Знізілася падлеткавая злачыннасць, але павялічылася сямейна-бытавая

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта было разгледжана пытанне аб выкананні мерапрыемстваў комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў у раёне за 2020 год і задачах на 2021 год.

Аддзелам унутраных спраў райвыканкама ва ўзаемадзеянні з раённым выканаўчым камітэтам, суб’ектамі прафілактыкі прымаюцца арганізацыйна-практычныя меры па прафілактыцы правапарушэнняў у нашым рэгіёне. Як адзначыў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Уладзімір Кухарчык, згодна з комплексным планам па прафілактыцы правапарушэнняў, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» пры агульнай каардынацыі пракуратуры ўдалося ў 2020 годзе забяспечыць на тэрыторыі раёна выкананне асноўных задач, звязаных з грамадскай бяспекай, прафілактыкай злачынстваў і правапарушэнняў, абаронай жыцця і здароўя грамадзян, маёмаснай і дарожнай бяспекай.

За 2020 год аддзел унутраных спраў райвыканкама адрэагаваў на 698 заяў і паведамленняў аб злачынствах.

На Стаўбцоўшчыне адзначаецца павелічэнне колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.

У сферы эканомікі зарэгістравана 24 злачынствы. Выяўлена 14 злачынстваў супраць інтарэсаў службы, шэсць фактаў растраты, тры злачынствы карупцыйнай накіраванасці.

Па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі ўзбуджана 17 крымінальных спраў, з іх за незаконны абарот наркотыкаў – дзевяць.

Зарэгістравана адно забойства, 10 грабяжоў, два ўгоны, 16 хуліганстваў, дзевяць махлярстваў, два разбоі.

Павялічылася колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (з 39 да 83), крадзяжоў (зарэгістравана 194).

Прымаліся меры па папярэджанні злачыннасці ў сферы сямейна-бытавых адносін. За справаздачны перыяд на тэрыторыі раёна зарэгістравана шэсць злачынстваў.

Падлеткавая злачыннасць у параўнанні з 2019 годам знізілася на 33,3 %. За 2020 год выяўлена 23 правапарушэнні, учыненыя непаўналетнімі або з іх удзелам.

Па лініі ДАІ задакументавана 2038 парушэнняў правілаў дарожнага руху, у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 148 вадзіцеляў. Узбуджана дзевяць крымінальных спраў у адносінах да вадзіцеляў, якія паўторна на працягу года кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Мерапрыемствы, прадугледжаныя комплексным планам, выкананы. Праблемы, якія мелі месца і звязаны з прафілактыкай правапарушэнняў на тэрыторыі раёна ў 2020 годзе, прааналізаваны і ўлічаны пры падрыхтоўцы плана на 2021 год.

Рэалізацыя мерапрыемстваў комплекснага плана садзейнічае павышэнню ўзроўню правапарадку, удасканальванню дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, стабільнасці ў рэгіёне, фарміраванню прававой культуры грамадзян.

Н. ЛЕАНІДАВА