У лагеры «Нёман» шчыруе студатрад

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Маладымі людзьмі Стаўбцоўшчыны падтрымліваецца традыцыя студатрадаўскага руху.

Моладзь нашага раёна вырашыла летам не толькі адпачыць, але і папрацаваць, завесці новыя знаёмствы і, зразумела, падзарабіць.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Шашкоўская СШ» Таццяна Копач прыязджае на працу ў аздараўленчы лагер «Нёман» ужо пятае лета.

– У нашым студатрадзе пяць чалавек. Я старшы выхавальнік, работа мне вельмі падабаецца. За ўвесь навучальны год не адбываецца столькі падзей, колькі за 18 дзён лагернай змены. Дзеці зараджаюць мяне энергіяй, цікаўлюся, чым яны жывуць, адкрываю нешта новае для сябе, – дзеліцца Таццяна Копач і дадае, што кожная ўзроставая група мае свае асаблівасці: – Малодшым дзеткам падабаюцца актыўныя гульні, таму трэба пастаянна быць у тонусе, са старэйшымі прасцей падрыхтавацца да мерапрыемстваў, таму што многае яны могуць выканаць самастойна.

Пра работу студэнцкіх атрадаў пацікавіліся ў першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Яўгеніі Кажабекавай.

– За ўвесь летні перыяд плануецца працаўладкаваць 100 чалавек на сем прадпрыемстваў горада і раёна, – адзначае Яўгенія Уладзіміраўна. – Такая ж  колькасць студатрадаўцаў была і ў мінулым годзе. Большасць з іх – школьнікі. Сярэдні заробак складае ад 200 да 300 рублёў, працягласць змены – каля 15 дзён.

Для працы ў студатрадзе неабходна быць членам БРСМ і звярнуцца ў арганізацыю. Пры гэтым Яўгенія Кажабекава падкрэслівае, што ў гэтым годзе жадаючых папрацаваць летам набралася больш, чым рабочых месцаў. Таму ўсіх, хто хоча далучыцца да студатрадаўскага руху, арганізацыя БРСМ чакае ў наступным годзе.

Анастасія НОВІК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *