Рэпартаж з пчальніка: эліксір здароўя і даўгалецця

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

На пчальніку ААТ «Вішнявецкі-агра» сёлета адпампавана 514 кілаграмаў мёду. У сярэднім ад кожнай  пчоласям’і  атрымана больш за 12 кілаграмаў карыснай салодкай прадукцыі.

– Першая ношка сёлета даволі добрая, хоць і выйшлі пчолы з зімоўкі аслабленымі, – гаворыць пчаляр Іван Клімко, з якім сустрэліся на пчальніку падчас правядзення работ па адпампоўванні мёду. – Пакажу вам супервулей, які прынёс нам 30 кілаграмаў мёду. Увесь верхні корпус быў поўнасцю ім заліты. І гэта не мяжа. Такая сям’я можа аддзячыць і 50 кілаграмамі.

Пчаляр Іван Клімко задаволены крылатымі працаўніцамі – першая ношка даволі важкая

Іван Іванавіч прапанаваў на ўсякі выпадак апрануць спецыяльнае адзенне пчалавода, і толькі пасля гэтага мы падышлі да вулля.

– Не хвалюйцеся, пчолы не будуць вас чапаць, – перахапіў ён мой погляд. – Падыходзьце бліжэй. Яны пастаянна заняты работай і не звяртаюць на нас ніякай увагі. Галоўнае – паводзіць сябе спакойна.

Пчаляр распаліў дымар, зняў з «хаткі» крышку, акурыў пчол, каб яны не «злавалі», і выняў рамку з сотамі.

– Вось паглядзіце, колькі на ёй мёду – кілаграмы тры з паловай будзе. Частку мы абавязкова пакідаем крылатым працаўніцам, каб яны маглі сілкавацца ім і размножвацца. І, зразумела, вырабляць прадукцыю і далей, – працягвае размову Іван Клімко.

І дадае, што ў вясенне-летні перыяд пчолы збіралі нектар пераважна з кветак рапсу, а таксама лясных малін, белай акацыі, фацэліі. Такі мёд карысны для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. З другой ношкі мёд будзе грэцкі. Ён утрымлівае шмат жалеза, мае своеасаблівы пах і на смак лепшы.

Ганна Пранукевіч разлівае мёд у пластмасавыя ёмістасці

Эфектыўнасць работы пчальніка ў многім залежыць ад вопытнасці пчаляра. Іван Клімко добра ведае ўсе нюансы і правілы, як трэба праводзіць  адпампоўванне мёду. Цікава было паглядзець, як гэта робіцца на самой справе.

Пчаляр дастаў з вулляў рамкі з мёдам і расклаў па скрынях. Задзел для плённай працы створаны. Адпампоўвалі мёд жанчыны ў спецыяльна прыстасаваным дзеля гэтых мэт невялікім памяшканні былога сельскага клуба.   Святлана Радчанка, якая працуе ў таварыстве інспектарам аддзела кадраў, вяла абрэзку запячатаных рамак. Работа адказная, і трэба акуратна яе рабіць. Святлану Міхайлаўну ўжо не першы год у сезон збору мёду «камандзіруюць» для выканання гэтай аперацыі. Пастаянны работнік пчальніка Аксана Княжэвіч закладвала рамкі ў медагонку. Праз некаторы час з адтуліны ў ніжняй яе частцы пачаў выцякаць густы, а значыць, якасны, духмяны мёд. Даведзеную да ладу, працэджаную салодкую прадукцыю бухгалтар Ганна Пранукевіч разлівала ў спецыяльныя пластмасавыя ёмістасці.

– Мёд трэба правільна захоўваць і герметычна закрываць, – падкрэслівае пчаляр. – Дзеля гэтага падыдзе пластмасавы, а найлепш – шкляны, эмаліраваны посуд. Нельга ставіць мёд побач з прадуктамі, якія маюць моцны пах, бо ён хутка перадаецца мёду і зніжае яго смакавыя якасці.

Святлана Радчанка і Аксана Княжэвіч закладваюць рамкі ў медагонку

Даведваюся, што акрамя мёду пчолы прыносяць і пылок. Ён вельмі карысны. Для збору пылку, які, дарэчы, дорага каштуе, гаспадаркай набыта дзевятнаццаць улоўнікаў.

– Яны знаходзяцца ўнутры вулляў, – тлумачыць Іван Іванавіч. – Хачу адзначыць, што падчас сушкі пылок страчвае свае якасці напалову. Каб  усе іх захаваць, прадукт адразу ж пасля таго, як дасталі, трэба замарозіць пры тэмпературы мінус 30 градусаў. Працэс працаёмкі, нятанны і, трэба сказаць, для нас непад’ёмны. Аднак ёсць альтэрнатыва, бо пчолы навучыліся кансерваваць пылок, ператвараючы яго ў пяргу, якая выдатна захоўваецца. Дарэчы, пярга ўтрымлівае больш за семдзесят элементаў табліцы Мендзялеева, якія патрэбны чалавеку. Вось такія гэта цудоўныя насякомыя, да якіх прыкіпеў душою. Многа гадоў запар трымаю пчальнік і на сваім падворку.

Напрыканцы нашай сустрэчы задаю пчаляру правакацыйнае пытанне: «Іван Іванавіч, гавораць, што ад мёду можна патаўсцець, бо ён вельмі каларыйны». І чую ў адказ: «Глюкоза і фруктоза не нашкодзяць фігуры. Ды і за адзін раз мёду многа не з’ясі. Таму не хвалюйцеся і смела спажывайце гэты смачны і каштоўны прадукт. Праўда, у дазволеных межах».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *