«Ветэранаў аб’яднаў Нёман». На Стаўбцоўшчыне прайшла літаратурна-паэтычная гасцёўня

Важное Моя Столбцовщина Соцыум

image_pdfimage_print

Раённы савет ветэранаў ужо некалькі гадоў цесна супрацоўнічае з саветам ветэранаў Уздзенскага раёна. Сёлета яны сустрэліся на Стаўбцоўшчыне, у літаратурна-паэтычнай гасцёўні «Нас Нёман яднае».

Першая такая сустрэча адбылася два гады таму на Уздзеншчыне. Стаўбчане не засталіся ў даўгу і запрасілі ветэранаў суседняга раёна да сябе. Для гасцей падрыхтавалі разнастайную і насычаную праграму. У Стоўбцах яны наведалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, некаторыя нават паспрабавалі пад наглядам інструктара свае фізічныя магчымасці ў трэнажорнай зале.

Далей ветэранаў чакала экскурсія ў Коласавы мясціны. На мемарыяльнай сядзібе «Акінчыцы» іх вітала старшы навуковы супрацоўнік Соф’я Міцкевіч, якая расказала аб жыцці і творчасці песняра. Завіталі прысутныя і ў хату Коласа, дзе пазнаёміліся  з бытам, прыладамі таго часу. Кожны дакрануўся да чарадзейнага каменя, які, паводле паданняў, здзяйсняе мары.

Літаратурная вандроўка прадоўжылася на мемарыяльнай сядзібе «Смольня». Сустрэчу пачаў мясцовы паэт Яўген Карпуць. З прысутнымі ён падзяліўся сваімі вершамі. Падтрымала творцу і старшыня Уздзенскага раённага савета ветэранаў Таццяна Лычкоўская. Таццяна Іванаўна прысвяціла сустрэчы на Стаўбцоўшчыне верш-экспромт.

У Смольні для гасцей таксама была арганізанава экскурсія. Пасля ўсе сабраліся за круглым сталом, ветэраны чыталі вершы Якуба Коласа і Кандрата Крапівы, уласныя творы, спявалі песні ваенных гадоў. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі і сувеніры.

– Сустрэча адбылася цёплай і па-сяброўску ўтульнай. Такая традыцыя будзе працягвацца, – зазначыла старшыня раённага савета ветэранаў Наталля Лапко.

Аляксандр Любчанка, малалетні вязень, член савета ветэранаў Уздзенскага раёна:

– Стоўбцы выклікалі захапленне. Такі сучасны горад з развітой інфраструктурай. А за арганізаванае мерапрыемства – асаблівыя словы ўдзячнасці. У Коласавых мясцінах мы змаглі адпачыць душой, атрымаць асалоду ад размовы адзін з адным. Прыемна, што сярод ветэранаў шмат таленавітых асоб, і свой пазітыў яны дораць іншым.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *