Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 12 шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 13 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Глеб Глушкоў, Валерыя Калодзінская, Захар Грышан, Арцём Гелейша, Ангеліна Тарабеш, Уладзіслаў Сямёнаў, Аляксандр Гайко, Аляксей Сей, Прохар Верамейчык, Кіра Бычко, Ягор Саковіч, Цімафей Адамовіч і Аляксандра Сайко.

Зямны шлях закончыўся для 15-ці чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў.

Міліцыяй зарэгістраваны 153 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны 10 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. З падворка жыхара Дудак украдзены сем качак. У гэтай жа вёсцы злодзей трапіў у  дачны дом, адкуль вынес прадукты харчавання. З тамбура адной з кватэр па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах прапалі тры пары красовак, а з адной  кватэры па гэтай жа вуліцы знік камп’ютарны планшэт.

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі, прадастаўленыя аддзелам ДАІ райаддзела міліцыі па фактах парушэння Стаўбцоўскім аб’яднаннем камунальных службаў (уладальнікам аўтадарог) дзеючага заканадаўства. Устаноўлена, што майстар АКС,  адказны за ўтрыманне люкаў аглядавых калодзежаў участка водазабеспячэння ў бяспечным для дарожнага руху стане, не забяспечыла належнага кантролю. Калодзеж па вуліцы Гагарына паблізу прымыкання да вуліцы Камарова ствараў пагрозу бяспецы дарожнага руху. Майстар прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама вынесена пастанова аб узбуджэнні ў адносінах да яе дысцыплінарнай вытворчасці. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй працы зафіксаваны няшчасны выпадак у прэсава-гальванічным цэху філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы: пры здыманні дэталяў з-пад штампа атрымаў траўмы рук  44-гадовы наладчык. Па факце  вядзецца  расследаванне.

Суд прыгаварыў да 1,5 года зняволення 25-гадовага жыхара Заямнага, раней двойчы судзімага: будучы ў стане алкагольнага ап’янення, ён штурхануў аднавяскоўца, які ўпаў і атрымаў смяротную траўму. Акрамя таго, да яго таксама прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад псіхічнага расстройства. На два гады абмежаваны ў волі 34-гадовы жыхар Наваколасава, які ў сваім жа пасёлку ўгнаў матацыкл «Мінск-Лідар» без рэгістрацыйнага знака. 34-гадовы жыхар Дзераўной асуджаны да аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнем з заробку 10 працэнтаў: у ходзе канфлікту мужчына нанёс непаўналетняму цялесныя траўмы, якія выклікалі працяглае расстройства здароўя. 29-гадовы хуліган з Яблынаўкі, які нідзе не працуе, арыштаваны на пяць сутак – за тое, што выказваў абразы і выганяў з дому роднага бацьку. ДАІ выявіла 184 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць нецвярозых вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў «бяспраўнікаў», 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана 13 дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, усе – без пацярпелых. 

«Хуткая» выязджала да хворых 217 разоў, у прыватнасці, 10 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *