Дажынкі-2022: у Стоўбцах прайшла рабочая сустрэча з губернатарам Мінскай вобласці

Афіцыйна Главное Дажынкі-2022

image_pdfimage_print

У Стоўбцах адбылося пасяджэнне абласнога штаба на чале са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным.

Удзел прынялі і кіраўнікі структурных падраздзяленняў Мінскага аблвыканкама, абласных і раённых прадпрыемстваў і арганізацый.

Якія работы будуць праведзены, каб Стаўбцоўшчына годна прыняла гасцей абласнога свята «Дажынкі-2022»? Гэтае пытанне было ў цэнтры ўвагі прысутных.

Аляксандр Турчын адзначыў, што ўсе будаўнічыя работы важна праводзіць загадзя.

– Не трэба за дзень да свята выкладваць плітку на дарозе. Зрабіце максімальна шмат, але ў рэжыме рацыянальнага расходвання бюджэтных сродкаў, – падкрэсліў губернатар Мінскай вобласці.

Слова было дадзена старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Дзянісу Колясеню. Дзяніс Сяргеевіч назваў асноўныя будаўнічыя аб’екты, якія запланавана падрыхтаваць да абласнога мерапрыемства.

Вуліцы горада стануць прасторнымі

Адзін з аб’ектаў – будаўніцтва аб’язной дарогі, якая знаходзіцца на стадыі праектавання. Праект з экспертызай будзе атрыманы не раней снежня. Заказчыкам выступае УКС Стаўбцоўскага раёна.

Аляксандр Турчын даручыў дэтальна прапрацаваць пытанне наконт фінансавання аб’екта і прыняць аптымальнае рашэнне. «Не трэба зацягваць», – падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама. Будаўнікі паабяцалі на працягу паўгоддзя здаць новы аб’ект.

Таксама плануецца правесці рэканструкцыю скрыжавання вуліц Цэнтральнай і Магістральнай.

– Гэта дазволіць разгрузіць дарогі, жыхарам стане прасцей дабірацца да работы, – запэўніў Дзяніс Колясень.

Вакол возера – веласіпедныя дарожкі

Да абласных «Дажынак» навядуць парадак і на гарадскім возеры. Будзе праведзена ачыстка рэчышча і берагавой лініі, добраўпарадкаваны пляж. Па перыметры сажалкі з’явяцца веласіпедныя дарожкі з падсветкай.  Губернатар падкрэсліў, што такія аб’екты павінны эксплуатавацца, а не парасці хмызняком.

У найбліжэйшы час гэты праект уключаць у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2021 год. Да выканання работ прыступяць не пазней лістапада.

– Для разважанняў няма часу. У некаторых кіраўнікоў тыя рашэнні, якія павінны прымацца за дзве хвіліны, вырашаюцца тыднямі, месяцамі. Патрэбна паскорыць гэты працэс, – запэўніў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Кінатэатр у новым фармаце

Чаканым аб’ектам для стаўбчан стане рэканструкцыя кінатэатра «Беларусь»  у шматфункцыянальную прастору. Новы кінабар захавае антураж старога будынка і стане папулярнай пляцоўкай для моладзі.

– Для рэалізацыі такога праекта патрабуецца сур’ёзная арганізацыя работы, якая павінна быць выканана пад ключ, – такія ўмовы паставіў старшыня Мінскага аблвыканкама кіраўнікам.

Замест казармы – музычная школа

Асаблівая ўвага нададзена аб’ектам культуры. Патрабуецца рамонт будынка былой казармы, куды плануюць перавесці некалькі аддзяленняў дзіцячай школы мастацтваў.

– Будынак трэба працягваць рамантаваць. Выконвайце работы функцыянальна і эканомна, – зазначыў Аляксандр Турчын.

Новы выгляд набудзе і танцпляцоўка «Вербачка». Добраўпарадкуюць пляцоўку каля рэстарана «Нёман» (дарэчы, гэта адно з асноўных месцаў для правядзення будучага свята).

У планах стварыць у горадзе адну бібліятэку, якая будзе аснашчана сучасным абсталяваннем.

Бягучага рамонту чакае будынак раённага цэнтра культуры, а касметычнага – Стаўбцоўскага райвыканкама, друкарні, ЗАГСа, райваенкамата, райбальніцы. Абноўленыя фасады «ажывяць» горад.

«Гэта свята для людзей»

Акцэнт і на праблемы стаўбчан: вада, каналізацыя, дарогі. Аляксандр Генрыхавіч даручыў вырашыць усе гэтыя пытанні, каб скарг на якасць вады больш не паступала. У гэтым годзе на Стаўбцоўшчыне з’явяцца чатыры станцыі абезжалезвання вады, у 2022 годзе – дзве.

Запланаваны рамонт жылых будынкаў, прысядзібных тэрыторый. Абновяць пакрыццё ўязных і гарадскіх дарог.

Вялікі падарунак жыхарам горада – камп’ютарны тамограф. Для яго на базе Стаўбцоўскай ЦРБ пабудуюць спецыяльнае памяшканне.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын даручыў стварыць ландшафтны праект пад будучы парк па вуліцы Казлова ў Стоўбцах.

Дзяніс Колясень выказаў надзею, што работа па падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2022» будзе праведзена своечасова.

Аляксандр Турчын заклікаў усе службы і ўстановы ўключыцца ў работу і працаваць на агульны вынік.

Усе абмеркаваныя пытанні і прапановы кіраўнікамі пачуты. Наперадзе шмат чаго трэба зрабіць. Старшыня Мінскага аблвыканкама параіў з гэтым не зацягваць.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *