У Мікалаеўшчынскім сельвыканкаме прайшло пасяджэння Каардынацыйнага савета

Ахова правапарадку Важное

image_pdfimage_print

Падчас выязнога пасяджэння Каардынацыйнага савета, якое прайшло на базе Мікалаеўшчынскага сельвыканкама, пытанні рэалізацыі Дэкрэта № 18 былі разгледжаны на прыкладзе канкрэтных сем’яў. Для канструктыўнай размовы былі запрошаны і прадстаўнікі мясцовага соцыуму – устаноў адукацыі, дома-інтэрната, ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

На выязное пасяджэнне Каардынацыйнага савета выкліканы бацькі, у сем’ях якіх выяўлена нядобранадзейнасць

Папярэдне становішча ў сем’ях было вывучана раённай камісіяй па справах непаўналетніх, іншымі суб’ектамі прафілактыкі.

Сярод запрошаных – матуля, якой вернута непаўналетняя дачка. У сям’і склаліся добрыя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, аднак трывожыць тое, што да цяперашняга часу ў доме застаюцца няўхіленымі парушэнні ў пячным ацяпленні. Зразумела, што яшчэ не ацяпляльны сезон, але, як звярнула ўвагу намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, недахопы доўжацца ўжо не адзін месяц. Жанчына патлумачыла, што з рамонтам печы ёй дапамагала  сельгаставарыства.

«Неабходна звязацца з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і выканаць рамонтныя работы згодна з патрабаваннямі пажарнай бяспекі. Гэта будзе дапамога не столькі вашай работніцы, колькі яе дзіцяці», – такім быў зварот членаў Каардынацыйнага савета да наймальніка – ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Тым больш, у гаспадарцы яна працуе без нараканняў, згадзілася ўзяць падпрацоўку.

Члены Каардынацыйнага савета заклікалі дырэкцыю ААТ «Радзіма Якуба Коласа» аказаць усямерную дапамогу яшчэ адной работніцы, у якой малалетняя дачка знаходзіцца на даны момант у дзіцячым сацыяльным прытулку. Гэтая маладая жанчына адносіцца да сіроцкай катэгорыі, і пасля адбывання пакарання яна і яе дзіця фактычна засталіся без рэгістрацыі і жылля…  Лёс склаўся няпроста, таму матулі парэкамендавалі заявіць пра сябе ў гаспадарцы належным чынам: у такім выпадку ёсць магчымасць атрымаць не толькі павагу і добры заробак, але і службовае жыллё.

На пасяджэнне была запрошана жанчына, якая, будучы абавязанай асобай, працаўладкавана ў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат. За кошт наймальніка яна прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, аднак, як стала вядома ў ходзе маніторынгу, ужо назіраўся зрыў… Перад дзяржавай яе запазычанасць за ўтрыманне траіх дзяцей дасягнула астранамічнай сумы – дзевяці тысяч (!) рублёў.

– Былі спробы дапамагчы гэтай матулі, калі прафсаюзны камітэт выдзеліў ёй дапамогу для пагашэння запазычанасці. Таксама прапанавалі ёй перайсці на працу з большым заробкам, але яна адмовілася, – расказвае дырэктар дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч.

У даным выпадку план дзеянняў прадугледжвае канкрэтныя жорсткія меры, якія, пры адсутнасці ў жанчыны жадання мяняцца, могуць закончыцца накіраваннем яе ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

На пасяджэнні разгледжана хадайніцтва Мікалаеўшчынскага ВПК дзіцячага сада – сярэдняй школы, на падставе якога становішча пяцярых дзяцей у сям’і (самае маленькае – груднога ўзросту) прызнана сацыяльна небяспечным. Абстаноўка сапраўды не можа не хваляваць. Малады бацька вялікага сямейства нядаўна звольніўся з працы. На ім, як і на яго жонцы, «вісіць» немалая крэдытная запазычанасць. У доме не працуе сістэма апавяшчэння аб пажары, якая была ўстаноўлена сацыяльнай службай. Ёсць пытанні адносна элементарнага парадку…

– Для выхаду з сацыяльна небяспечнага становішча павінны быць сумесныя намаганні, – далі зразумець гэтым бацькам і іх немалую долю адказнасці, той шанц, якога ў наступны раз ужо можа і не быць. Ім у першую чаргу неабходна  наведаць кабінет урача-нарколага.

Падводзячы вынікі пасяджэння на базе Мікалаеўшчынскага сельвыканкама, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая акрэсліла найбольш злабадзённыя задачы ў рабоце з сем’ямі:

– Суб’ектам прафілактыкі важна заўважаць сямейную нядобранадзейнасць на ранняй стадыі. Для гэтага павінна быць больш цесным узаемадзеянне. Соцыуму неабходна працаваць, прычым так, каб вырашыць праблему, а не проста пагаварыць-паўшчуваць нядбайных бацькоў. Усе недапрацоўкі, што мы сёння маем, – мясцовага ўзроўню. Патрэбна актыўней задзейнічаць рэсурс не толькі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, але і аглядавых камісій, накіроўваць інфармацыю, што выклікае трывогу, у пэўныя службы. Сельвыканкам павінен быць у гэтай рабоце каардынатарам.

Адна з задач Дэкрэта № 18 заключаецца ў выхаваўчай рабоце з бацькамі. Многія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, і гэта бачаць непаўналетнія. Даная праблема актуальная ў цэлым для раёна, для рэспублікі, таму важна не замоўчваць яе, а шукаць шляхі для занятасці вяскоўцаў, асабліва – моладзі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *