У буракасеючых гаспадарках раёна працягваецца ўборка цукровых буракоў

У сувязі з засушлівым надвор’ем сёлета яна пачалася некалькі пазней. І гэтая стратэгія апраўдана: караняплоды ў верасні набіралі вагу і назапашвалі цукар. У ААТ «Рубяжэвічы» цукрыстасць салодкіх каранёў складае 16,5 працэнта, што вышэй базіснай велічыні. Гэтая прапашная культура займае ў гаспадарцы адну з самых вялікіх сярод сельгаставарыстваў плошчу – 320 гектараў.

 

Механізатар Сяргей Анціпін – прызёр
раённага спаборніцтва на сяўбе цукровых буракоў

Заняты на ўборцы цукровых буракоў Сяргей Анціпін. Сяргей Уладзіміравіч – адзін з лепшых механізатараў таварыства. Працоўны стаж дбайнага механізатара налічвае шаснаццаць  гадоў. Яму даручаны энерганасычаны трактар «Беларус-1523», на якім бывае заняты на розных палявых работах. Вясною шчыруе на сяўбе, у тым ліку з году ў год сее цукровыя буракі. Падчас жніва чапляе прэс-падборшчык і прасуе салому. І выконвае ўсе даручаныя работы ў тэрмін і якасна. Механізатар беражліва адносіцца да тэхнікі, своечасова яе абслугоўвае. Калі ёсць патрэба, то дапаможа ў гэтай справе і калегам па працы. Карыстаецца павагай у калектыве.

Як расказвае галоўны аграном Сяргей Кухарчык, цукровыя буракі – добры папярэднік пад раннія яравыя культуры, проса, зернебабовыя і аднагадовыя травы. Таму будуць працягваць іх сеяць і надалей.

У гаспадарцы неблагая цукрыстасць салодкіх каранёў

Выкапаны караняплоды пакуль што на невялікай плошчы, і сказаць дакладна, якой будзе канчатковая ўраджайнасць, цяпер немагчыма. Разлічваюць, аднак, атрымаць неблагую, бо патрачана на іх вырошчванне нямала сродкаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара