«Паступаюць і спецыфічныя пытанні». Прыём грамадзян у Стоўбцах правёў галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Мінскай вобласці

Афіцыйна Ахова правапарадку Главное

image_pdfimage_print

У Стоўбцах правёў прамую тэлефонную лінію, а таксама прыём грамадзян і юрыдычных асоб намеснік начальніка ўпраўлення – галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Мінскай вобласці Уладзімір Семянко-Баярынцаў.

Галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Мінскай вобласці Уладзімір Семянко-Баярынцаў

Пазнаёміўся Уладзімір Мікалаевіч і з работай Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.

Карыстаючыся выпадкам, рэдакцыя газеты пацікавілася ва Уладзіміра Семянко-Баярынцава вынікамі працы на Стаўбцоўшчыне.

– Стаўбцоўскім міжраённым аддзелам вырашана адна з галоўных задач, якія пастаўлены перад падраздзяленнямі Мінскай вобласці, – камплектаванне вакантных ставак, – падкрэсліў Уладзімір Мікалаевіч. – Гэта важна ў першую чаргу таму, што за кошт зніжэння нагрузкі ў судова-медыцынскіх экспертаў ёсць магчымасць для павышэння якасці даследаванняў, кантрольна-метадычнай работы і захавання тэрмінаў правядзення экспертыз, што немалаважна для следчых органаў.

Калі на тэрыторыі вобласці мы плануем вырашыць кадравую праблему ў 2022 годзе, то ў вас яна ўжо вырашана на 100 працэнтаў. Летась у стаўбцоўскае падраздзяленне прыйшлі два маладыя спецыялісты. Больш таго, гэта сям’я, і ёй райвыканкамам па хадайніцтве начальніка падраздзялення Мікалая Белавусава выдзелена арэнднае жыллё.

– Наша газета не раз пісала пра судовых і судова-медыцынскіх экспертаў, якія працуюць у Стаўбцоўскім міжраённым аддзеле. Сярод іх ёсць і вопытныя спецыялісты, і маладыя…

– Якасць судова-медыцынскіх экспертыз у стаўбцоўскім падраздзяленні – на добрым узроўні. Узначальвае гэты напрамак дзейнасці вопытны спецыяліст Яўген Трэйсцер. У аддзеле на працягу многіх гадоў не рэгіструецца выпадкаў паўторных экспертыз, якія б змянілі першапачатковыя высновы.

– З якімі пытаннямі часцей за ўсё ідуць да вас на прыём?

– Па пытаннях экспертызы. Вы разумееце, што экспертыза – гэта заўсёды два бакі, пацярпелы і абвінавачваны, ці двое грамадзян, у якіх свой погляд на канфліктную сітуацыю, – сутыкненне інтарэсаў, хоць у экспертызе дакладна акрэслены аргументы, дзякуючы якім судова-медыцынскі эксперт прыйшоў да той ці іншай высновы.

Нярэдка бываюць тыя, хто незадаволены вынікамі экспертызы, таму яны выкарыстоўваюць сваё працэсуальнае права, хадайнічаюць перад следчым аб назначэнні дадатковых, камісійных экспертыз і, карыстаючыся магчымасцю прыёму грамадзян, напрамую звяртаюцца да галоўнага судова-медыцынскага эксперта па Мінскай вобласці.

Выслухваем людзей, унікаем у сітуацыі, тлумачым іх правы… Гэта важная частка работы з грамадзянамі. Паступаюць і неспецыфічныя пытанні – адносна таваразнаўчай, камп’ютарнай экспертызы, або тыя, якія звязаны з такім сучасным напрамкам, як дзейнасць камп’ютарных махляроў. Падобныя звароты накіроўваем па адрасе.

– Што плануецца  ў судова-экспертнай дзейнасці Мінскай вобласці ў найбліжэйшай перспектыве?

– Час адпячаткаў паступова адыходзіць, і на змену ім прыходзяць генетычныя даследаванні, якія даюць амаль 100-працэнтную доказную базу. Прыкладзена нямала намаганняў, і, думаю, яны ўвянчаюцца адкрыццём у Мінскай вобласці ў 2021–2022  гадах новага ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару.

Такім чынам, у праваахоўных органаў Мінскай вобласці з’явіцца магчымасць назначэння новых сучасных відаў судовых экспертыз для атрымання доказаў злачынства, а ў жыхароў Мінскай вобласці – магчымасць вырашэння такога пытання, як, да прыкладу, устанаўленне бацькоўства.

На даны момант супрацоўнікі нашага ўпраўлення, а таксама Цэнтральнага апарату, судова-медыцынскія эксперты і судовыя крыміналісты працуюць над судовымі экспертызамі, назначанымі для ўстанаўлення фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя таго, у найбліжэйшы час плануем адкрыццё яшчэ аднаго гісталагічнага падраздзялення і медыка-крыміналістычнага. Імкнёмся да таго, каб судовая экспертыза Мінскай вобласці была максімальна аўтаномнай, высокатэхналагічнай, здольнай ажыццяўляць поўны спектр экспертыз.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *