«Яны працавалі вельмі добра». Сваю работу завяршылі студэнцкія сэрвісныя атрады

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

З пачаткам новага навучальнага года сваю работу завяршылі тры студэнцкія сэрвісныя атрады. Яны дзейнічалі на базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы з 8 ліпеня па 30 жніўня. За гэты час у медыцынскай установе паспела папрацаваць 26 навучэнцаў ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Асноўным іх абавязкам было прыбіранне службовых памяшканняў. Працавалі санітарамі ў паліклініцы, хірургічным кабінеце, лабараторыях. Выконвалі таксама работу медрэгістратараў і займаліся афармленнем медыцынскай дакументацыі.

Анастасія Бубен сачыла за чысцінёй у клініка-дыягнастычнай лабараторыі

Перад пачаткам работы для навучэнцаў быў праведзены  інструктаж па тэхніцы бяспекі пры карыстанні ўборачным інвентаром, а таксама па  захоўванні санітарных норм і правілаў. Кожны быў забяспечаны спецаддзеннем. Святлана Высоцкая, старшая медсястра Стаўбцоўскай ЦРБ, работай удзельнікаў атрада задаволена: «Яны працавалі вельмі добра. Гэта дазволіла нам запоўніць адсутнасць працоўных кадраў, якія былі ў водпусках. Усе маладыя людзі паслухмяныя, акуратныя, старанныя. Асабліва хочацца выдзеліць Ульяну Мілашэўскую, якая працавала санітаркай у хірургічным аддзяленні. Яна заўсёды не толькі выконвала ўвесь аб’ём работы, які быў запланаваны на дзень, але і прасіла яшчэ даць ёй заданні. Задаволены і камандзірам гэтага атрада Паўлам Хвасько. Вельмі адказны хлопец».

Павел Хвасько выконваў работу медрэгістратара

Павел Хвасько вучыцца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «інжынер-энергетык». У студэнцкім атрадзе працуе другі год, а вось роля камандзіра для яго ў навінку. У мінулым годзе быў членам будаўнічай брыгады, а на гэты раз выконваў абавязкі медрэгістратара: падклейваў амбулаторныя карткі, разносіў іх па кабінетах. Такі від працы хлопцу спадабаўся.

Калектыў Стаўбцоўскай ЦРБ вельмі ўдзячны ўдзельнікам студатрада за працу і чакае іх у наступным годзе.

Ксенія РУБІН,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *