Тытул «Аўталэдзі-2014» – у бландынкі, або Шоу з раскруткай

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

29 чэрвеня, акурат у Дзень моладзі, прайшоў першы раённы конкурс вадзіцельскага майстэрства «Аўталэдзі-2014».

Новы конкурс выклікаў непадробную цікавасць у стаўбчан. Аўталэдзі – гэта ж не толькі заманлівы статус, які трэба пацвердзіць, а і не менш дастойнае прадстаўленне чатырохколавага памочніка жанчыны – аўтамабіля. Каб зразумець сэнс, інтрыгу гэтага саюза, і было аб’яўлена шоу. Сярод яго арганізатараў – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы камітэт БРСМ, цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарча, МРЭА ДАІ. Менавіта прадстаўнікі гэтых арганізацый і падраздзяленняў выступілі ў складзе экспертаў – членаў журы конкурсу.

На першы раз знайшлося шэсць смелых стаўбчанак, гатовых пазмагацца за  тытул «АўтаЛэдзі-2014». За адно гэтае жаданне кожная з іх – Ала Баўдзей, Іна Тамашэвіч, Алена Скараходава, Наталля Крамко, Таццяна Дзярнейка, Марына Халецкая – варта захаплення.

Але і захапляцца  сапраўды было чым! Вочы і фотаапараты гледачоў на тэрыторыі рынку па вуліцы Калгаснай, дзе ладзіўся конкурс, адразу нацэліліся на ярка расфарбаваны аўтамабіль «Опель-мерыва» і яго ўсмешлівую гаспадыню Марыну Халецкую. Яна практычна не адыходзіла ад яго, бо разам яны дэманстравалі цэльны і абаяльны вобраз, які называўся «Маша і мядзведзь». Марынін сімпатычны касцюмчык толькі падкрэсліваў арганічнасць казачнага пераўвасаблення данай «аўтапары». Літаральна з усіх бакоў «Опеля» «чыталася» казка на колах і, як трактуе казачны сюжэт, яшчэ і лясная ідылія. Марыне такі «зялёны»покліч асабліва блізкі, бо працуе яна ў доследным лясгасе, адзіным у сваім родзе спецыялістам – мастаком-афарміцелем. Непасрэдна з яе ўдзелам адбываецца прэзентацыя прадпрыемства на прэстыжных форумах і мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню.

Ад казачнасці да рэалій жыцця вярнула другая ўдзельніца конкурсу –  Таццяна Дзярнейка. Хоць насамрэч яна – работнік культуры, але на шоу прыехала ў амплуа медыцынскага работніка. А дакладней – «медбландынкі». Шпацыруючы паміж удзельнікаў з сапраўдным біксом, Таццяна нібыта падкрэслівала: на сваім «Пежо-106″ магу быць»хуткай дапамогай» – такой жа аператыўнай, міласэрнай, надзейнай, неабходнай… А салідная група падтрымкі з боку Таццяніных калег не давала ўсумніцца ў самых амбіцыёзных памкненнях «медбландынкі».

Але вось паклікалі этапы спаборніцтва. Першы і адзіны з усіх – творчая візітка «Я і мая машына» – праходзіў на сцэне. З мікрафона, што па чарзе перадавалі адна адной аўталэдзі, гучалі сапраўдныя оды ў гонар іх любімцаў-аўтамабіляў. Ім яны прысвяцілі песні і вершы, словы прызнання і любові. За што? Вядома, за падораныя пачуцці незалежнасці і самадастатковасці, за дадатковыя магчымасці, якія спаўна кампенсіравалі час, затрачаны калісьці на вучобу ў аўташколе. У кожнай з канкурсантак свой вадзіцельскі стаж і, безумоўна, уласны архіў кур’ёзных выпадкаў за рулём, аднак – самае галоўнае – ніводная з іх не мела дарожна-транспартных здарэнняў, і знаёмства з інспектарам ДАІ адбывалася толькі па банальнай прычыне – пры праверцы дакументаў.     

Прадстаўнік падраздзялення, якое акурат займаецца выдачай вадзіцелю ўсіх неабходных дакументаў, – інжынер МРЭА ДАІ Сяргей Шыркоўскі  і тут, на конкурсе, прадэманстраваў, што МРЭА – арганізацыя, якая патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі, што веды па правілах дарожнага руху не абясцэньваюцца з часам. Выдадзеныя канкурсанткам тэсты па правілах дарожнага руху – самыя што ні на ёсць экзаменацыйныя.

Трэці, практычны, этап конкурсу аказаўся самым відовішчным. Ён уключаў у сябе фігурныя элементы ваджэння, дыяганальную паркоўку і заезд у бокс, экстрэмальны прыпынак.

Журы падвяло агульныя вынікі конкурсу: тытул «Аўталэдзі-2014» заваявала «медбландынка» Таццяна Дзярнейка. Вось вам і карт-бланш, паважаныя бландынкі! Не бойцеся зласліўцаў на дарозе! Лаўры, зразумела, і прыватнай аўташколе «СлаўАўтаЛюкс», у якой Таццяна праходзіла навучанне. Бясспрэчны прыз глядацкіх сімпатый аддадзены «аўтапары» «Маша і мядзведзь» –  Марыне Халецкай. Усе ўдзельніцы атрымалі граматы і падарункі на памяць, а пераможцам былі ўручаны бясплатныя сертыфікаты ад ПУП «Вік-Аўтасэрвіс» і індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Падасецкага на аказанне такіх паслуг аўтасэрвісу як «сход-развал» або камп’ютарная дыягностыка аўтамабіля, шынамантажныя работы.

Ад сябе, аўтааматара з больш чым дзесяцігадовым стажам, скажу, што конкурс «Аўталэдзі» мае добрую перспектыву. Сярод гледачоў было шмат маладых жанчын, якія прыглядаліся, бралі на заўвагу. На настуны год – іх чарга для самасцвярджэння.

У Дзень моладзі стаўбцоўскую моладзь «разагрэў» і канцэрт кавер-групы ВІА «Ё-гурт».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *