Растуць будучыя чэмпіёны

Стаўбцоўская зборная на спаборніцтвах трэцяга адкрытага Кубка па плаванні «Битва спринтеров» на прызы спартыўнага клуба «Белы Мядзведзь»

Пандэмія, выкліканая каранавіруснай інфекцыяй, унесла свае карэктывы ў дзейнасць фізкультурна-аздараўленчых устаноў раёна. Нягледзячы на гэта, спартыўная сфера на Стаўбцоўшчыне працягвае развівацца і радаваць сваімі дасягненнямі.

Цяпер у цэнтры ўвагі – стаўбцоўскія футбалісты. Сёлета каманда ДРБУ-135 стала бронзавым прызёрам Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе. У 2020 годзе каманда была ўладальніцай Кубка і прызёрам чэмпіянату Мінскай вобласці. Выхаванцы ДУ «Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Стаўбцоўскага раёна» занялі трэцяе месца ў абласных спаборніцтвах па лыжных гонках сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства.

ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» працуе з таленавітай і перспектыўнай моладдзю. У 2020 – 2021 годзе ўстанова перадала ў найвышэйшае звяно падрыхтоўкі дзевяць выхаванцаў. Сярод іх – Анастасія Ярмалкевіч (лыжныя гонкі), Вікторыя Шастак (лыжныя гонкі), Дар’я Грыб (лыжныя гонкі), Арцём Ластаўка (футбол), Мацвей Трачэнка (футбол), Аляксандр Смоўж (лыжныя гонкі), Павел Селязневіч (лыжныя гонкі), Аляксандра Язвінская (лыжныя гонкі), Дзмітрый Кухарчык (лыжныя гонкі).

Выхаванцы ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» Аляксандр Казлоў  і Данііл Сянкевіч уваходзяць у рэзервовы састаў нацыянальнай і зборнай каманд Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках.

У 2020 годзе патрабаванні адзінай спартыўнай кваліфікацыі для прысваення спартыўных разрадаў выканаў 141 навучэнец спартыўнай школы.

У мінулым годзе спартсмены-навучэнцы ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна прынялі ўдзел у 21 абласным і раённым спаборніцтвах. У першынстве Мінскай вобласці па футболе сярод ДЮСШ, СДЮШАР і ФК навучэнцы аддзялення ўстановы занялі трэцяе месца.

У 2021 годзе выхаванцы прынялі ўдзел у рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах. У адкрытым першынстве Мінскай вобласці па лыжных гонках навучэнцы школы занялі другое месца. Добрыя вынікі паказалі навучэнцы аддзялення лёгкай атлетыкі ў першынстве Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004 – 2005 гадоў нараджэння.

Ксенія РУБІН