Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

Гэтыдвухпавярховы 24-кватэрны дом, узведзены па так званым пілотным праекце калектывам будаўнікоў Стаўбцоўскага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, запоўніў пустуючую раней пляцоўку па вуліцы Ленінскай райцэнтра бліз магазіна «Гаспадарчыя тавары». Такім чынам задавальняюцца патрэбы ў сацыяльным жыллі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПРЫДАРОЖНЫ СЭРВІС: НАШЫ 35 КІЛАМЕТРАЎ

На апошнім апаратным пасяджэнні ў райвыканкаме было разгледжана пытанне развіцця прыдарожнага сэрвісу.

Для нашага раёна, які знаходзіцца на асноўнай транзітнай аўтамагістралі Рэспублікі Беларусь М1, гэты накірунак набывае прыярытэтнае значэнне і адкрывае новыя гарызонты для ўмацавання эканомікі рэгіёна.

На сучасны момант на 35 «нашых» кіламетраў на аўтамагістралі, якая з’яўляецца часткай еўрапейскага маршруту, ажыццяўляюць дзейнасць дзевяць аўтазаправачных станцый і 16 аб’ектаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання. Да прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць грамадзян не толькі нашай краіны, але і замежных, прад’яўляюцца высокія патрабаванні. Усе яны аснашчаны плацежнымі тэрміналамі.

У пачатку верасня райвыканкамам сумесна з кантралюючымі арганізацыямі быў праведзены маніторынг работы аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Камісія падтрымала гаспадароў аб’ектаў у добрай практыцы, у станоўчых накірунках работы і ўказала на недахопы. Былі вынесены прадпісанні па выпраўленні становішча. Напрыклад, ад уладальнікаў кафэ «Новая Вёска» чакаецца выкананне работ па цвёрдым пакрыцці тэрыторыі, рамонце фасада. У карчме «Альбуць»  прылеглая да аб’екта тэрыторыя патрабуе большай увагі па яе добраўпарадкаванні.

У мінулым годзе аб’ектамі прыдарожнага сэрвісу, размешчанымі на аўтамагістралі М1, аказана паслуг на суму 170 з паловай мільярдаў рублёў, што ў супастаўных цэнах на 8,2 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Гэта сведчыць аб тым, што прыдарожны бізнес развіваецца, аднак не тымі тэмпамі, як чакаецца. Таму на апаратным пасяджэнні старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў паставіў перад службамі і структурамі задачу далейшага развіцця прыдарожнага сэрвісу, падняцця гэтага накірунку дзейнасці на больш высокі ўзровень.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПАД ЭГІДАЙ БРСМ: МАЛАДЗЁЖНЫЯ АТРАДЫ НА ПАЛЕТКАХ

Раённым камітэтам БРСМ заключаны дагаворы з сельгаспрадпрыемствамі раёна на аказанне маладзёжнымі сельскагаспадарчымі атрадамі  дапамогі па ўборцы караняплодаў.

Шэсць атрадаў агульнай колькасцю 122 вучні сфарміраваны ў школе № 2 горада Стоўбцы, па два атрады –  у Шашкоўскай школе і Рочавіцкім ВПК дзіцячы сад –сярэдняя школа. Вучні  аказваюць дапамогу ва ўборцы бульбы і буракоў такім гаспадаркам як «Жацерава», «Шашкі» і «Рочавічы».

– У маладзёжныя атрады запісаліся юнакі і дзяўчаты 9-11 класаў. На чале кожнага з іх – камісар і камандзір (з ліку педагогаў), – адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Вучням  прадастаўлена льгота – іх заробак не абкладаецца падаходным падаткам. Ім, як і членам студэнцкіх атрадаў, прапанавана накіраваць чатыры працэнты ад заробленага ў фонд развіцця ў нашай рэспублікі студатрадаўскага руху.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ   

 

АДУКАЦЫЯ: СТАЛІ СТУДЭНТАМІ ДУХОЎНЫХ ШКОЛ

Наведванне нядзельнай школы, удзел у богаслужэннях царквы для некаторых з выпускнікоў вызначылі выбар прафесіі.

Выпускніца СШ № 3 г.  Стоўбцы Анастасія Шайнова стала студэнткай Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ. Выпускнік дзявятага класа гэтай жа школы Вадзім Цвірка пасля паспяховай здачы ўступных экзаменаў залічаны ў Мінскае духоўнае вучылішча. Мікіта Голуб паспявае сумяшчаць вучобу і ў агульнаадукацыйнай школе, і ў духоўнай. Ён з’яўляецца адзінаццацікласнікам стаўбцоўскай гімназіі № 1 і студэнтам другога курса Слонімскага духоўнага вучылішча. Такое старанне – даволі рэдкая з’ява.

Пажадаем студэнтам поспехаў у вучобе і змястоўнага жыцця ў лоне Праваслаўнай Царквы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

КІРМАШЫ: ПОПЫТ НА ЦЁПЛУЮ ВОПРАТКУ

Прыгожай адметнасцю восені з’яўляюцца кірмашы. Гараджан прыцягваюць не толькі палаткі з апетытнымі дарамі восені, але і з прамысловымі таварамі. Раённы камбінат бытавога абслугоўвання максімальна скарыстоўвае гэты час, каб прапанаваць спажыўцам швейную прадукцыю ўласнай вытворчасці.

У мінулую нядзелю на пляцоўцы Лядовага палаца спорту на вуліцы Прытыцкага ў Мінску працаўнікі бытавога абслугоўвання нашага раёна распасцерлі сваю прыгожую палатку і прапанавалі тавар.

Пажылыя людзі з удзячнасцю набывалі шытыя фланелевыя халаты і мужчынскія сарочкі, уцепленыя камізэлькі, штаны з камуфляжнай тканіны, ватныя коўдры, падушкі, пледы. Быў добры попыт на кухонныя ручнікі. Калекцыя прадукцыі ўласнай вытварчасці ўключала занавескі і кухонныя камплекты. Прыёмшчыца Слабадскога комплексна-прыёмнага пункта Алена Светагор толькі паспявала абслугоўваць наведвальнікаў.

Сезон кірмашоў працягваецца. Працаўнікі РКБА зноў гатуюць  машыну на выезд.

 

СЛУЖБА ЗАНЯТАСЦІ: НА ПРАЦУ  – З БЯСПЛАТНЫМ ПАДВОЗАМ

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама круглы год мае клопат арганізацыі аплатных грамадскіх работ для беспрацоўных і іншых катэгорый незанятых грамадзян. Асаблівы попыт на такія паслугі ў час уборкі бульбы, таму што аплата ў сельгаставарыствах праводзіцца як у грашовым, так і натуральным выражэнні. Гараджане могуць запасціся бульбай на зіму.

У сезон уборкі бульбы ў чатыры гаспадаркі раёна – ААТ «Агранёманскі», «Рубяжэвічы», «Радзіма  Дзяржынскага», «Вішнявецкі-агра»  – была арганізавана дастаўка людзей транспартам аўтапарка № 17. Аплату правяла  служба занятасці.

 У сучасны момант аплатныя грамадскія работы па перабіранні бульбы арганізаваны ў дзвюх гаспадарках – ААТ «Агранёманскі» і «Радзіма  Дзяржынскага» .

З пачатку года 266 беспрацоўных і незанятых грамадзян змаглі паўдзельнічаць у такіх работах, амаль палова з іх – на ўборцы і перабіранні  бульбы ў сельскагаспадарчых таварыствах.

 

У ЛЯСНІЦТВЕ: ПАД БУДУЧЫЯ ПАСАДКІ

У Хатаўскім лясніцтве ажыццяўляецца перапрацоўка шышак сасны, каб атрымаць насенне для будучых пасадак лесу.

Як адзначыў ляснічы Анатоль Бычкевіч, іх шышкасушылка дазваляе перапрацоўваць на месцы да 40 працэнтаў сабранага ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе шышкавага матэрыялу, астатняе адпраўляецца ў рэспубліканскі насенняводчы цэнтр.

Падсобная вытворчасць лясніцтва, якая дзейнічае фактычна круглы год,  прадстаўлена таксама нарыхтоўкай бярозавага соку, мяцёлак для лазні. Раней тут займаліся зборам лекавай сыравіны.

 

ФУТБОЛ: БАРАЦЬБА З НУЛЯВЫМ ВЫНІКАМ

Не сказаць, што футбалісты каманды «Нёман-Агра» зусім апусцілі рукі. Чэмпіёнства, нават прызавое месца ў першынстве вобласці ўжо не свеціць. Лідары – калектывы Маладзечна, Жодзіна і Старых Дарог — наўрад ці падпусцяць каго яшчэ да п’едэстала. Праўда, сапернікі з Любані і Смалявіч яшчэ маюць пэўныя амбіцыі. А дзе ж стаўбчане? Пакуль на апошнім, восьмым месцы. Хаця б адтуль зрушыць.

Сустрэча ў Смалявічах з камандай «СМІ-аўтатранс» спачатку не адзначыла перавагі ніводнага з калектываў. У першым тайме зафіксаваны нічыйны лік – 0:0. А вось у пачатку другога тайма адзін за другім у вароты стаўбчан залятаюць тры галы. Зноў разгром? Нашы футбалісты ўсё ж сабраліся з сіламі. Андрэй Шпадарук, Максім Шкураценка і Дзмітрый Гузач забіваюць сваю тройку галоў. Усё ж чацвёрты мяч гаспадароў стаў рашаючым – 4:3 на карысць каманды «СМІ-аўтатранс». Ізноў для нашых нулявы вынік.

Сёння «Нёман-Агра» прымае на стадыёне «Юнацтва» ФК  «Барысаў». Барысаўчане цяпер на сёмым месцы –  6 ачкоў, у стаўбчан – 5. Сапернік па сіле?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *