Абмяняліся вопытам з валожынцамі

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Актывісты і валанцёры раённай арганізацыі інвалідаў пабывалі ў сваіх калег у г. Валожыне, з якімі абмяняліся вопытам работы.

Пачалася сустрэча ў офісе Валожынскай раённай арганізацыі інвалідаў, дзе прыемна ўразіў набор аргтэхнікі з магчымасцю карыстання інтэрнэтам. Затым было знаёмства з аддзяленнем дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з якім грамадскую арганізацыю звязваюць даўнія і плённыя стасункі. Тут таксама ўразілі матэрыяльная база, добра наладжаная сістэма падтрымкі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

– На Валожыншчыне даводзіцца быць не ўпершыню. З калегам Віктарам Субачам у нас склаліся добрыя дзелавыя і сяброўскія адносіны, – расказала старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Зінаіда Катлашэўская. – Разам з намеснікам старшыні Марынай Халецкай мы ўручылі гасцінным гаспадарам сувеніры на памяць (дакладней сказаць, мы абмяняліся з імі падарункамі), а супрацоўніца раённага цэнтра народнай творчасці Ала Янская выканала песню Булата Акуджавы «Вінаградная костачка». Усе падпявалі.

На гэтым паездка не завяршылася. Дэлегацыі стаўбчан былі прапанаваны цікавая экскурсія ў заказнік «Налібацкі» (тут, на беразе Іслачы, чакаў і паходны абед), наведванне помніка партызанам у пасёлку Першамайскі, рэзідэнцыі графа Тышкевіча ва ўрочышчы Вялае, могілак 1600 года на Пагарэльскім возеры.

Насычаная праграма скончылася ў Івянцы. Падчас развітання Віктар Субач падзяліўся гуманітарнай дапамогай, якую атрымаў ад адной з арганізацый Мінскай вобласці.

Стаўбчанамі было сказана шмат цёплых слоў Віктару Субачу, бо, не зважаючы на ўласную інваліднасць па досыць складаным захворванні, ён здолеў наладзіць актыўную работу па падтрымцы не толькі інвалідаў, але і шматдзетных сем’яў, адзінокіх людзей.

Зінаіда Катлашэўская таксама выказвае ўдзячнасць кіраўніцтву райвыканкама і ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» за транспарт, выдзелены для паездкі. Вадзіцель не толькі праявіў увагу, але і аказваў у дарозе неабходную дапамогу людзям з інваліднасцю.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *