Малады майстар леса асвойвае прафесію ў Хатаўскім лясніцтве

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Упэўнена адчувае сябе малады спецыяліст лясной галіны Яна Ганус, ураджэнка г. Докшыцы Віцебскай вобласці.

У гэтым годзе дзяўчына прыехала на Стаўбцоўшчыну па размеркаванні пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, дзе атрымала спецыяльнасць «майстар лясной гаспадаркі». Яна разумее, наколькі важна рацыянальна выкарыстоўваць і аднаўляць, берагчы і ахоўваць лясное багацце нашай краіны.

Стаўбцоўскі лясгас для маладога спецыяліста – першае месца працы. Да сваіх службовых абавязкаў у Хатаўскім лясніцтве дзяўчына прыступіла вясной гэтага года.

– Чым займаецца майстар лесу? – цікавімся ў Яны.

«Мы адводзім дзялянкі, нарыхтоўваем драўніну і пасля яе рэалізоўваем, – тлумачыць дзяўчына і прызнаецца: – У Хатаўскім лясніцтве прафесіянальны і дружны калектыў, якому я вельмі ўдзячная за цёплы прыём і падтрымку. У любы час за парадай я магу звярнуцца да сваіх калег. Сярод іх – ляснічы Анатолій Бычкевіч, памочнік ляснічага Мікіта Шамрук. Дапамагла мне ўладкавацца і «ўжыцца» ў калектыў бухгалтар Алена Шадрына.

Я разумею, што веды і ўменні прыходзяць з вопытам. Таму імкнуся вучыцца, засвойваць тыя «нюансы», якія можна атрымаць толькі на практыцы».

Для маладога спецыяліста працаваць, з аднаго боку, – задавальненне: радуе вока зеляніна вакол, лёгка дыхаецца. З другога боку, праца лесаводаў адказная, патрабуе канкрэтных ведаў, дакладнасці.

Яна Ганус з першых дзён актыўна ўключылася ў грамадскую дзейнасць Стаўбцоўскага лясгаса. У вольны час захапляецца танцамі, займаецца лёгкай атлетыкай.

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *