«З моцным характарам і цеплынёй у сэрцы». Адзначаем Дзень пажылых людзей разам з Алай Новік

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Сярод пажылых людзей Стаўбцоўшчыны ёсць актывісты і грамадскія дзеячы, тыя, хто гатовы зараджаць сваім аптымізмам і энергіяй іншых. Сярод іх — Ала Мацвееўна Новік з Вішняўца.

Усе важныя моманты жыцця Ала Мацвееўна захоўвае ў фотаальбоме

Яна з тых жанчын, пра якіх гавораць – рэалізавалася ва ўсім. За свае чалавечыя якасці і працавітасць дасягнула пасады старшыні сельвыканкама, стала добрай жонкай і маці. Пра яе можна прачытаць у кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён». У яе сэрцы незабыўным рэхам адгукаецца час ваеннага ліхалецця…

– Калі пачалася вайна, я толькі закончыла першы клас. Бацьку адразу забралі на фронт. А мы з маці (у сям’і выхоўвалася 10 дзяцей) былі вымушаны выжываць. У нашай вёсцы на Магілёўшчыне размясцілася нямецкая камендатура. У дамах абжыліся салдаты, а жыхароў вёскі сагналі ў тры хаты. Есці не было чаго. Працягваліся ваенныя дзеянні. Аднойчы пасля чарговага бою вада ў мясцовай рэчцы стала чырвонай… Маці прынесла буханку хлеба, якая таксама была ў крыві. Мы абрэзалі яе трохі і глыталі кавалкамі. Тады аб смаку ніхто не думаў, – успамінае Ала Мацвееўна.

Былі і моманты, калі яна глядзела смерці прама ў вочы. Так, вясной 1944 года падчас адступлення ў вёсцы з’явіўся карны атрад, які знішчаў усё на сваім шляху. Сям’я Алы Мацвееўны схавалася ў зямлянцы, але фашысты іх заўважылі і вывелі ў цэнтр вёскі. Тут яны чакалі прысуд аб расстрэле. Але адна са старэйшых жанчын кінулася ў ногі кіраўніку нямецкай каманды, ён злітаваўся.

За час вайны Ала Мацвееўна перажыла ўсе яе жудасці: голад, холад, хваробы. Гэта загартавала яе, сфарміравала трывалы характар. У пасляваенны перыяд было няпроста – бацька загінуў на фронце, усё легла на плечы маці. Ала Мацвееўна разам з братамі і сёстрамі дапамагала ёй на прысядзібным участку. Адначасова працавалі ў калгасе і вучыліся. Дарэчы, рабілі ўсё з’яднана, дапамагалі адзін аднаму.

Пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Ала Мацвееўна па размеркаванні прыехала на Стаўбцоўшчыну. Тут уладкавалася аграномам у калгас «Шлях Леніна». Праз год пасля аб’яднання з’явіўся калгас імя Мічурына. Маладому спецыялісту было няпроста, але да цяжкасцяў яна прывыкла з дзяцінства.

– Тады пераважала ручная праца. Вырошчвалі лён, цукровыя буракі, збожжа, бульбу. Працавалі днём і ноччу. Потым пачала з’яўляцца тэхніка. Руплівасць і перадавы вопыт у апрацоўцы культур сталі даваць свае вынікі. У 1974 годзе калгас імя Мічурына быў у ліку лепшых у раёне, – расказвае Ала Мацвееўна Новік.

Ёй за такія вынікі працы была прапанавана пасада старшыні Вішнявецкага сельвыканкама, на якой жанчына адпрацавала пятнаццаць гадоў.

Адначасова з працоўнымі поспехамі Ала Мацвееўна змагла рэалізавацца і ў сям’і. Разам з мужам выхавала двух сыноў і дачку. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю і знайшлі сваё месца ў жыцці. Цяпер яна шматдзетная бабуля і прабабуля.

За свой жыццёвы шлях Ала Мацвееўна сутыкнулася з рознымі выпрабаваннямі, дзе патрэбна было праявіць характар. Але, прайшоўшы праз іх, яна засталася сапраўднай жанчынай – з цеплынёй у сэрцы і яскравымі агеньчыкамі ў вачах.

Агульны працоўны стаж Алы Мацвееўны – 43 гады. Была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За працоўную адзнаку» і «За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР», Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, значком «Майстар ураджаю» і інш. Выбіралася дэпутатам Мінскага абласнога Савета (1962–1966 гг.).

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *