За здаровы лад жыцця

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

170218e

ПАДАРУНАК – ІМЯННЫ СЕРТЫФІКАТ

Віктар Пісаны, вадзіцель раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з бездакорнай службовай рэпутацыяй і вопытам работы 34 гады ў згаданай арганізацыі не адзін раз атрымліваў у свой адрас словы прызнання і падзякі за сумленную працу. Аднак сертыфікат, які быў уручаны яму на справаздачным сходзе ў бягучым годзе, меў асаблівую вагу. Ніколі не здагадаецеся, за што Віктар Пятровіч заслужыў такую ўвагу свайго калектыву. За адмову ад курэння. Ужо год, як ён праявіў вялікую сілу волі, моц духу і адмовіўся ад цыгарэты. Калектыў падтрымлівае яго. Па ініцыятыве галоўнага санітарнага ўрача Ігара Кунцэвіча было прынята рашэнне зацвердзіць намінацыю «За прапаганду ўласным прыкладам здаровага ладу жыцця» з уручэннем імяннога сертыфіката на 50 рублёў. Пад апладысменты калег Віктар Пятровіч атрымаў гэтую ўзнагароду, дарагую для яго. Кожны курыльшчык са стажам ведае, як няпроста адмовіцца ад тытунёвай залежнасці, расстацца з цыгарэтай. І поспех у гэтым – факт вышыні духу чалавека, яго ўмення кіраваць сабой.

Уручэнне гэтай узнагароды падняло ўсім настрой, а для Віктара Пятровіча стала далейшым стымулам трымацца надзейнага кірунку – весці здаровы лад жыцця.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ПРАФІЛАКТЫКА СТАМАТАЛАГІЧНЫХ ЗАХВОРВАННЯЎ

Здароўе нацыі – у чарзе прыярытэтных задач нашай дзяржавы. Пацвярдэжэннем таму служыць і зацвярджэнне Праграмы прафілактыкі асноўных стаматалагічных захворванняў сярод усіх катэгорый насельніцтва Рэспублікі Беларусь з 2017 года па 2020-ты.

Распрацоўка такіх прафілактычных мер – у рамках задач Дзяржаўнай праграмы «Здароўе нацыі і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь».

Стаматалагічныя захворванні – карыес зубоў і паталогія перыядонту – шырока распаўсюджаны сярод насельніцтва нашай краіны. Карыесныя зубы маюць 33 працэнты трохгадовых дзяцей, 80 працэнтаў – шасцігадовых, 70 працэнтаў – 12-гадовых дзяцей і 99 працэнтаў дарослых. Штогод рэгіструецца да 15 мільёнаў зваротаў па стаматалагічную дапамогу, якія звязаны з вялікімі матэрыяльнымі затратамі для пастаноўкі каля 8,5 мільёна пломбаў і вырабу да 550 тысяч зубных пратэзаў.

Міжнародная практыка паказвае, што ў тых краінах, дзе планамерна ажыццяўляецца пярвічная прафілактыка асноўных стаматалагічных захворванняў, значна павышаецца ўзровень стаматалагічнага здароўя насельніцтва, што ўплывае на агульнае здароўе і якасць жыцця людзей.

У Беларусі назапашаны пэўны станоўчы вопыт прафілактычнай работы. Прынятая праграма ў першую чаргу нацэлена на тое, каб знізіць колькасць захворванняў на карыес у дзяцей і падлеткаў. Таму праграма прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва ўстаноў аховы здароўя з упраўленнямі адукацыі і іншымі зацікаўленымі ў выкананні праграмы прафілактыкі структурамі.

У нашай бальніцы таксама распрацаваны план правядзення прафілактычнай работы, які ўключае стаматалагічныя абследаванні дзяцей ва ўсіх установах адукацыі раёна, правядзення шырокай санітарна-асветніцкай работы па папулярызацыі медыцынскіх ведаў аб здаровым ладзе жыцця, правядзенне сустрэч у школах з вучнямі з гутаркамі аб індывідуальнай гігіене поласці рота, правільным рацыёне і рэжыме харчавання, выступленні ўрачоў-стаматолагаў на бацькоўскіх сходах.

Усе нашы намаганні будуць скіраваны на рэалізацыю праграмы прафілактыкі, мэта якой забяспечыць рэалізацыю права грамадзян на ахову здароўя.

Эдвард СТАНКЕВІЧ,загадчык стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы

 

ДАЙЦЕ СЭРЦУ АДПАЧЫЦЬ

Стымулюе сардэчную дзейнасць выкід адрэналіну. Менавіта ён пачашчае пульс, павышае ціск і паскарае рытм сэрца. Замаруджваецца сардэчная дзейнасць ад дэфіцыту рэчыва, якое яго падганяе. Пульс становіцца радзейшы, ціск зніжаецца, ад манатоннага няспешнага пастуквання сэрца чалавека хіліць у сон. Такі адпачынак нашаму матору неабходны, як паветра: ён дазваляе назапасіць сілы для наступнага кідка. Сёння размова пойдзе аб бэта-блакатарах – леках, якія дапамагаюць сэрцу адпачываць. Група прэпаратаў, якія даюць сэрцу паўнацэнны адпачынак, выдзяляецца канчаткам «лол» . У аснове іх ляжыць зніжэнне актыўнасці сімпатычнай нервовай сістэмы, якая адказвае за яркую эмацыянальную афарбоўку стрэсавых станаў. Змяншаючы іх уздзеянне на сэрца, мы даём яму магчымасць скарачацца радзей, з меншай сілай і не так хвалявацца з-за недахопу паветра. У выніку знікаюць прыступы стэнакардыі, парушэння рытму і іншы небяспечны стан.

Рэцэптары, на якія ўздзейнічае адрэналін і падобныя яму узбуджальныя рэчывы (1), знаходзяцца таксама ў сасудзістай сценцы. Іх блакада здымае напружанне сасудзістай сценкі, віноўніка павышэння артэрыяльнага ціску, і дае сасудам перадышку для аднаўлення сілы.

На сучасны момант у лячэнні мы выкарыстоўваем максімум пяць бэта-блакатараў – метапралол, бісапралол, карведылол, бетаксалол, небівалол. Адны з іх нармалізуюць лічбы ціску, другія – лечаць стэнакардыю, трэція – парушэнні сардэчнага рытму. Кожнае новае пакаленне прэпаратаў лепшае за папярэднія. Назначаюць бэта-блакатары пры гіпертаніі, ішэмічнай хваробе сэрца, тахікардыі, сардэчнай недастатковасці, метабалічным сіндроме, інфаркце міякарду, парушэннях сардэчнага рытму, цукровым дыябеце.

Выбар прэпарата – прафесіяналізм урача. У супрацьлеглым выпадку, уся карысць ад яго зводзіцца да нуля. З узростам іншыя спадарожныя захворванні не заўсёды сумяшчальныя з такімі лекамі. Ад блакады сасудзістых рэцэптараў часта ўзнікаюць пабочныя рэакцыі: паражэнне пульсу; звужэнне бронхаў і змяншэнне выпрацоўкі слізі, што абцяжарвае выдых і выклікае шумнае са свістам дыханне; крытычнае падзенне лічбаў ціску ў тых, у каго нізкі ціск, бескантрольна нізкі ўзровень цукру ў крыві ў дыябетыкаў, рост халестэрынавых бляшак і т. п.

Як бачым, два бакі аднаго медаля. Пры правільным прыёме лекаў вынік можа быць выдатным. Як жа знайсці тую дозу лекаў, ад якой залежыць раўнавага? Хутчэй за ўсё, на прыёме ва ўрача.

Ірына ЛУЦІК,кардыёлаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *