Стаўбцоўскія прызыўнікі: «Мы служым сваёй Беларусі»

Главное Год народного единства Соцыум

image_pdfimage_print

Прызыўнікі Стаўбцоўшчыны неўзабаве папоўняць пагранічныя і іншыя часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Яны, як і іх дзяды, гатовы паслужыць Радзіме, не баяцца армейскіх цяжкасцяў і перакананы, што служыць павінен кожны хлопец

З якімі думкамі прызыўнікі ідуць на службу? Чаго хочуць дасягнуць у сваім  жыцці? Давайце паслухаем.

Юрый Гарохавік:

– Буду служыць там, дзе і хацеў, – у вайсковай часці 5448, якая адносіцца да МУС Рэспублікі Беларусь. У гэтай часці служылі мой сусед, іншыя сябры і знаёмыя. Да майго выбару добра паставіліся бацькі. Яны жывуць у Дзераўной. Думаю, што год службы пройдзе непрыкметна. Дзяўчына будзе пісаць мне пісьмы… Спатрэбяцца, напэўна, мае спартыўныя навыкі. Перакананы, што служыць павінен кожны хлопец.

Максім Фенька:

– Мой брат служыў у арміі, і я хачу прайсці армейскую школу. Мы з ім гутарылі на гэтую тэму, і я зразумеў, што не трэба баяцца. Сярод тых, каго прызываюць, ёсць мае аднакласнікі і аднагрупнікі па Дзяржынскім ліцэі. З некаторымі разам будзем служыць у Пінскім пагранічным атрадзе. У мяне ўжо ёсць прафесія муляра-тынкоўшчыка трэцяга разраду. У будучым бачу сябе прафесіяналам.

Уладзіслаў Камейша:

– ААТ «Каганец», дзе я працую па мэтавым накіраванні, пахадайнічала, каб  мая служба праходзіла ў рэзерве. Мне такі варыянт падыходзіць. Гаспадарка нядрэнная, я назначаны на адказную пасаду інжынера па ахове працы. Працую год. Набіраюся вопыту. Праўда, на заняткі спортам у мяне цяпер вельмі мала часу. Хачу вучыцца, таму атрымліваю яшчэ адну вышэйшую адукацыю – у Акадэміі кіравання. Сваім равеснікам жадаю развівацца і знайсці прызванне, а ветэранам вайны, якія некалі служылі і адстаялі для нас мір, – моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця.

Юрый Трафімаў:

– Так атрымалася, што мы з Максімам Фенькам разам вучыліся ў Дзяржынскім ліцэі, цяпер працуем у ПМК-233. Праўда, у розных брыгадах. І служыць будзем у розных войсках і гарадах. Ён – у пагранічным атрадзе ў Пінску, я – у Паветрана-дэсантнай дывізіі ў Віцебску. Мне заўсёды хацелася быць дэсантнікам, і мара збылася. Думаю, нікога не падвяду, у першую чаргу – сябе. Калі займаўся ў Коласаўскай школе, бегаў на лыжах, трэніраваўся. У мяне быў добры трэнер. У будучым хачу служыць у міліцыі. Трэба шмат працаваць, каб атрымалася тое, што задумана. Жадаю ўсім прызыўнікам удачы ў службе. У нас усё цікавае – наперадзе.

Кірыл Абраменка:

– Мне хацелася служыць у Паветрана-дэсантных войсках або спецназе, але выйшла так, што буду несці службу ў пагранвойсках. Таксама нядрэнна. Я закончыў ліцэй, атрымаў прафесію будаўніка. Працую са знаёмымі ў прыватнікаў з 17 гадоў. Маме дапамагаў грашыма. Навучыўся малярыць, тынкаваць, дахі перакрываць. Прарабам хачу стаць. Пасля арміі пайду вучыцца. Планую пабудаваць уласны дом. Прызыўнікам жадаю ўдачы ў службе.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *