З памяццю аб Лэнскіх

Сярод аб’ектаў аграэкатурызму нашага раёна сялянска-фермерская гаспадарка «Панскі маёнтак» на тэрыторыі Літвенскага сельсавета выгадна адрозніваецца ад іншых сваім размахам і займела ўжо славу за межамі Стаўбцоўшчыны.

Адметнасць яе ў тым, што гаспадарка размясцілася на сядзібна-паркавым комплексе, створаным у свой час панамі Лэнскімі, які мае гістарычна-культурную каштоўнасць. Гаспадары найперш узялі на сябе клопат адрэстаўрыраваць сядзібна-паркавы комплекс – уладанні паноў Лэнскіх, якія з цягам часу прыйшлі ў стан вялікай запушчанасці з пагрозай знікнення. Кіраўніцтва аб’екта агратурызму паклапацілася аднавіць памяць аб родзе Лэнскіх, у якім былі знакамітыя людзі – заснавальнікі заводаў і манафактур, у тым ліку Мінскага завода «Крышталь», шклозавода «Нёман». Былі і мастакі, некалькі арыгіналаў твораў якіх захаваліся ў мясцовах жыхароў. Яны перадзены цяпер у экспазіцыю комплексу і ўяўляюць такую  каштоўнасць, што імі зацікавіўся нават Нацыянальны мастацкі музей. Уся спадчына Лэнскіх – іконы, арыгіналы дакументаў, пісьмаў, квітанцый, рэчы, мэбля, фотаздымкі і т. п. – беражліва захоўваюцца ў музеі сядзібна-паркавага комплексу. Самыя непасрэдныя адносіны да збору гэтых каштоўных экспанатаў мае настаўніца Рубяжэвіцкай сярэдняй школы, мясцовы краязнаўца Рамуальда Сабалеўская, якая перадала гэтую сабраную спадчыну. Рамуальда Ігнатаўна працуе цяпер на комплексе «Панскі маёнтак» навуковым супрацоўнікам і экскурсаводам. Глыбока ведае гісторыю роду Лэнскіх і ўсіх падзей, якія адбываліся на роднай зямлі, умее красамоўна расказаць.

Заслуга кіраўніка сялянска-фермерскай гаспадаркі Наталлі Запольскай і ў тым, што беражліва захоўваецца не толькі рэчавая спадчына Лэнскіх, але на мясцовых могілках вядзецца догляд  магіл тых людзей, хто меў дачыненне да роду Лэнскіх.

Сядзібна-паркавы комплекс з вельмі прыгожымі краявідамі, адметным наваколлем, будынкамі стаў запатрабаваным месцам для правядзення прыёмаў, а таксама вяселляў, іншых урачыстасцяў. Многія са стаўбчан і жыхароў нашага раёна не раз ужо скарысталіся гэтымі паслугамі, адгулялі тут вяселлі дзяцей. Гаспадары сялянска-фермерскай гаспадаркі паклапаціліся стварыць належныя ўмовы і для застолляў, і для начлегу, і для калектыўнага адпачынку. Усё тут так незвычайна, прывабна, адметна, з густам.

Канешне ж, гэты комплекс вельмі прыцягвае турыстаў. Як расказвае Рамуальда Ігнатаўна, для іх арганізуецца экскурсія па навакольных мясцінах конным экіпажам. Гаспадарка мае коней і для верхавой язды, і для запрэжкі. Ці ж не экзотыка! У праграме экскурсіі – наведванне старадаўняга Рубяжэвіцкага касцёла, які адзначыў ужо сваё 100-годдзе. Тадэвуш Сабалеўскі, які таксама шмат парупіўся для захавання спадчыны Лэнскіх, знаходзіць час прыйсці ў касцёл і сыграць для турыстаў на аргане.

Багатыя людзі могуць заказаць паветраную экскурсію на верталёце і палюбавацца наваколлем з вышыні.

Комплекс прымае турыстаў на працягу ўсяго года. Летам свае вартасці – з рыбалкай, прагулкамі, асалодай водару некранутай прыроды. Зімой можна папарыцца ў лазні, пакупацца ў снезе ці акунуцца ў ледзяным вадаёме. Многія жадаюць трапіць сюды на Хрышчэнне Гасподняе. Мясцовы свяшчэннік айцец Мікалай праводзіць чын асвячэння вады. Турысты могуць акунуцца ў святых хрышчэнскіх водах адкрытага вадаёма.

У гаспадароў сялянска-фермерскай гаспадаркі шмат планаў, укладваюцца сродкі, каб іх ажыццявіць і зрабіць агратурызм больш прыцягальным для айчынных і замежных турыстаў. Кожнае наведванне сядзібна-паркавага комплексу дае магчымасць убачыць перамены, якія адбыліся, новыя набыткі. Арганізатары агратурызму гібка рэагуюць на попыт наведвальнікаў, імкнуцца задаволіць яго, тут пастаянна вядуцца рамонтныя работы. І рэстаўрацыйныя таксама. «Панскі маёнтак» дастойны таго, каб прыняць высокіх гасцей.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ