«Спытайцеся ў «Праменя»: ці варта рабіць прышчэпку супраць каранавіруснай інфекцыі

«Ці варта рабіць прышчэпку супраць каранавіруснай інфекцыі, калі я рэдка наведваю грамадскія месцы?» – задаў пытанне Алег Равуцкі з г. Стоўбцы.

Мы папрасілі адказаць на гэтае пытанне ўрача-эпідэміёлага ДУ «Мінскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Вольгу Фясько.

Для дасягнення калектыўнага імунітэту супраць інфекцыі COVID-19 патрабуецца вакцынацыя значнай часткі насельніцтва, што прывядзе да памяншэння агульнай колькасці віруса, здольнага распаўсюджвацца сярод людзей. Адна з мэт у фарміраванні калектыўнага імунітэту заключаецца ў абароне ад гэтага захворвання тых груп насельніцтва, якія не могуць быць вакцынаваны (напрыклад, з-за стану здароўя або алергічных рэакцый на вакцыну).

З 20 студзеня 2021 года ў Мінскай вобласці пачалася прышчэпачная кампанія супраць інфекцыі COVID-19.

На тэрыторыі Мінскай вобласці, як і ў рэспубліцы ў цэлым, выкарыстоўваецца зарэгістраваная вакцына «Гам-Кавід-Вак» (гандлёвая марка «Спадарожнік V»).

Як і для любой іншай вакцыны, для ўвядзення «Гам-Кавід-Вак» існуюць пэўныя супрацьпаказанні: гіперадчувальнасць да кампанента вакцыны, цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе, вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні і інш.

У выпадку перанесенай каранавіруснай інфекцыі прафілактычная прышчэпка супраць COVID-19 можа быць зроблена не раней чым праз 3-6 месяцаў пасля выздараўлення. Прайшоўшы курс вакцынацыі, вы абароніце не толькі сябе, але і сваіх блізкіх.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ