Месца для песняра ў гарадской прасторы

Главное Моя Столбцовщина Соцыум

image_pdfimage_print

У Стоўбцы ў дзень заснавання горада наведалася аўтарская група скульптараў і прывезла з сабой макет будучага помніка Якубу Коласу

Рэдакцыя газеты пагутарыла з яе членамі – скульптарамі Іванам Міско, Сяргеем Логвінам і Уладзімірам Піпіным.

– Іван Якімавіч, з якой задачай вы чарговы раз прыехалі на Стаўбцоўшчыну? – цікавімся ў народнага мастака Беларусі Івана Міско.

Кіраўнік аўтарскага калектыву скульптараў – народны мастак Беларусі Іван Міско

– Самае галоўнае – вызначыцца з маштабам і памерамі помніка. І якім будзе вышыня п’едэстала для яго. Гэта мае вялікае значэнне. Неабходна зафіксаваць усе нюансы, дробязі, таму, самі бачыце, працуем з фотаапаратам.

А ўвогуле, Стаўбцоўшчына – радзіма Якуба Коласа, і помнік яму будзе ўстаноўлены тут, дзе ён быў маладым і пісаў паэму «Новая зямля». Мы хочам наблізіць скульптурную кампазіцыю да землякоў, каб яны адчувалі, што Якуб Колас тут, з імі.

– Што на даным этапе самае важнае для вашага аўтарскага калектыву?

– Неабходны сродкі для стварэння помніка. Мы яшчэ дакладна не ведаем, у якую суму гэта выльецца, таму што выраслі цэны на матэрыялы, асабліва на бронзу.

– Помнік будзе знаходзіцца ў прыгожым месцы, сярод вербаў на вуліцы Цэнтральнай.

– Пры выбары месца для помніка песняру разглядаліся розныя варыянты, але гэты, на мой погляд, – найлепшы. Помнік тут будзе сярод зеляніны. Будзем рабіць планіроўку – магчыма, штосьці прыйдзецца зрэзаць ці, наадварот, дасадзіць, – але да помніка павінен быць зручны падыход. Павінны быць лавачкі, каб можна было пасядзець. Сюды будуць прыходзіць жыхары і госці горада, прыязджаць паэты і пісьменнікі.

Так будзе выглядаць помнік Якубу Коласу ў Стоўбцах, а пакуль – на макеце

– Якуб Колас таксама прысеў у сваім вобразе, лунае ў думках…

– Давайце падыдзем бліжэй да макета. Бачыце, Якуб Колас сядзіць на калоссі. Гэта і мудрасць яго, і творчая арбіта, і спадчына. Гэта яго жыццёвы шлях. А васількі – яго рукапіс, які разлятаецца па ўсім свеце.

– Работа з макетам – гэта ўжо апошні этап у стварэнні помніка?

– Так. Вызначаемся з памерам і прыступаем да яго вырабу ў натуральную велічыню. Праца нялёгкая. І часу няшмат – ужо ў наступным годзе неабходна ўстанавіць помнік.

Калі мы вылепім скульптуру, яе будзе прымаць экспертна-манументальны савет Міністэрства культуры. Пры станоўчай ацэнцы неабходна будзе зняць гіпсавыя формы, а затым ажыццявіць на камбінаце адліўку і зборку кампазіцыі.  Працэс працаёмісты. Архітэктар Уладзімір Архангельскі будзе планаваць, як зрабіць пастамент пад бронзавую скульптуру.

– Творчая праца поўная сумненняў?

– Эскіз зрабіць нескладана, а вось калі выходзіш у памер, працуеш з глінай, каркасам, заўсёды  ўзнікаюць сумненні. Таму патрэбны час, каб работа «адстаялася» і была магчымасць убачыць яе свежым поглядам.

Сяргей Логвін:

– Адразу была ідэя, што Якуб Колас сядзіць на камені, а не на вясёлцы-дузе з каласамі і галінкамі. Потым вырашылі так. На калоссі будуць выбіты неўміручыя словы песняра  «Мой родны кут, як ты мне мілы…» разам з яго факсімільным роспісам.

Уладзімір Піпін:

– Калі мы працавалі над скульптурным вобразам Якуба Коласа, то сустракаліся з яго сынам. Наш эскіз ён адобрыў. Пакуль Міхась Канстанцінавіч быў жывы, мы паспелі зняць яго руку,  паставу. У  яго з бацькам нямала агульнага. Гэтыя сустрэчы, бадай, самае неверагоднае падчас працы над помнікам.

А так мы збіралі матэрыял, не раз выязджалі на Стаўбцоўшчыну, вывучалі мясцовасць, каб у будучым помнік не ўспрымаўся як нешта чужароднае ні людзьмі, ні прыродай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *