Ірына Пашкевіч: «Былыя школы чакаюць інвестара»

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

З 2010 года на Стаўбцоўшчыне прададзена 30 аб’ектаў, якія не выкарыстоўваліся і знаходзіліся ў камунальнай уласнасці раёна.

– Сярод іх – былыя сельскія клубы, школы і дзіцячыя сады, ФАПы, лазні і г. д. Частка з іх перапрафілявана інвестарамі ў жылыя дамы, вытворчыя памяшканні. Аднак далёка не ўсе аб’екты са зменай уласніка набылі прывабны выгляд і гаспадарчае прызначэнне, – зазначае намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч.

– Ірына Баніфацыеўна, з чым прыходзіцца сутыкацца пры продажы аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца?

– Тое, што некаторыя будынкі становяцца незапатрабаванымі, – гэта натуральна. З тых жа сельскіх населеных пунктаў хтосьці перабіраецца ў горад – і змяншаецца колькасць насельніцтва.

Аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца, прадаюцца праз аўкцыёны, і немагчыма прадугадаць, які пакупнік адгукнецца. Некаторыя набываюць, не ўзважваючы свае магчымасці і патрабаванні да выкарыстання гэтых аб’ектаў у адпаведнасці з заканадаўствам. Да прыкладу, у былога млына ў Ячонцы з’явіўся ўласнік, і ў яго ёсць планы адносна пераўтварэння аб’екта, але рэалізаваць іх у водаахоўнай зоне праблематычна.

Самая вялікая праблема – калі набыты аб’ект не выкарыстоўваецца і не ўтрымліваецца ўласнікам у належным стане.

Тэма ўцягвання у гаспадарчы абарот аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, была абмеркавана на адным з пасяджэнняў райвыканкама. Таксама прайшоў сход з уласнікамі з удзелам спецыялістаў розных службаў райвыканкама і прадстаўнікоў наглядных органаў, каб падштурхнуць гэты працэс. У раёне складзены план мерапрыемстваў па прывядзенні такіх будынкаў у належны стан. Ажыццяўляем маніторынг.

– Якія меры ўздзеяння прымаюцца райвыканкамам у адносінах да нядобрасумленных уласнікаў?

– Крайняя мера – вяртанне гэтых аб’ектаў у камунальную ўласнасць. Трэба мець на ўвазе, што вяртанне магчыма толькі праз суд. Раней аб’екты, якія не выкарыстоўваліся, прадаваліся без пэўных умоў, а пасля 2012 года заканадаўства змянілася, і цяпер уласніку, каб захаваць сваю маёмасць, неабходна выконваць гэтыя ўмовы.

Яркім прыкладам служыць вяртанне былой школы-інтэрната ў Задвор’і, пасля якога былі арганізаваны суботнікі, каб прывесці аб’ект у належны выгляд, абмежаваць туды доступ, у першую чаргу з мэтай бяспекі дзяцей.

Таксама ў Наваколасаве быў вернуты будынак былога кантрольна-прапускнога пункта. Гэты будынак знесены.

– Ці ёсць станоўчыя прыклады?

Ёсць, але, на жаль, іх не так многа, як хацелася б. Да прыкладу, у Залужжы ізаляванае памяшканне былога сельвыканкама, якое доўгі час не выкарыстоўвалася і прыходзіла ў заняпад, нарэшце адрамантавана і набыло належны выгляд.

– Ад людзей паступалі скаргі на неналежнае ўтрыманне тэрыторыі былой шпалапрапіткі па вуліцы Зялёнай у Стоўбцах. 

– На даны момант праводзіцца работа па вяртанні гэтага аб’екта ў камунальную ўласнасць, так што парадак тут таксама будзе наведзены.

Адносна былога дрэваапрацоўчага камбіната па вуліцы Кірава ў Стоўбцах быў зварот у суд раёна, які вынес пастанову аб вырашэнні пытання ў Эканамічным судзе. На даны момант рыхтуюцца дакументы для падачы іску. Далейшая перспектыва гэтага аварыйнага аб’екта можа быць у зносе будынкаў і стварэнні зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва або ў будаўніцтве аб’екта сэрвісу.

– Што прапануецца інвестарам на цяперашні момант?

– Рэалізуюцца дзве былыя школы – у Мясёнкаўшчыне і Літве. Аўкцыённы кошт кожнай з іх складае каля 50 тысяч рублёў. Заўважу, што ён ужо зніжаны на 80 працэнтаў пасля неаднаразовых аўкцыёнаў. Прычына нізкай зацікаўленасці інвестараў – у спецыфічнай планіроўцы аб’ектаў і іх вялікай плошчы (больш за 1000 м2).

Гэтыя і іншыя аб’екты чакаюць добрасумленных і адказных інвестараў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *