Санасвета: Небяспечныя «суседзі»

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Наступіла восень, а з яе прыходам працягваюць «наступаць» на жыллё людзей, падвалы, агароднінасховішчы мышападобныя грызуны (рыжая палёўка, палявая і дамавая мыш і г. д.). На выгляд бяскрыўдныя звяркі ўяўляюць пагрозу здароўю чалавека, таму што з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных інфекцый, такіх як чума, сібірская язва, брушны тыф, паратыфы, клешчавы энцэфаліт, шаленства, тулярэмія.

На тэрыторыі нашага раёна найбольш актуальнае інфекцыйнае захворванне іерсініёз. Пры ім паражаюцца страўнікава-кішэчны тракт, апорна-рухальны апарат, печань. Скрыты перыяд працягваецца ад трох да 14 дзён. Захворванне пачынаецца з павышэння тэмпературы да 38-39 градусаў, болю ў суставах, жываце, галаўнога болю, вадкага стулу. Даволі часта на чацвёрты-пяты  дзень ад пачатку захворвання з’яўляецца дробнае высыпанне на скуры патыліцы, верхняй часткі спіны, нагах, кісцях рук. Праз дзён 10  з’яўляецца  лушчэнне скуры. У залежнасці ад формы захворвання можа змяніцца колер мачы, калу, пачырваненне, прыпухласць, абмежаванне рухомасці суставаў.

Узбуджальнікі хваробы з фекаліямі і слінай заражоных грызуноў трапляюць на гародніну, садавіну, малочныя і іншыя прадукты, у ваду, глебу, дзе не толькі захоўваюцца доўгі час, але і пры пэўных умовах могуць размнажацца. Пры ўжыванні такіх прадуктаў і адбываецца заражэнне чалавека.

Каб пазбегнуць непрыемнасці, неабходна выконваць правілы асабістай гігіены, а прадукты харчавання, корм для жывёлы захоўваць у недаступным для грызуноў месцы. Гародніну і садавіну неабходна мыць пад праточнай вадой, ашпарваць кіпенем, не ўжываць іх з прыкметамі пашкоджання грызунамі, псавання, гнілі. Ваду для харчавання трэба браць толькі з правераных добраўпарадкаваных крыніц. Неабходна ўтрымліваць у чысціні жылыя памяшканні і прылеглую тэрыторыю, акуратна заладжваць усе адтуліны, вентыляцыйныя каналы закрываць дробнай металічна сеткай ва ўсіх памяшканнях. Пры прыкметах з’яўлення грызуноў праводзіць дэратызацыйныя мерапрыемствы па іх знішчэнні, выкарыстоўваць мышалоўкі, лавушкі з вадой, прыманкі з атрутай. Атрымаць падрабязную інфармацыю па дэратызацыі і набыць эфектыўныя прыманкі можна ў аддзеле прафілактычнай дэзынфекцыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 19. Жыхары раёна могуць зрабіць заказ па тэл. 5-44-09. Пры фарміраванні выезду заказаны прэпарат будзе дастаўлены на заяўлены адрас. Кошт 100 г ядапрыманкі складае 9100 рублёў.

Памятайце! Ад захавання мер прафілактыкі залежыць ваша здароўе.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *