Шашкоўская сярэдняя школа сёлета перажыла другое нараджэнне

Адукацыя Главное

image_pdfimage_print

Тэму Дажынак, сімвалічную для гэтай асенняй пары, немагчыма не працягваць. У першыя выхадныя кастрычніка, калі адзначаюць сваё прафесійнае свята настаўнікі, мы завіталі ў ДУА «Шашкоўская сярэдняя школа»

Шашкоўская сярэдняя школа была пабудавана ў 1974 годзе, сёлета перажыла другое нараджэнне

Менавіта аграгарадок Шашкі прымаў не так даўно пераможцаў жніва на Стаўбцоўшчыне. Выйшлі вітаць хлебаробаў і мясцовыя школьнікі разам са сваімі настаўнікамі.

Расцвіла іх школа, як і іншыя сацыяльныя аб’екты ў аграгарадку, да раённага свята. Адбылося гэта пераважна дзякуючы бюджэтным інвестыцыям. Ды і ўвогуле  функцыянаванне ўстановы адукацыі – суцэльны дзяржаўны клопат.

А цяпер давайце паспрабуем на прыкладзе Шашкоўскай школы разам з яе дырэктарам Ірынай Колясень пабываць на своеасаблівых школьных Дажынках, падвесці вынікі «пасяўной» і «ўборачнай» сельскіх педагогаў. Ад гэтых людзей залежыць не менш важны ўраджай – выхаванне грамадзянска-патрыятычнай, высокадухоўнай асобы, і ў іх руках – каравай, промні якога здольны асвяціць дарогу ў будучыню і павесці да новых вяршыняў.

Дырэктар школы Ірына Колясень

І з граблямі, і з пернікамі

Без працы не вырасціш сапраўднага чалавека. І такі падыход мы адчуваем з першых хвілін знаёмства з Шашкоўскай школай. З намі вітаюцца старшакласнікі, якія падграбаюць у школьным парку лісце. Другая частка іх аднакласнікаў  садзіць лес. Тут і працоўнае, і экалагічнае выхаванне.

– У нас шмат гадоў дзейнічае школьнае лясніцтва «Бярозка». Штогод рыхтуем шпакоўні і развешваем іх у сваім парку і ў лясных масівах. Выходзім з вучнямі на суботнікі, каб прыбраць берагі ракі Сула, – расказвае Ірына Колясень і звяртае ўвагу на экалагічную сцяжыну, што бярэ пачатак у двары школы.

Вялікі двор аздоблены прыгожымі фігуркамі і літаральна патанае ў кветках. Нездарма па выніках агляду-конкурсу сярод школ раёна напярэдадні  2021–2022  навучальнага года Шашкоўскай школе прысуджана другое месца.

На школьнай тэрыторыі расце цудоўны сад. Яблыкі паступаюць у сталовую, а ва ўраджайныя гады нават ёсць што рэалізаваць, каб, напрыклад, зарабіць сродкі для развіцця школьнай бізнес-кампаніі. Апошняя спецыялізуецца на вырабе сувенірных пернікаў.

– Дзецям падабаецца іх распісваць, – кажа кіраўнік бізнес-кампаніі, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Карсюк.

Дарэчы, выстаўка пернікаў упрыгожвала раённыя Дажынкі ў Шашках, а цяпер адправілася ў г. Маладзечна, на абласное свята педагогаў.

Свая «трэнажорка»   

Сярод адметнасцяў гэтай сельскай школы – уласная трэнажорная зала. Памяшканне падрыхтавана летась рукамі саміх настаўнікаў, а трэнажоры падаравалі ФАК, выпускнікі школы, а таксама райвыканкам сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме. «Трэнажорка» адкрытая да сямі вечара, а ў суботу – да дзевяці, таму карыстаецца попытам і ў дзяцей, і ў дарослых.

Заняткі ў трэнажорнай зале разам з астаўнікам фізічнай культуры і здароўя Юрыем Бабічам

Нельга не сказаць пра школьны стадыён з мадэрнізаванымі дарожкамі для бегу, пра сучасныя пляцоўкі для баскетболу і валейболу. Побач са школай з’явілася пляцоўка па правілах дарожнага руху, дзе праходзяць урокі бяспекі, прычым нярэдка з запрашэннем супрацоўнікаў аддзела ДАІ райаддзела міліцыі.

Пасля сёлетняга рамонту відазмяніліся вучэбныя кабінеты і калідоры трохпавярховай школы, пабудаванай у 1974 годзе. Наўрад ці варта ўсё пералічваць, аднак са значных набыткаў – камп’ютарны клас. Работа па стварэнні сучасных умоў для адукацыйнага працэса вядзецца не адзін год, у тым ліку з выкарыстаннем спонсарскіх сродкаў.

Абноўлена і спартыўная зала

Да прыкладу, Стаўбцоўскі лясгас у знак удзячнасці за дапамогу ў пасадцы лесу падараваў Шашкоўскай школе шматфункцыянальны прынтар. Дырэктар лясгаса Генадзь Кажушка, як і дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Аляксандр Дударэвіч, – былыя выпускнікі гэтай школы. У мясцовым ААТ «Шашкі» таксама працуюць былыя выпускнікі. Імі ганарыцца школа.

П’едэстал пераможцы

Ганарыцца сельская школа і цяперашнімі вучнямі. Яны ўсе, дарэчы, – піянеры, носяць чырвона-зялёныя гальштукі, потым становяцца членамі БРСМ.

На ўроку настаўніца Таццяна Сахар прапануе вучням інтэрактыўныя формы навучання

Тут мы ўбачылі «П’едэстал пераможцы» – з фота і імёнамі тых, хто праславіў школу ў алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Сярод іх – Павел Сахар, Алена Гарачка, Алёна Калкоўская, Камелія Сёмуха, Расулжон Раджабаў, Алег Рослік, Таццяна Янкоўская, Алеся Калкоўская, Ігар Івашкевіч, Ягор Сычоў, Дар’я Лукша, Аляксандр Радзіон.

Калі ўлічыць, што ў Шашкоўскай школе навучаюцца 92 вучні, то рэйтынг яе – дастаткова высокі. «Падабраліся аднадумцы, апантаныя сваёй справай,  спалучэнне маладосці і вопыту», – характарызуе калег Ірына Колясень.

Урок роднай мовы ў 6 класе вядзе настаўніца Людміла Гарачка

Сем педагогаў з 20-ці – з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Значыць, ёсць у каго вучыцца маладому спецыялісту, настаўніку хіміі і біялогіі Мікалаю Якжыку, які сёлета папоўніў калектыў школы. Цякучкі ў ім няма, калі ідуць – то на павышэнне. І гэта – пра Таццяну Копач, якая пяць гадоў таму таксама прыйшла ў Шашкоўскую школу маладым спецыялістам, а сёлета была запрошана на пасаду завуча ў СШ № 4 г. Стоўбцы.

Практычна кожны трэці педагог школы з’яўляецца яе выпускніком. І гэта ўжо традыцыя, якая будзе працягвацца дзякуючы філалагічнаму профілю. Сёлета ў педуніверсітэт паступілі ўсе трое выпускнікоў школы. І летась – трое. Пры актыўнай прафарыентацыйнай рабоце з ліку мясцовых школьнікаў рыхтуецца змена і для сельскай школы, і для сельгаставарыства. Ці не ў гэтым заключаецца патрыятызм?..

Вучань Шашкоўскай школы Павел Сахар з даследаваннем «Гісторыя Стаўбцоўшчыны праз лёсы маіх землякоў» (педагог – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Гарачка) стаў пераможцам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбным прадмеце «Гісторыя». Лаўрэат прэміі Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі 2021 года.

Са школы – з пасведчаннем садавода

«На раённых алімпіядах нашы вучні паказваюць добрыя вынікі па такіх прадметах, як беларуская мова, геаграфія, фізіка, англійская мова, працоўнае навучанне. Не адстаюць і ў творчых конкурсах», – зазначае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Рослік.

На перапынках не чуваць шуму. Дзецям ёсць чым заняцца. Да прыкладу, гуляюць у тэніс. За іх бяспекай сочаць, як і ў гарадской школе, камеры відэаназірання.

У экалагічным кабінеце расце больш за два дзясяткі розных відаў раслін

Пасля ўрокаў – шмат факультатываў рознай накіраванасці. Шашкоўская школа, маючы такія ўмовы і кваліфікаваных педагогаў, актыўна развівае платныя адукацыйныя паслугі. Не забываюць тут і пра збор макулатуры, іншых другасных рэсурсаў.

Адзінаццацікласнікі праходзяць навучанне ў базавай групе і атрымліваюць прафесію садавода. Яны даглядаюць школьны сад і разам з настаўніцай біялогіі Галінай Малышавай асвойваюць усе тонкасці гэтай справы.

Пасля рамонту ў школе з’явілася пляцоўка па правілах дарожнага руху

Двухразовае харчаванне з сімвалічнай даплатай

Сельскія дзеці імкнуцца да ведаў, але нельга ўявіць вынік без узаемадзеяння школы з сем’ямі, соцыумам. У Шашкоўскай школы наладжаны цесныя кантакты з сельвыканкамам, ААТ «Шашкі», дзіцячым садам, амбулаторыяй, Домам культуры, Старынскім лясніцтвам, ААТ «ТБЗ «Нёман».

Сярод вучняў папулярны праект – «Школа актыўнага грамадзяніна», куды ў якасці экспертаў і суразмоўцаў запрашаюць ветэранаў-педагогаў школы.

«Які настрой?» – цікавімся ў шасцікласнікаў, якія ў гардэробе рыхтуюцца да ўрока фізкультуры.

Дзеці эмацыянальна ўзнімаюць вялікі палец угору. Пасля актыўных заняткаў іх чакае сталовая. Адтуль ужо вабяць смачныя пахі. «Харчаванне двухразовае, а для групы падоўжанага дня – трохразовае. Меню разнастайнае, каларыйнае. Бацькоўская даплата з улікам датацыі дзяржавы складае 15 рублёў у месяц», – тлумачыць Ірына Колясень.

Большая палова вучняў была аздароўлена ў летні перыяд. На базе школы працавалі тры лагеры. З ліку вучняў была створана будаўнічая брыгада.

Дом. Сям’я. Храм ведаў

Шашкоўская школа мае свае традыцыі, заснаваныя на сувязі пакаленняў і любові да дзяцей. Гэта нібыта адна сям’я, дзе ўсім утульна і камфортна. У гэтым храме ведаў дбаюць пра тое, каб дзеці з глыбінкі выйшлі ў сучасны свет падрыхтаванымі, з надзеяй і ўпэўненасцю ў душы, гатоўнасцю прымаць рашэнні.

У Дзень настаўніка дасылаем найлепшыя віншаванні цяперашнім і былым педагогам школ раёна, удзячнасць за іх самаадданую нялёгкую працу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *