На чыёй траве парадак. Рэдакцыя адправілася ў рэйд па Стоўбцах

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

«Косім і косім!» – так кажуць суб’екты гаспадарання, спасылаючыся на сёлетнія ўмовы надвор’я. Але ў некаторых разам з «не паспяваем» ёсць і жаданне «адкасіць», праігнараваць тое, што расце за плотам

Навакольная тэрыторыя падобна на акуратна выстрыжаны газон – гэтак можна сказаць пра такія стаўбцоўскія прадпрыемствы, як мясакансервавы камбінат, лясгас, філіял маторнага завода, Стоўбцыгаз.

Поруч з імі варта паставіць шэраг прадпрыемстваў-суседзяў з вуліцы Якуба Коласа ў Стоўбцах. Дзякуючы ім вуліца заўсёды выглядае належным чынам. Дарэчы, і падчас нашага рэйду акурат працаваў з бензакасой работнік аднаго з гэтых прадпрыемстваў, ПМК-233.

Чарговы раз пераконваемся, што немагчыма прыдрацца да выратавальнікаў-пажарных, медыкаў. У іх тэрыторыі хоць і вялікія, але скошаны нібыта пад лінейку, аздоблены клумбамі і зялёнымі насаджэннямі.

Загадчыца аддзела гігіены Таццяна Ценішава абмяркоўвае пытанні абкошвання тэрыторыі з начальнікам аддзела паставак ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Аляксандрам Сачуком

Не ўсе ацэнкі роўныя

З боку санітарнай службы нагляднымі мерапрыемствамі быў ахоплены за апошні тыдзень 81 суб’ект гаспадарання раёна. На 47 аб’ектах выяўлены парушэнні ва ўтрыманні тэрыторый і пляцовак для збору цвёрдых бытавых адходаў. Акрамя таго, спецыялістамі праведзена ацэнка 124 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку вытворчых, дваровых тэрыторый і тэрыторый гаражных  і дачных кааператываў, будаўнічай пляцоўкі і аўтазаправачнай станцыі, могілак.

– Было выдадзена 46 рэкамендацый, а таксама прадпісанне адносна ўхілення парушэнняў. Тэрміны іх выканання знаходзяцца на кантролі, – зазначае загадчыца аддзела гігіены Таццяна Ценішава.

Накіраваны хадайніцтвы аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніцтва ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», РУП «Стаўбцоўскае АКС» і ЗАТ «Аграмашзапчастка».

Трава скрозь пясок і шпалы

Выпраўляючыся ў рэйд па горадзе, мы хочам убачыць сітуацыю з навядзеннем парадку ў дынаміцы. Нам ёсць з чым параўноўваць, і гэта – галоўнае.

Відавочна, што большасць суб’ектаў гаспадарання сочыць за станам як сваёй унутранай, так і прылеглай тэрыторыі і з імі няма неабходнасці весці «перамовы» на тэму добраўпарадкавання. А цяпер паўсюдна на першым плане – своечасовая касьба.

Выправілі свае недахопы на вуліцы Магістральнай ДЭУ № 62, прадпрыемства «КампазітГруп», гаражны кааператыў «Авангард Стоўбцы», але гэтага не скажаш пра гаражны кааператыў «Васеліс», а таксама пра прыватную паркоўку на вуліцы Машынабудаўнікоў, якія так і стаяць у бур’яне з усіх бакоў.

У зарасніках аказалася і інфраструктура пляжа на гарадскім возеры. Балазе работнікі санітарнай службы правялі нядаўна акарыцыдную апрацоўку тэрыторыі, а так у высокай траве, што акружае раздзявалку, лавачкі, адпачывальнік можа папросту «злавіць» кляшча.

На ўчастку вуліцы Падлеснай, куды выходзіць чыгуначная ветка, трава ўжо пайшла ў стрэлкі, каласіцца. Гэтымі пуцямі карыстаюцца дарожнікі ДРБУ № 135 для разгрузкі шчэбню і іншых матэрыялаў. Аналагічныя прэтэнзіі выказаны і прадпрыемству «АграГазМантаж».

На момант рэйду толькі часткова была абкошана тэрыторыя прыватнага прадпрыемства «Фрэор Рэфрыгерайшн». Прадпрыемству «Аграмашзапчастка» раней было рэкамендавана навесці парадак на паркоўцы. На ёй сапраўды бачны станоўчыя змены, але побач, на паркоўцы для транспарту сваіх работнікаў, траву «не заўважылі». Для гэтага патрэбна асобнае ўказанне?..

У траве аказалася дзіцячая пляцоўка побач з новым шматпавярховым домам па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах

Чакаюць касцоў паркі

Паколькі трава расце хутка, то і сітуацыя мяняецца непрыкметна. Варта трымаць яе пад пастаянным кантролем.

Гэта ў першую  чаргу датычыць прадпрыемства «Сула Плюс», метэастанцыі і, зразумела, усіх жыхароў Стоўбцаў і населеных пунктаў раёна.

На момант рэйду не было абкошана каля дамоў №№ 2, 3, 9, 11, 16, 18 па вуліцы Міру ў Стоўбцах. Ля дамоў №№ 117 і 119 па вуліцы Сацыялістычнай скошана міні-трактарам, таму ўздоўж сеткавай агароджы застаўся няскошаным шнурок. Не абкошана і тэрыторыя за гандлёвым павільёнам «Пятруха» па вуліцы Дзяржынскага, хоць іншыя прыватныя магазінчыкі побач з ім маюць зусім іншы выгляд.

Гарадскія могілкі па вуліцы Івянецкай чакаюць касцоў-камунальнікаў. Чарговага абкошвання патрабуюць абодва паркі – на плошчы Леніна і Дружбы народаў, плошча Бессмяротнасці. Гэта цэнтр Стоўбцаў,  дзе парадак павінен быць ва ўсім і заўсёды. Такая пазіцыя адназначная і прынцыповая.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *