Ала Рэкець больш за паўстагоддзя адпрацавала ў райбальніцы

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

На днях у Стаўбцоўскай ЦРБ правялі на заслужаны адпачынак медыцынскую сястру Алу Рэкець, якая аддала гэтай прафесіі 51 год.

Галоўная медсястра бальніцы Святлана Высоцкая ўручыла ёй грамату за шматгадовую добрасумленную працу, ад імя прафсаюзнага камітэта – каштоўныя падарункі.

Ала Уладзіміраўна нарадзілася ў вёсцы Заямнае. Вучылася ў мясцовай школе, затым – у сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы. Паступіла ў Астравецкае медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць медсястры. Практыку праходзіла ў хірургічным аддзяленні стаўбцоўскай бальніцы. Тут яна вельмі хацела застацца, яе рыхтавалі як медыцынскую сястру хірургічнага аддзялення. Пасля заканчэння вучылішча Ала Рэкець атрымала свабодны дыплом. На жаль, на той час у райбальніцы вакансій не было, таму некаторы час працавала ў дзіцячым аддзяленні Смалявіцкай ЦРБ.

Калі ж з’явілася магчымасць, Ала Уладзіміраўна прыехала ў Стоўбцы. Тут яна працавала ў розных аддзяленнях: хірургічным, дзіцячым, інфекцыйным. Апошняму з іх аддала 22 гады, аднак па стане здароўя яна была пераведзена для ажыццяўлення агляду вадзіцеляў і допуску іх да рэйса ў аўтамабільны парк № 17 у Стоўбцах. Пэўны час рабіла перавязкі, уколы. Нават і цяпер, калі ў жанчыны просяць медыцынскай дапамогі, яна не адмаўляе.

Ала Уладзіміраўна карысталася аўтарытэтам і павагай у калег па інфекцыйным аддзяленні. Яна выдатна разумела значнасць сваёй працы і атрымлівала задавальненне ад дасягнутых поспехаў. Як лічаць яе калегі, гэта вялікі гонар доўгі час працаваць у адной установе.

Цяпер жанчына займаецца вырошчваннем кветак. У госці да яе і мужа прыязджаюць дачка з унучкай, якія дораць ім свае цеплыню і клопат.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *