Добраўпарадкаванне і бераг Нёмана

У рэдакцыю звярнуўся жыхар вуліцы Першамайскай у Стоўбцах, які ўзняў экалагічнае пытанне.

На вуліцы Наднёманскай пасля дажджу размыла берагавую лінію, і ў выніку рака аказалася забруджанай будаўнічымі і іншымі адходамі. Мы выехалі на месца і ўбачылі, што ад дажджавых патокаў у многіх месцах утварыліся глыбокія прамыіны, і па іх у старое рэчышча ракі трапілі блокі, каменне, з дапамогай якіх раней быў умацаваны бераг.

Каментарыі наконт гэтай сітуацыі мы папрасілі даць намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Цываку і начальніка раённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Аляксандра Сароку.

Як нам патлумачылі, па ініцыятыве людзей, якія пражываюць па вуліцы Наднёманскай, з мінулага года праводзіцца добраўпарадкаванне берагавой лініі. Былі спілены аварыйныя дрэвы і зроблена адсыпка з далейшым ушчыльненнем грунту. Работы праводзіліся ў тым ліку і падчас суботніка.

На гэтым месцы згодна з генеральным планам развіцця Стоўбцаў, зацверджаным у 2014 годзе, прадугледжана зялёная зона. Плануецца ўладкаваць уздоўж берага Нёмана пешаходную дарожку.

Будзем сачыць за развіццём сітуацыі, тым больш што жыхары вуліцы Наднёманскай стварылі ініцыятыўную групу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара