І радуюць у двары кветкі

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Праязджаючыпа цэнтральнай вуліцы Янкавіч прыкмецілі ў адным з агародаў плантацыі парэчак. Зацікавіліся. Як высветлілася, жыве ў доме Вітольд Каліноўскі, былы ўрач. Вырошчвае ён на прысядзібным участку не толькі ягады, а і кветкі. І справай гэтай апантаны яшчэ з маладых гадоў.

– Вельмі люблю кветкі, прыроду, таму перспектыва жыць у горадзе мяне ніколі не прываблівала, – сказаў Вітольд Антонавіч. – А цяга да зямлі, пэўна, перадалася  ад бацькі, які займаўся садам і агародам. Трымаў пчол, было ў яго да ста сем’яў. Дом  гэты купіў і цяпер вось думаю  вырошчваць саджанцы. Буду набываць падвоі яблыні, грушы, вішні, слівы. І для душы занятак, і зарабіць грошы можна, бо пенсія ў мяне невялікая.

Вітольд  Антонавіч расказвае, што некаторы час вырошчваў ружы. Заказваў кусты ў розных кутках былога Саюза, у прыватнасці, у Латвіі, Эстоніі, Краснадарскім краі, Крыме. І сёння трымае сувязь з Нікіцкім батанічным садам, у Ялце жывуць яго даўнія сябры. Прычым ездзіў па кветкі сам, бо любіць вандраваць.

– Без машыны не магу жыць, – гаворыць кветкавод. – Пачынаў ездзіць на  «Запарожцы», а цяпер у мяне «Жыгулі» шостай мадэлі.  Я люблю тэхніку,  сваімі рукамі яе рамантую. І зварачныя работы выконваю сам.

Крыху адхіліўшыся ад тэмы, наш суразмоўца зноў заводзіць гаворку пра кветкі:

– У Дзераўной, дзе пражываў раней, меў тры вялікія цяпліцы. Прыязджалі да мяне кветкаводы пераняць вопыт – яны ў мяне вучыліся і я ў іх.

Дарэчы, у Нарачы, дзе працаваў галоўным урачом, уся тэрыторыя бальніцы была ў кветках. У справе добраўпарадкавання мы былі перадавікамі і нават дзяліліся вопытам з замежнымі калегамі.

Па ўсім  відаць, што Вітольд Антонавіч мужчына гаспадарлівы. Сядзець без справы ён не можа. А хобі свайму аддае практычна ўвесь свабодны час.

– Кусты парэчак мне сябар даў, пасадзіў я і маліну. Трэба іх ужо мяняць, чым займуся хутка. Настрой ёсць. Але больш схіляюся да кветак. Летась ездзіў купляць хрызантэмы ў Шашкі.  Набыў розныя віды лілій. Пачынаць буду з адкрытага грунту, а затым пастаўлю цяпліцу. Пабудую яе сваімі рукамі, мне не трэба ніякай дапамогі. Ёсць намер вырошчваць пакаёвыя кветкі, у прыватнасці, архідэі.

Акрамя кветак вырошчвае гаспадар на градах і гародніну.

На задняй сцяне хаты Вітольд Антонавіч акуратна замацаваў інструмент для апрацоўкі глебы –  розных, так бы мовіць, яго мадыфікацый. Некаторы ўдасканаліў, каб зручней было выкарыстоўваць. Напрыклад, каб не згінацца за рыдлёўкай, забіў  штыр у чаранок. Цяпер, узмахнуўшы рукою, рыдлёўку можна проста паставіць побач.

– На газавай гарэлцы награваю метал і згінаю яго так, як лічу патрэбным, – тлумачыць Каліноўскі. – Літаральна ўсё, што бачыце, зрабіў сам. Гэта кожны зможа.

І сапраўды, калі ў чалавека ёсць жаданне, а да таго ж і ўменне, то любая справа абавязкова ўвасабляецца ў жыццё. А ў Вітольда Антонавіча рукі майстра.

Ля веснічак, як толькі купіў дом, Вітольд Антонавіч пасадзіў елку. Яна ўжо вырасла і ўпрыгожвае двор. Размясціліся ля плоту ядловец і туі. У змайстраванай гаспадаром шпакоўні птушкі аблюбавалі жытло.  У гаспадара многа планаў і надзей. І цешаць у яго двары прыгожыя кветкі.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *