Уладзімір Радзевіч пацвердзіў званне лепшага прадпрымальніка

Нумары Прадпрымальніцтва

image_pdfimage_print

Па выніках работы за мінулы год кіраўніку сялянскай фермерскай гаспадаркі “Сула” Уладзіміру Радзевічу прысуджана ганаровае званне “Лепшы прадпрымальнік Мінскай вобласці”. Прычым чацвёрты год запар. У скарбонцы ранейшых узнагарод – і Дыплом лаўрэата конкурсу “Лепшы прадпрымальнік у рэспубліцы”.

– Уладзімір Уладзіміравіч, вы чарговы раз пацвердзілі званне лепшага прадпрымальніка вобласці, а ці задаволены паказчыкамі мінулага года?

– Быць задаволеным да канца нельга, бо без памылак не абыходзіцца ніводная справа, і наша ў тым ліку. Заўсёды прыходзіцца нешта папраўляць, перайначваць. Бывае, складваюцца сітуацыі, у якіх неабходна на карысць справе прымаць і нестандартныя рашэнні. А ўвогуле мы працуем і дабіваемся неблагіх вынікаў.

– Кожны год у вашай гаспадарцы ўкараняецца нешта новае, рэалізуюцца сумесныя праекты. А як плануеце пабудаваць работу сёлета? Ці павялічыце плошчы пад бульбай?

– Плошчу пад бульбай павялічваць не будзем. Не рызыкуем, бо сёлета не ўдасца пабудаваць бульбасховішча. Прычына таму – затрымка фінансавання. Але справа зрушылася. Французы, з якімі маем дамоўленасць на сумеснае супрацоўніцва, абавязацельствы свае выконваюць і ў далейшым пацвердзілі гатоўнасць яго працягваць. Работы пачнуцца сёлета ў чэрвені. Да верасня наступнага года мы павінны ўвесці ўвесь комплекс у работу, разам з упакоўкай і мыйкай бульбы. Пабудуем бульбасховішча ўмяшчальнасцю 10 тысяч тон  у  ТАА “Аграцэнтр-Сула”, у склад якога ўваходзім. І на нашай базе на чатыры тысячы тон.

– Ці набудзеце новыя сарты?

–  Што тычыцца сартоў, то будзем займацца ранейшымі. Аднак купілі і новыя, у прыватнасці, “гала” нямецкай селекцыі кампаніі NORIKA. А таксама беларускі сорт “мак”, які па смакавых якасцях разлічаны на беларусаў. Паспрабуем яго вырошчваць. У нас наладжаны цесныя сувязі з Беларускім НДІ бульбаводства. Летась мы вырошчвалі ім насенне. Сёлета ад навукоўцаў зноў паступіла  такая прапанова. Думаю, возьмем некалькі ранейшых сартоў і адзін новы. Гэта сярэдня-ранні “маніфест”, чырвонага колеру з жоўтай мякаццю. Мы набываем гадавальнікі размножвання і атрымліваем супер-супер эліту, якая запатрабавана пакупнікамі з Расіі. Геаграфія нашых паставак насення вялікая – Валгаград, Кубань, Растоў-на-Доне, Ніжні Ноўгарад, Тамбоў, Бранск, Ленінградская вобласць. 

Магчыма супрацоўніцтва ў вырошчванні насення з фермерамі з іншых раёнаў, якія гатовы зрабіць такі крок. Ужо сёння  прадаём дзвюм фермерскім гаспадаркам з Капыльскага раёна і адной з Мінскага насенне першай рэпрадукцыі тых сартоў, якія нам патрэбны будуць у наступным годзе.

– І ў чым для вас тут выгада?

– Справа ў тым, што калі мы выходзім на гандлёвыя сеткі Масквы і Санкт-Пецярбурга, адтуль заўсёды пытаюццца колькі мы можам паставіць бульбы. І калі размова ідзе пра 10-12 тысяч тон, то можна падпісваць гадавы кантракт з графікам паставак. Калі ж мы прапаноўваем тысячу тон і ў пэўны час, то асабліва размаўляць не хочуць. А калі і згаджаюцца, то скідваюць цану. Таму нам і патрэбна кааперацыя, каб наладзіць стабільныя пастаўкі.

– А ці былі летась праблемы з продажам таварнай бульбы?

– Усю буйную бульбу мінулай восенню прадалі, а насенную рэалізоўваем зараз. Пастаўляем у Расію. Усяго прададзім каля 320 тон. Захавалася яна ў нашым бульбасховішчы, дзе ўстаноўлены мікраклімат, няблага. Страты мізэрныя і склалі ўсяго 10 працэнтаў. У буртах жа адход складаў да 60 працэнтаў.

– Сёлета вы пачалі садзіць бульбу раней, чым звычайна.

– Надвор’е спрыяе, ды і справіліся хутка з іншымі палявымі работамі – у сціслыя тэрміны пасеялі яравыя збожжавыя. Пасадзілі клубні на большай палове плошчаў. Выкарыстоўваем двухрадную саджалку вытворчасці нямецкай фірмы GRIMME, якая адначасова пратручвае насенне, уносіць мінеральныя ўгнаенні і парашок супраць драцяніка. Стаўку, як і заўжды, зробім на якасць бульбы, выкарыстоўваючы падчас яе вырошчвання ўсе даступныя нам тэхналогіі.

Выдатна выйшлі з зімоўкі азімыя і рапс дзякуючы таму, што былі прыменены напрацоўкі нямецкай кампаніі BASF.

– Раскажыце аб гэтым крыху падрабязней.

– Тры гады назад на базе нашай гаспадаркі быў створаны аграцэнтр, і на нашых землях спецыялісты кампаніі ўвесь гэты час паспяхова выпрабоўваюць прэпараты для аховы раслін. Скарыстоўваю іх вопыт і незалежна ад надвор’я маю стабільны ўраджай. Сёлета мы павялічылі ім плошчу для работы. Робяцца доследы на рапсе, збожжавых і гароху. Толькі на адным рапсе, якога высяваюць да дваццаці сартоў, беларускай і замежнай селекцыі, навукоўцы закладваюць паўтары тысячы вопытаў, прымяняючы розныя схемы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі раслін. Выкарыстоўваюць пры гэтым сучасную тэхніку. Ёсць у іх і даволі рэдкая машына – электрычны дробнадзяляначны апырсквальнік. Прыязджаюць у аграцэнтр павучыцца расіяне, штогод бываюць да 700 чалавек. І я адначасова вучуся.

– А якія новыя напрацоўкі менавіта ў вырошчванні бульбы?

– Сёлета ўкараняем паліў. У мінулым годзе на трох з паловай гектарах прымянялі доследную палівачную машыну з НДІ механізацыі сельскай гаспадаркі і сабралі з кожнага гектара на 11 тон бульбы больш, чым з астатніх участкаў. Таму і набылі ва ўласнасць перасоўную палівачную машыну. З яе дапамогаю будзем паліваць бульбу пакуль што на палове пасадачных плошчаў, а затым паступова будзем пераходзіць на стопрацэнтны паліў. 

– Уладзімір Уладзіміравіч, для таго, каб вырасціць добры ўраджай, патрэбны і  вопытныя механізатарскія кадры.

– У нас падабраўся моцны касцяк, кваліфікаваныя механізатары ўмеюць і выконваюць розныя тэхналагічныя аперацыі. Прычым тэхніку мы не замацоўваем за адным працаўніком. Уся яна камплектуецца на базе, да трактара чапляецца сельгасмашына. Робяць гэта механік і слесар, якія адначасова займаюцца і абслугоўваннем тэхнікі. Такім чынам, механізатар, калі вяртаецца з поля пасля выканання пэўнай работы, адразу ж перасаджваецца на іншы трактар і без прамаруджвання прыступае да наступнай аперацыі. Эканоміцца час, гэта дазваляе нам у сціслыя тэрміны спраўляцца з палявымі работамі.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА

На здымку: фермер Уладзімір Радзевіч (у цэнтры)  гутарыць з механізатарамі Алегам Жытко (злева) і Андрэем Цярэшкам.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *