Дырэктар новай школы: «Да сучаснай базы – і крэатыўныя педагогі»

Адукацыя Главное

image_pdfimage_print

ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Стоўбцы» ўжо пройдзена дзяржаўная рэгістрацыя

З 1 ліпеня назначана і дырэктар новай установы адукацыі – Ірына Клачко, педагог з 25-гадовым стажам, якая апошнія шэсць гадоў узначальвала Вішнявецкую сярэднюю школу. 

Ірына Клачко прайшла шлях ад настаўніцы пачатковых класаў да кіраўніка сучаснай установы адукацыі

Дарэчы, Ірыну Яўгеньеўну можна штодзень сустрэць на будаўнічай пляцоўцы. Яна асабіста сочыць за тэмпамі і якасцю работ, а таксама разам з прадстаўнікамі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, падраднай арганізацыі ў складзе камісіі займаецца прыёмкай вучэбных кабінетаў.

Вучэбныя кабінеты – пад ключ

– Якое ваша меркаванне наконт гатоўнасці аб’екта да новага навучальнага года? – цікавімся ў Ірыны Клачко.

– Работа зроблена вялікая. У вучэбных кабінетах засталіся, па сутнасці, апошнія штрыхі. Усё гатова для расстаноўкі мэблі і здачы іх пад ключ. На падлозе ўкладзена пакрыццё «Таркет», у калідорах – плітка, на сценах – дэкаратыўная тынкоўка.

На даны момант актыўнымі тэмпамі ідуць аддзелачныя работы ў актавай зале, памяшканні сталовай, спартыўна-гульнявых і трэнажорных залах, басейне. Інтэнсіўна працуюць будаўнікі і на добраўпарадкаванні тэрыторыі. На футбольным полі ўжо ўкладзена гумавае пакрыццё, падрыхтаваны да ўстаноўкі вулічны спартыўны комплекс. Вядзецца работа на баскетбольнай і валейбольнай пляцоўках…

– Шмат заўваг да будаўнікоў?

– Усе заўвагі аператыўна ўхіляюцца. Згодна з заяўкамі падвозяць вучэбнае абсталяванне. Будоўля сапраўды маштабная, таму ў першую чаргу звяртаю ўвагу на тое, каб потым дзецям было зручна займацца.

– Колькі вучэбных кабінетаў будзе ў новай школе?

– Плануецца не менш за тры дзясяткі. Акрамя таго, будуць спецыялізаваныя кабінеты – фізікі, хіміі, лінгафонны, кулінарыі і шыцця (для дзяўчынак), па апрацоўцы металу і драўніны (для хлопчыкаў).

У новую школу – цэлым класам

– Не сакрэт, што большасць вучняў чацвёртай школы – гэта вучні СШ № 3, якая нарэшце разгрузіцца. Шмат жадаючых навучацца ў новай школе?

– Заканчваем камплектаванне вучэбных класаў і будзем працаваць з педагогамі адносна класнага кіраўніцтва, а таксама з бацькоўскай грамадскасцю.

Скажу, што ў красавіку на базе СШ № 3 праходзіў бацькоўскі сход, і некаторыя класы захацелі перайсці ў новую школу ў поўным складзе разам са сваімі  класнымі кіраўнікамі. Стандартная напаўняльнасць класа – 24 вучні, але ў працэсе камплектавання ўзнікаюць розныя нюансы. Галоўнае для мяне – жаданне дзяцей і бацькоў, індывідуальны падыход да кожнай сітуацыі.

Першыя класы (іх у нас чатыры), у адрозненне ад іншых, сфарміраваны выключна паводле прынцыпу рэгістрацыі ў мікрараёне, які замацаваны за школай. Для першакласнікаў прадугледжаны памяшканні для вучобы і спальныя.

– Хто дапамагае вам у гэтай клопатнай справе?   

– Вялікую дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, выбары сродкаў навучання і г. д. аказваюць упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, заказчык аб’екта – ДП «УКБ Стаўбцоўскага раёна».

Першачарговая задача – стварыць каманду

– На вас як на дырэктары – вялікая адказнасць. У новую школу ўкладзены значныя дзяржаўныя сродкі, таму і аддача павінна быць адпаведная.

– Усведамляю адказнасць, якая на мяне ўскладзена. Мой дэвіз такі: калі працаваць, то з вынікам. Імкнуся стварыць каманду. Ключавыя фігуры ў адміністрацыі школы, якія зарэкамендавалі сябе на папярэдніх месцах працы, ужо ёсць.

Сапраўды, новая школа прапануе суперумовы для развіцця дзяцей. Будуць працаваць рэсурсныя цэнтры, STEM-клас, цэнтр бяспекі. Дапоўняць іх сучасныя сродкі навучання. Нельга не сказаць пра сур’ёзную спартыўную базу. Але многае залежыць і ад педагогаў – іх кваліфікацыі, крэатыўнасці.

Педкалектыў падабраны з ліку вопытных настаўнікаў, у асноўным з СШ № 3. Выказалі жаданне працаваць у новай школе і некаторыя педагогі школ раёна. Прыйдуць тры маладыя спецыялісты.

Наш арыенцір – высокая якасць ведаў, выхаванне дастойных грамадзян Беларусі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *