У красавіку сорак чацвёртага

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Гераічнаму ўчынку партызан, здзейсненаму ў раёне сённяшняга чыгуначнага прыпынка «Цёмныя Ляды» (на «крывой») споўнілася 70 гадоў. Тыя дні ў мяне заўсёды ў памяці.

Пры выкананні аперацыі «Баграціён», мэтай якой было поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, савецкае камандаванне разлічвала на актыўныя дзеянні беларускіх партызан.

Народныя мсціўцы дзейнічалі ва ўсіх раёнах нашай рэспублікі. Партызаны знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага, грамілі паліцэйскія гарнізоны, штабы і камендатуры, падрывалі масты, пускалі пад адхон варожыя эшалоны. Гарэла зямля пад нагамі акупантаў, яны адчувалі сябе як у асаджанай крэпасці.

Дастойны ўклад у гэтую свяшчэнную барацьбу беларускага народа ўнеслі і жыхары-патрыёты Стаўбцоўшчыны. Мне, як былому камандзіру падрыўной групы, хочацца адзначыць, што нашы партызаны са студзеня па красавік 1944 года правялі 7 аперацый па падрыве эшалонаў ворага. Нездарма ад камандавання брыгады імя Жукава былі заахвочаны навейшай зброяй «Агнямёт».

20 красавіка споўнілася 70 гадоў з таго дня, калі наша група ў саставе Мікалая Кульшы – камандзіра ўзвода, Васіля Шкляра – камандзіра групы, падрыўнікоў Іпаліта Шкляра, Васіля Дзяргая, Уладзіміра Грыгаровіча і назіральніка Фёдара Шамшына ў тыле варожай аховы чыгункі ў раёне вёскі Задвор’е пусціла пад адхон ваенны нямецкі эшалон з баявой тэхнікай і жывой сілай праціўніка.

У гэтыя красавіцкія дні гітлераўскія захопнікі ўзмоцнена рыхтаваліся даць сур’ёзнае супраціўленне Чырвонай Арміі і сарваць аперацыю «Баграціён». Канцэнтрацыя і рух войскаў праціўніка значна павялічыліся, асабліва па чыгунцы Мінск – Баранавічы. Разведвальныя даныя, здабытыя партызанамі, дапамаглі ў падрыхтоўцы наступальнай аперацыі савецкіх войскаў.

Так, з Баранавіч атрымалі данясенне, што да адпраўкі на ўчастак фронту рыхтуецца эшалон з танкамі «тыгр», бронетранспарцёрамі з боепрыпасамі, і што фашысты рыхтуюцца 20 красавіка адсвяткаваць юбілей свайго фюрэра. Камандаванне атрада «Мсціўца» брыгады імя Жукава – камандзір Сапаў і камісар Пракоф’еў  паставілі перад намі, маладымі, але спрактыкаванымі падрыўнікамі-камсамольцамі, задачу адсалютаваць Гітлеру дыверсіямі на чыгунцы.

Выкананне гэтай адказнай задачы камандзір узвода даручыў мне, паколькі я добра ведаў гэтую мясцовасць і падыходы да чыгункі. Улічылі, што дарога, па якой штодзень ішлі на фронт нямецкія эшалоны, узмоцнена ахоўвалася. Па абодва бакі чыгуначнага палатна немцы высеклі лес на 80-100 метраў, расцягнулі дрот з рознымі бляшанкамі для шуму, месцамі ўстанавілі міны. Праз кожную гадзіну праходзілі парныя сустрэчныя патрулі. Да гэтага яшчэ трэба дабавіць, што праз кожныя 2-3 кіламетры былі абсталяваны ахоўныя бліндажы з 30-50 добра ўзброенымі салдатамі.

Вырашылі паставіць міну паміж размяшчэннем нямецкіх гарнізонаў у Кучкунах і Цёмных Лядах, дзе менш небяспечнае і зручнае месца. Такое рашэнне мы прынялі, калі спыніліся ў доме Мікалая Шкляра, які жыў на хутары побліз чыгункі. Яшчэ раз праверылі зброю, скрыню з сямікілаграмовым зарадам і ланцужком накіраваліся да месца прызначэння. Ішлі ціха, асцярожна. Церушыў веснавы дожджык, было ўжо каля 12 гадзін ночы. На ўзлеску спыніліся, сталі ўглядацца ў цемру і прыслухоўвацца. Хутка пачулі крокі і нямецкую гутарку. Рухаліся патрульныя, якія блізка ад нас сустрэліся, абмяняліся словамі і разышліся ў зваротным кірунку. З боку бліндажоў-блікаў даносіліся песні п’яных немцаў.

Мы рашылі дачакацца поезда і пад яго прыкрыццём наблізіцца да самага чыгуначнага палатна, каб паставіць міну. Як толькі падрыўнікі Васіль Дзяргай і Уладзімір Грыгаровіч па камандзе рушылі наперад і прабеглі метраў 30-40, раздаўся моцны выбух. Нас апярэдзіла іншая падрыўная група? Хлопцам давялося хутка вяртацца. Адышлі крыху ўглыб лесу і стаіліся за дрэвамі. Праз хвіліну немцы адкрылі ўраганны агонь па нябачным праціўніку, сталі пускаць сігнальныя ракеты. «Як жа нам выканаць заданне?» З такім пытаннем камандзір узвода звярнуўся да мяне. «Выхад ёсць, пойдзем на «крывую» да Задвор’я». «Правільна, Вася, – згадзіўся Мікалай Кульша. – Немцы ўсе кінуцца да месца выбуху, а мы –  да іх у тыл. Яны і не падумаюць, што партызаны могуць рашыцца на такі рызыкоўны крок. Мы і раней двойчы спрабавалі паставіць міну на гэтай «крывой». Сапраўды, месца прывабнае для падрыву эшалона. Высокі насып, круты левы паварот і спуск уніз, што можа спрыяць буйной аварыі на чыгунцы. Але раней партызаны не змаглі тут замініраваць, вельмі моцна гэты ўчастак чыгункі ахоўваўся.

Прапанова была падтрымана. І мы асцярожна ўздоўж ахоўнай паласы, за насаджэннямі акацыі назіралі за рухам немцаў, якія беглі невялікімі групамі ў бок выбуху, што даў нам магчымасць хутка і без перашкод падысці да самой «крывой» на чыгунцы. Дожджык перастаў, з-за хмаркі паказаўся месяц. Участак дарогі добра праглядваўся. Нашы падрыўнікі хутка падняліся па крутым схіле насыпу і паставілі сямікілаграмовую міну пад адпаведную даўжыню бікфордавага шнура, добра яе замаскіравалі і спусціліся ўніз. Мы ўсе адышлі ад чыгункі на 200-300 метраў у поле і схаваліся за кучамі гною, якія вывез памешчык Арцюх з Задвор’я. Цяпер там землі былой школы-інтэрната. Месца сховы было ненадзейным, але ўсе рашылі чакаць поезда і выбуху.

Вельмі марудна цягнуліся хвіліны чакання. Усе перажывалі і хваляваліся за лёс нашага «падарунка Гітлеру», хаця самі знаходзіліся ў поўным акружэнні і выйсці адсюль было праблематычна.

Так мы прасядзелі мінут 15-20, пакуль пачулі шум поезда. Цяжка перадаць тое хваляванне і напружанне, што мы зведалі. Але міна была пастаўлена надзейнымі рукамі з разлікам на пустыя платформы наперадзе паравоза. Раптам асляпляльна шуганула полымя, раздаўся аглушальны выбух. І што тут пачалося! Вагоны грувасціліся адзін на другі, ляцелі пад адхон цяжкія «тыгры», пачалі рвацца ў вагонах артылерыйскія снарады, асколкі якіх разляталіся ў розныя бакі на вялікую адлегласць, асвятлялі нам шлях аходу, але і неслі небяспеку для жыцця. Грымела сапраўдная кананада. У гэты момант ва ўтвораны завал урэзаўся эшалон, што рухаўся насустрач. Гэта яшчэ больш павялічыла страты ворага.

Нам заставалася думаць аб сваім выратаванні, трэба было хутчэй мінуць вёску Слабада, дзе стаялі немцы, пакуль нас не заўважылі. На шчасце, гітлераўцы з нашым акружэннем спазніліся. Ведаючы палявыя сцежкі мы выйшлі за Слабаду.

Праз пару гадзін мы дабраліся ў Аталезь да сувязных Шкутоў, дзе нас сустрэла камандаванне атрада і павіншавала з удала праведзенай аперцыяй.

Як потым устанавіла разведка, быў  знішчаны варожы эшалон: 10 танкаў «тыгр», 10 бронемашын, чатыры вагоны з боепрыпасамі, дзве платформы з гаручым. Акупанты панеслі значныя страты ў жывой сіле. Цалкам было разбурана 300 метраў чыгуначнага шляху, рух на гэтым участку спыніўся на двое сутак. Вось такі падарунак мы паднеслі на юбілей галаварэзу-фюрэру і ўнеслі свой уклад у аперацыю «Баграціён». Калі У. З. Царуку далажылі аб бліскуча праведзенай аперацыі падрыўной групай камсамольцаў атрада «Мсцівец», ён загадаў усіх адзначыць высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. 12 мая 1944 года нам усім былі ўручаны лісты на ордэны Чырвонай Зоркі. Але, на жаль, выйшла так, што саміх узнагарод мы не атрымалі.

У 2002 годзе па рашэнні райвыканкама ў гонар гэтай унікальнай аперацыі быў устаноўлены Памятны знак з прозвішчамі падрыўнікоў, які напамінае аб патрыятызме і мужнасці нашых камсамольцаў.                

Васіль ШКЛЯР, ветэран вайны і працы

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАЗЫЎНЫЯ ПЕРАМОГІ

Па ініцыятыве раённай ветэранскай арганізацыі да Дня Перамогі ветэранам вайны падрыхтаваны адмысловыя падарункі – радыёпрыёмнікі.

Гэта рэч памятная і неабходная ў доме ў сувязі з паступовым скасаваннем у маштабах рэспублікі праваднога радыёвяшчання і пераходам на больш сучасныя спосабы радыёсувязі. У сувязі з гэтым раённы выканаўчы камітэт выдзеліў неабходныя сродкі на набыццё амаль 90 радыёпрыёмнікаў з настройкамі – персанальна для кожнага з шаноўных ветэранаў Стаўбцоўшчыны. Пра тое, што падарунак гэты імянны, гаворыць і зроблены на корпусе прыёмніку надпіс з імем і прозвішчам.

Раённая ветэранская арганізацыя парупілася, каб да свята даставіць адрасатам падарункі. Як адзначае яе старшыня Іосіф Язвінскі, няхай у дамах тых, хто мір здабываў, гучаць пазыўныя Перамогі!    

 

«ДЫСКОНТ» ДЛЯ ПАЖЫЛЫХ

З мэтай сацыяльнай падтрымкі і найбольшай абароненасці пажылых грамадзян тэрытарыяльны цэнтр распрацоўвае для іх сістэму дысконтных скідак.

У першую чаргу сістэма прадугледжана для ўдзельнікаў клуба «Гады – не бяда» і слухачоў універсітэта трэцяга ўзросту. На даны момант гэтых людзей налічваецца каля трох дзясяткаў чалавек. Усе яны – ва ўзросце  70 гадоў  і старэй, сярод іх нямала людзей са статусам інваліда, адзінокіх і адзінокапражываючых.  У сістэму прадастаўлення дысконтных скідак у ліку  першых уключыліся райспажыўтаварыства, індывідуальныя прадпрымальнікі. Напрыклад, дзякуючы начальніку сектара арганізацыі работы рынкаў райспажыўтаварыства Святлане Чэмка дадзена «дабро» на атрыманне скідак на паслугі ў ведамасных цырульнях «Шарм» і «Мечта». З павагай аднеслася да пажылых людзей індывідуальны прадпрымальнік Алена Фянько, якая рэалізуе ў Доме гандлю парфумерную прадукцыю і таксама гатова пайсці на саступкі пажылым.   Падобная практыка на Стаўбцоўшчыне бярэ пачатак ад БРСМ.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *