Валянціна Ліпніцкая расказала аб накірунках работы прафсаюзнай арганізацыі

Прафсаюзная арганізацыя Стаўбцоўскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства звярнула на сябе ўвагу тым, што ў апошні час папоўнілася на 50 чалавек. Вопыт гэтай пярвічкі быў запатрабаваны на пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў і ў стварэнні дзейснага калектыўнага дагавора. Аб гэтых накірунках работы расказвае старшыня прафсаюзнай арганізацыі Валянціна Ліпніцкая.

–       Валянціна Сямёнаўна, факт аб павелічэнні колькасці членства ў прафсаюзе на самай справе звяртае ўвагу.

–       Месяц назад да нас далучыўся калектыў прамысловага аддзела  Уздзенскага райспажыўтаварыства ў колькасці 50 чалавек. Яны сталі членамі нашай прафсаюзнай арганізацыі. Мы рады былі іх прыняць, нам патрэбны і свае спартсмены, і актывісты ў мастацкай самадзейнасці, і лідары ў іншых грамадскіх справах, таму што наша пярвічная арганізацыя паспяхова ўдзельнічае ў спартакіядах, аглядах-конкурсах з добрымі вынікамі. На сучасны момант у прафсаюзнай арганізацыі 520 членаў і яшчэ – 153 ветэраны спажывецкай кааперацыі.

–       Ходзіць слава, як вы ўмееце працаваць з ветэранамі вытворчасці, трымаць з імі жывую сувязь.

–       Так, ветэраны па-ранейшаму застаюцца з намі, хоць яны і знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Добрай традыцыяй у нас стала да Дня маці арганізоўваць для іх свята «За кубачкам чаю». На сустрэчу з імі запрашаюцца работнікі аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, банкаў і іншых структур з інфармацыяй аб паслугах, якія аказваюцца пажылым людзям. Прадстаўнікі адміністрацыі нашай арганізацыі таксама з віншаваннямі, увагай, інфармацыяй аб дзейнасці аддзела выступаюць перад шаноўнымі гасцямі. Праграма ўрачыстасці ўключае конкурсы, ветэраны могуць паспяваць, патанцаваць. Вельмі прыемна чуць словы іх удзячнасці за такі прыём.

–       Валянціна Сямёнаўна, ці прадугледжана калектыўным дагаворам заахвочванне працаўнікоў арганізацыі, якія праяўляюць актыўнасць у жыцці калектыву?

–       Наш калектыўны дагавор утрымлівае 13 раздзелаў. Заключаючы яго з наймальнікам, мы стараліся, каб гэты лакальны нарматыўны дакумент быў дзейсным, каб кожны працаўнік адчуў яго значнасць. Пры заключэнні яго мы зыходзілі з тых фінансавых сродкаў, якія рэальна можна выкарыстаць для сацыяльных выплат. Традыцыйна ў нас занатавана ўшанаванне працаўнікоў у сувязі з юбілейнымі датамі, выхадам на заслужаны адпачынак, пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці, аказанне матэрыяльнай дапамогі ў іншых выпадках у сувязі з сямейнымі абставінамі. Пры выхадзе на пенсію ёсць абавязацельства аб выплаце аднаразовай дапамогі да пяці сярэднемесячных заработкаў у залежнасці ад адпрацаванага стажу работы. Удзельнікам мастацкай самадзейнасці і спартыўных спаборніцтваў прадастаўляецца адзін дзень адпачынку, які аплачваецца. І гэта таксама стымул для актыўнага творчага жыцця. На асаблівым рахунку ў нас пытанні работы з моладдзю. Статус многіх прафесій, у тым ліку і прадаўца, прыніжаны, прафесія губляе сваю прэстыжнасць. У нашых умовах мы як можам аказваем ім дапамогу ў адаптацыі ў працоўных калектывах, ажыццяўляем меры падтрымкі. Ва ўзросце да 31 года ў нас працуюць 98 чалавек, усе яны з’яўляюцца членамі прафсаюза. Пяць маладых працаўнікоў навучаецца без адрыву ад вытворчасці ў вышэйшых і сярэднеспецыяльных установах адукацыі. Усім, хто мае жаданне павышаць свой прафесійны ўзровень, атрымліваць спецыяльнасць, ідзём насустрач.

–       Якія галоўныя крытэрыі ў дзейнасці вашай прафсаюзнай арганізацыі?

–       Нават у тых няпростых умовах, у якіх нам даводзіцца працаваць, прафсаюз бярэ на сябе адказнасць па абароне інтарэсаў работнікаў. Работа прафсаюза шматгранная, як і само жыццё, аднак асноўнай функцыяй нашай арганізацыі застаецца клопат пра кожнага канкрэтнага чалавека. Члены прафсаюза павінны адчуваць, што ёсць арганізацыя, куды можна прыйсці са сваімі праблемамі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара