Прафілактыка ў Нававёскаўскай школе

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

Выязное пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх ладзілася на базе ДУА «Нававёскаўская сярэдняя школа». Адметна, што вучнямі гэтай школы ў мінулым годзе не ўчынена правапарушэнняў, аднак прызнана недастатковай работа ўстановы адукацыі з праблемнымі сем’ямі.

– Папярэдне работа школы была вывучана членамі міжведамаснай рабочай групы. Трывогу выклікала становішча ў асобных сем’ях, дзе гадуюцца непаўналетнія дзеці, – пракаменціравала вынікі маніторынгу намеснік старшыні раённай камісіі Наталля Хвасько.

На даны момант на ўліку ў Нававёскаўскай школе знаходзіцца сям’я, дзе становішча дзіцяці прызнана сацыяльна небяспечным. У дзвюх сем’ях з-за неспрыяльнай абстаноўкі дзеці былі адабраны і змешчаны на дзяржаўнае ўтрыманне. У полі зроку – яшчэ дзве сям’і, якія раней знаходзіліся на ўліку. Падчас праверкі дзейнасці савета прафілактыкі школы высветлілася, што зняцце іх з уліку адбылося без папярэдняга вывучэння. На неабгрунтаванасць рашэння ўказвае адсутнасць у асабістых справах дакументаў, якія б пацвярджалі знікненне прычын, што выклікалі пастаноўку гэтых сем’яў на ўлік.

Сем’і, з якімі вядзецца мэтанакіраваная работа розных суб’ектаў прафілактыкі, былі запрошаны для разгляду і на выязное пасяджэнне. Яно праходзіла з удзелам прадстаўнікоў ААТ «Вялікі Двор», мясцовых амбулаторыі і дзіцячага сада, Старасвержанскага сельвыканкама. Характарыстыку сем’ям давала педагог сацыяльны Сняжана Садоменка.    

…У школьны кабінет пакліканы двое бацькоў. Многім з прысутных яны добра знаёмыя. У іх у жніўні мінулага года чарговы, трэці, раз былі адабраны трое дзяцей. Абое бацькоў стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага. Шмат разоў яны праходзілі супрацьалкагольнае лячэнне, аднак, на жаль, яго хапала ненадоўга…

Трывожная сітуацыя з алкаголем, а яшчэ – адсутнасць уласнага жылля, распачаты працэс скасавання шлюбу… Калі б бацькі не пілі, то, як падкрэсліла прадстаўнік ААТ «Вялікі Двор», шматдзетнай сям’і гаспадарка выдзеліла б жыллё з усімі выгодамі. Галаве сямейства, які дапускае курэнне ў доме ў стане алкагольнага ап’янення, выказала прэтэнзію старшы інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч.

Што будзе з гэтай сям’ёй далей? На выязным пасяджэнні камісія прыняла рашэнне аб вынясенні заключнай ацэнкі аб мэтазгоднасці вяртання дзяцей у біялагічную сям’ю. Якой будзе ацэнка, загадваць не будзем. Вядома, што з моманту адабрання дзяцей ужо прайшло пяць месяцаў, а асноўныя праблемы так і не вырашаны. Тэарэтычна існуюць два варыянты развіцця сітуацыі – вяртанне дзяцей у сям’ю або падача іска ў суд аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Другі, горшы варыянт цягне за сабой розныя наступствы, у прыватнасці, як нагадаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч, і пагрозу турэмнага зняволення за асацыяльны лад жыцця і няўплату даўгоў, што назапасіліся за перыяд знаходжання дзяцей на дзяржаўным утрыманні…

Пакліканы былі і бацькі з сем’яў, якія знаходзіліся на ўліку раней. Адной з іх неабходна тэрмінова ўхіліць няспраўнасці ў пячным ацяпленні, а таксама пастаўлена задача вырашыць не менш важнае пытанне – сабраць дакументы для ўстанаўлення інваліднасці. Гэта дасць магчымасць атрымліваць дзяржаўную дапамогу і набываць за выдзеленыя сродкі неабходнае для лячэння дваіх дзяцей. У другой сям’і, дзе гадуецца трохгадовая дзяўчынка, падзвіжкі ў цэлым радуюць (гэта працаўладкаванне бацькоў, пагашэнне доўгу, ухіленне недахопаў па лініі энерганагляду), але надзвычай важна, каб яны замацаваліся і надалей.

– Работа з сям’ёй – карпатлівая, якая патрабуе ад соцыуму дзейснага і пастаяннага ўдзелу, – падводзіць вынік Наталля Хвасько. – Сёння кожнай з праблемных сем’яў яшчэ раз акрэслены патрабаванні, растлумачаны меры адказнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *