У Стоўбцах адкрыецца часовая экспазіцыя да 100-годдзя вяртання паэта ў БССР

Главное Культура

image_pdfimage_print

13 кастрычніка 2021 года а 16-й гадзіне ў Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі да 100-годдзя вяртання паэта ў БССР.

Першая сусветная вайна прымусіла паэта да пераезду ў глыб Расійскай імперыі, дзе ён быў прызваны ў Рускую імператарскую армію.

З верасня 1917 года беларускі пісьменнік жыў у горадзе Абаянь Курскай губерніі і працаваў настаўнікам у вёсках Малыя Крукі, Другі Ліпавец, затым школьным інструктарам.

На пачатку 1921 г. Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў Наркаму асветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь «школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча (псеўданім — Якуб Колас), аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў». 15 траўня 1921 г. Я. Колас з сям’ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск, дзе яму давялося працаваць старшым выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме (1922 — 1930 гады) і ў Дзяржаўным беларускім універсітэце дацэнтам кафедры беларускай мовы на педагагічным факультэце.

Поруч з выкладчыцкай і творчай дзейнасцю паэт займаўся і навуковай працай. У 1920-я гады ён працаваў у літаратурна-даследчай камісіі Інстытута беларускай культуры.

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую Акадэмію навук Якуб Колас быў зацверджаны правадзейным членам акадэміі, а 26 кастрычніка 1929 года абраны віцэ-прэзідэнтам. На гэтай пасадзе паэт працаваў 28 гадоў, да апошніх дзён жыцця. Актыўная навуковая, грамадская, асветніцкая дзейнасць Якуба Коласа па вяртанні на Бацькаўшчыну, спалучалася з літаратурнай — галоўнай справай жыцця паэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *