Служаць Беларусі «афганцы»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

«Памяць – загінуўшым, жывым –  павага», – такі лейтматыў урачыстай сустрэчы раённага ваеннага камісара з воінамі-інтэрнацыяналістамі, моладдзю раёна, якая адбылася ў раённым Цэнтры культуры.

Раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў зачытаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60 ад 4 лютага 2014 года «Аб зацвярджэнні юбілейнага медаля «На памяць аб 25-годдзі завяршэння баявых дзеянняў у Афганістане». На ўрачыстае ўзнагароджанне юбілейным медалём былі запрошаны былыя воіны, якія ў свой час выконвалі ў Афганістане салдацкі або афіцэрскі доўг. Такіх на Стаўбцоўшчыне каля сотні чалавек. Дзякуючы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства ветэранаў вайны ў Афгансітане»  яны працягваюць традыцыі баявога брацтва, разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вядуць патрыятычную работу ў школах і, безумоўна, памятаюць  таварышаў, якія  з гэтай неаб’яўленай вайны зрабілі крок у Бессмяротнасць, засталіся маладымі навечна…

Не вярнуліся з Афганістана і восем нашых землякоў. Іх імёны ўвекавечаны на стэле-помніку, які сёлета, дарэчы, быў капітальна адрамантаваны, у тым ліку і пры фінансавай падтрымцы  жыхароў раёна. Аляксандр Бохан, Леанід Яўсейчык, Віктар Клімахін, Віктар Канавал, Мікалай Крывулька, Валерый Князеў, Павел Шыдлоўскі, Аляксандр Янушкевіч…  Фота кожнага з байцоў-герояў адбіваецца на экране праектара, і камяк падступае да горла…  У зале, між іншым, – дапрызыўнікі, старшакласнікі школ горада.

На сцэну па заслужаную ўзнагароду падымаюцца «афганцы»,  немаладыя ўжо людзі (большасці – пад 50), запатрабаваныя ў розных працоўных калектывах раёна. Кожнага зала ўшаноўвае дружнымі воплескамі, а яны, сталыя мужчыны, усё роўна застаюцца салдатамі. «Служу Беларусі!» – хтосьці чаканіць гэтую фразу, як набат, а хтосьці (і іх за гэта ніхто не асудзіць) – прамаўляе яе ў сабе,  хвалюецца…

З віншаваннямі выступаюць старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Рыгор Мамайка, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, воін-інтэрнацыяналіст Міхаіл Мамайка (з музычным віншаваннем).  Выступоўцы адзіныя ў тым, што ўзнагароды знайшлі герояў і што ўсе мы, будучы побач з узнагароджанымі, адчулі моцны патрыятычны парыў, сілу таго пачуцця, пра якое не заўсёды прынята гаварыць услых.  Моладзі –  дакладны арыенцір, на каго неабходна раўняцца.

Пацвярджаючы тое, што патрыятызм выхоўваецца а не ўзнікае сам па сабе,  раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў услед за воінамі-інтэрнацыяналістамі  паціснуў рукі  і ўручыў граматы шэрагу дапрызыўнікоў-курсантаў –  рабятам, якія прайшлі пяцідзённыя ваенна-палявыя зборы на базе школы № 3 горада Стоўбцы і здалі ўсе нарматывы на «выдатна». Бачылі б вы, з якім запалам  маршыравалі яны, модныя хлопчыкі ў штанах-«дудачках» і з прычоскамі «а-ля супермен» па сцэне! Гэты выхад быў бенефісам стаўбцоўскай моладзі, якая, аказваецца, здольна і на тое, у што мы, дарослыя, не можам часам  паверыць.

Яркім працягам яго стала выступленне рабят з клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». Клуб дзейнічае больш за 15 гадоў, не так даўно набыў статус структурнага падраздзялення раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў.

На Стаўбцоўшчыне жывуць традыцыі мужнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *