Хлебаробы ААТ «Вялікі двор» лідзіруюць у раёне па намалоту з кожнага гектара

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Хлебаробы ААТ «Вялікі Двор» намалочваюць з кожнага гектара 48 цэнтнераў збожжа і па гэтым паказчыку лідзіруюць у раёне.

Варта дадаць, што ў гаспадарцы з году ў год атрымліваюць высокія ўраджаі збожжавых і зернебабовых культур, азімага рапсу. Гэтаму спрыяе выкананне тэхналогіі сяўбы, выкарыстанне перспектыўных сартоў, шчыры догляд пасеваў. І што вельмі важна, заўжды на ўзроўні тут якасць уборкі.

Сёлета працаўнікам палёў неабходна правесці жніво на 1171 гектары.

Задаволены якасцю ўборкі намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка (злева) і камбайнеры Уладзімір і Улад Пячонавы

– Кожны год мы засяваем збожжавымі і зернебабовымі культурамі аднолькавую плошчу, – гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка, з якім сустрэліся на полі ля Новай Вёскі. – Справа ў тым, што каб мець насенне, справіцца з дзяржаўным заказам і забяспечыць фуражом жывёлагадоўчую галіну, нам неабходна штогод намалочваць шэсць тысяч тон збожжа. Прыкладна такую колькасць мы якраз і збіраем. Да таго ж, маем і пераходны запас.

Генадзій Генадзьевіч адзначае, што ўборачная сёлета крыху незвычайная. Калі ў мінулыя гады першым выспявала трыцікале, то сёлета жніво пачалі з ячменных і пшанічных палеткаў. Пры гэтым, як падкрэслівае галоўны спецыяліст, заўжды ўбіраюць збожжавыя, як правіла, невысокай вільготнасці, каб менш дасушваць. Такім чынам эканомяцца газ і электраэнергія, а значыць і рэнтабельнасць прадукцыі будзе на ўзроўні.

Працуюць у суполцы (злева направа) вадзіцель Яўгеній Чэкан і камбайнавы экіпаж у складзе Віктара Лапко і Юрыя Кірыкеша

На ячменным полі шчыравалі шэсць экіпажаў камбайнераў.

– Разлічваем справіцца гэтай колькасцю машын і ўбраць ура-джай у аптымальныя тэрміны, – тлумачыць Генадзій Бязушка. – На ўборачнай заняты сумленныя і надзейныя працаўнікі.

На камбайне «Дон-1500» працуе сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Уладзіміра і Улада Пячонавых. Збожжаўборачнай машыне ўжо дваццаць гадоў, а яна працуе нараўне з магутнымі высокапрадукцыйнымі імпартнымі «Лексіонамі» і айчыннымі КЗС. На адвозцы збожжа ў гэтага экіпажа задзейнічаны таксама не новы ЗІЛ-131, на якім працуе механік машынна-трактарнага парка Віктар Стэльмах.

Механік Віктар Стэльмах заняты на адвозцы збожжа

Першае месца па намалотах збожжа на дзень наведвання гаспадаркі займаў экіпаж у складзе Аляксандра Тарабэша і Міхаіла Лагаева, якія летась намалацілі тысячу тон збожжа. І сёлета яны наперадзе. На ўліку кожная хвіліна. Тым больш што надвор’е ўсталявалася, і трэба старацца. А поле ўраджайнае – зарабіць можна. У пары працуюць Фінат Саітгарэеў і Аляксандр Мядзведзь, Юрый Кірыкеш і Віктар Лапко,  Мікалай Тарабэш і Яўгеній Дзянейка, Анатолій Стэфаноўскі і Уладзіслаў Белюсь.  На адвозцы збожжа ад камбайнаў заняты вадзіцелі Яўгеній Чэкан, Сяргей Заранко, маладыя Віктар Жышка і Аляксандр Лежанькоў.

Прозвішчы перадавікоў, якія вылучаюцца на жніве, штодзень заносяцца на дошку гонару таварыства. Для занятых на ўборачнай арганізавана гарачае харчаванне – яны снедаюць у мясцовай сталовай. Дастаўка ажыццяўляецца тэхнікай таварыства. Раніцай і вечарам выдаюцца падвячоркі і абавязкова мінеральная вада. Кожную раніцу камбайнеры і вадзіцелі ведаюць, колькі яны зарабілі за мінулы дзень і з пачатку ўборачнай, бо налічэнне заработнай платы ажыццяўляецца штодзень.

Вадзіцель Аляксандр Еўтух

Збожжа новага ўраджаю адвозіцца для дапрацоўкі на збожжа-склад, дзе працуюць на поўную магутнасць два збожжасушыльныя комплексы – ЗСК-60 і М-819. Шчыруюць на сушылках галоўны энергетык Аляксей Цішчанка і інжынер па эксплуатацыі МТП Леанід Купцэвіч, машыністы Ігар Мядзведзь і Валянцін Яроцкі. На перавозцы збожжа ад сушылак на склад заняты вадзіцель Аляксандр Еўтух і настаўнік інфарматыкі Аляксандр Скулкоў. Арганізоўвае работу і прымае збожжа загадчыца склада Людміла Стрыж і аграном Алена Сіняк. Узважвае збожжа вагаўшчыца Тамара Коцяш, дапамагае ёй Людміла Чэкан.

Вызначаюць вільготнасць збожжа галоўны энергетык Аляксей Цішчанка і загадчыца склада Людміла Стрыж

У таварыстве хуткімі тэмпамі прасуецца і звозіцца з палёў салома. Задзейнічаны тры прэсы. Вылучаюцца стараннем Васілій Лучык і Уладзімір Рулёў. На адвозцы саломы заняты Уладзімір Дзянісаў, у распараджэнні якога магутны трактар з доўгім прычэпам, на пагрузчыку шчыруе Генадзій Райскі.

Механізатар Васілій Лучык

Барацьба за вялікі хлеб працягваецца, далейшы клопат – аб будучым ураджаі. Механізатар Сяргей Сенька вядзе ворыва глебы пад сяўбу люцэрны, а затым будзе рыхтаваць плошчу пад азімы рапс. Дарэчы, ураджайнасць гэтай тэхнічнай культуры ў таварыстве сёлета самая высокая ў раёне – намалочана 44 цэнтнеры з кожнага гектара.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *