Для прафілактыкі туберкулёзнай інтэксіфікацыі важнае значэнне мае вызначэнне інфіцыравання з дапамогай туберкулёзных проб, а для дарослых – флюараграфіі.

Падрыхтавала Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *