У сельгаспрадпрыемствах раёна прыступілі да першага ўкосу траў

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ў ААТ «Шашкі» стартавала касавіца. Працаўнікі прыступілі да першага ўкосу траў, справіцца з якім трэба ў самыя сціслыя тэрміны.

На дзень наведвання гаспадаркі кормаўборачны атрад шчыраваў на травяных палетках за Найдзёнавічамі. Курыраваў ход работ в. а. галоўнага агранома Міхаіл Сурко. Міхаіл Міхайлавіч – вопытны спецыяліст, які не адно дзесяцігоддзе аддаў працы ў раслінаводстве. Ужо даўно на пенсіі, але яго веды аказаліся сёлета запатрабаванымі. Справа ў тым, што агранамічная служба гаспадаркі засталася без кіраўніка і малады дырэктар папрасіў дапамогі ў старэйшыны-агранома, які выдатна спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі.

Задаволены ўраджаем траў (злева направа) механізатар Яўгеній Калей, вадзіцелі Аляксей Русецкі і Віктар Лысы, камбайнер Алег Салаўёў і в. а. галоўнага агранома Міхаіл Сурко

– З-за халоднага і дажджлівага надвор’я прыступілі да ўборкі траў некалькі пазней, – расказвае Міхаіл Сурко. – Але разлічваем справіцца з першым укосам своечасова, бо ўсе сілы і сродкі сканцэнтравалі на гэтай, без перабольшвання, вельмі важнай рабоце.

На кормаўборачным камбайне шчыраваў Алег Салаўёў. Варта адзначыць, што два яго сыны і зяць таксама механізатары: яны заняты на адвозцы зялёнай масы і апрацоўцы раслін. Сям’я прыехала ў гаспадарку з Казахстана, атрымалі жыллё і вось ужо сем гадоў тут жывуць і працуюць.

На трамбоўцы зялёнай масы шчыруе трактарыст Іван Рэўкоўскі (справа), у пары з ім працуе Станіслаў Юнцэвіч з ААТ «Радзіма Дзяржынскага»

Адна за адной машыны і трактары бралі кірунак на МТФ «Шашкі», дзе закладвалася першая сянажная траншэя. На трамбоўцы былі задзейнічаны два пагрузчыкі. Запоўнілі траншэю правяленай травой і шчыльна прыкаталі, як таго і патрабуе тэхналогія, за тры дні. Прымянілі кансервант. Надзейна накрылі корм поліэтыленавай плёнкай і паклалі зверху груз – мяшкі з пяском.

Вынікі спаборніцтва падводзіць старшыня прафкама Ядвіга Радзіон

Дырэктар таварыства Павел Кучынскі падкрэслівае, што травы выраслі неблагія. Летась былі засеяны травасумесямі і перазалужаны вялікія плошчы. Папярэдне правялі іх падкормку азотнымі і калійнымі ўгнаеннямі. І сёлета работа ў даным напрамку не спыняецца. Скошаныя ўчасткі абавязкова будуць падкормлены для таго, каб атрымаць паўнацэнны другі ўкос, а за ім – і трэці.

Сярод  занятых на нарыхтоўцы кармоў нямала маладых механізатараў і вадзіцеляў. Узаемадапамогу тэхнікай і кадрамі аказваюць суседнія гаспадаркі.

Малады механізатар Сяргей Бельскі заняты на адвозцы зялёнай массы

Першыя дні касавіцы ўжо паказваюць, што кіраўніцтва, спецыялісты і радавыя працаўнікі таварыства з поўнай адказнасцю аднесліся да правядзення гэтай вельмі важнай кампаніі. Грунтоўна падрыхтаваліся да зялёнага жніва і гатовы з гонарам вытрымаць самы адказны і важны экзамен – закласці на зімоўку жывёлы дастаковую колькасць кармоў.

У гонар перадавікоў касавіцы на машынным двары гаспадаркі ўзнімаецца сцяг працоўнай славы. На дзень наведвання на шыльду было змешчана прозвішча аднаго з лепшых механізатараў таварыства – Генадзія Юнцэвіча, які заняты на касьбе траў.

Завяршаецца закладка сянажнай траншэі на МТФ «Шашкі»

Гэтымі днямі на жывёлагадоўчых фермах таварыства ў сярэднім ад кожнай каровы атрымліваюць на 3,5 кілаграмы малака больш, чым за адпаведны перыяд летась. Амаль на трэць павялічыўся валавы надой.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *