Як аздаравіць лес

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Днямі на базе Стаўбцоўскага лясгаса прайшоў рэспубліканскі семінар-вучоба на адну з актуальнейшых тэм сучаснага лесакарыстання – «Дыягностыка, пастаноўка на ўлік і правядзенне санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў сасновых насаджэнняў».

Апошнім часам у лясных угоддзях рэспублікі назіраецца такая трывожная тэндэнцыя, як усыханне сасновых насаджэнняў. Гэта не можа пакінуць у спакоі лесаводаў, спецыялістаў у галіне лесу, якія ўспрымаюць стан гэтых насаджэнняў не толькі як прыродна-экалагічную з’яву, а і як фактар бяспекі нацыянальнай эканомікі. Вядомая фраза «лес – наша багацце» ў маштабах краіны набывае ўсё больш канкрэтны эканамічны сэнс, у тым ліку па такой важнай пазіцыі, як экспарт.

Не выпадкова, што на рэспубліканскі семінар-вучобу, які праходзіў на чале з першым намеснікам міністра лясной гаспадаркі рэспублікі Аляксандрам Кулікам, з’ехаліся як галоўныя ляснічыя лясгасаў Мінскай вобласці і іх калегі з Брэсцкага, Магілёўскага, Гомельскага, Гродзенскага і Віцебскага дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў, так і навукоўцы, прадстаўнікі інстытутаў лесу, эксперыментальнай батанікі, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, прадпрыемстваў «Белдзяржлес» і «Мінская лесапаркавая гаспадарка», установы «Беллесаахова», нацыянальных паркаў «Прыпяцкі» і «Нарачанскі», Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

У рамках праграмы семінара-вучобы ўдзельнікі азнаёміліся з работай лясгаса ў даным накірунку, у прыватнасці наведалі чатыры аб’екты ў Акінчыцкім лясніцтве. Затым у зале пасяджэнняў фізкультурна-аздараўленчага комплексу быў абмеркаваны шырокі спектр надзённых пытанняў і абсалютна новай інфармацыі, якая паступае ў выніку маніторынгу і праведзеных даследаванняў. Сярод іх – пытанні лесапаталагічнай сітуацыі ў лясным фондзе рэспублікі і за яе межамі, стан сасновых насаджэнняў у зоне масавага ўсыхання, прычыны стрэсавага стану дрэў, біялагічныя меры абароны сасновых насаджэнняў ад карнявой гнілі, новыя звесткі па біялогіі вяршыннага караеда, аналіз метадаў маніторынгу колькасці стваловых энтамашкоднікаў і ранняй дыягностыкі жыццяздольнасці сасновых насаджэнняў, дыстанцыйныя метады дыяностыкі дрэў, якія ўсыхаюць, а таксама звернута ўвага на праект алгарытму дзеянняў у 2018 годзе адносна сасновых насаджэнняў, якія ўсыхаюць.

– Чаму менавіта на Стаўбцоўшчыне прайшоў рэспубліканскі семінар-вучоба па сасновых насаджэннях, што ўсыхаюць?

– У Стаўбцоўскім лясгасе сітуацыя застаецца спакойнай. У бліжэйшых суседзяў (Клецкім, Капыльскім і іншых лясгасах) ужо вядуцца суцэльныя санітарныя высечкі, выкліканыя ўсыханнем сасновых насаджэнняў, – патлумачыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. – Выбралі нас, таму што знаходзімся ў так званай пагранічнай зоне.

З мінулага года брыгады Стаўбцоўскага лясгаса накіраваны на правядзенне высечак насаджэнняў, што ўсыхаюць, вахтавым метадам у Старобінскі лясгас. Работы там практычна завершаны (вядзецца падчыстка ўгоддзяў), і асноўныя сілы, у тым ліку лесанарыхтоўчая тэхніка (тры харвестары і фарвардар), тыдзень таму былі перакінуты на Гомельшчыну, у Петрыкаўскі лясгас. Стаўбцоўскаму лясгасу неабходна высекчы там насаджэнні на пашкоджаных участках плошчай 45 га.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *