«Панямонь». Як Нававёскаўская СШ пераўтварылася з маёнтка ў установу адукацыі

Адукацыя Главное Панямонь Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print

Нававёскаўская сярэдняя школа знаходзіцца ў будынку былога маёнтка Гародзій, або Гарадзей. Пэўны час гэтыя землі належалі князям Радзівілам, а ў пачатку XIX стагоддзя перайшлі да паноў Брахоцкіх.

Палац быў пабудаваны адстаўным палкоўнікам Адамам Іосіфам Брахоцкім на так званай ружы вятроў. Нават і цяпер, калі навокал  моцны вецер, каля школы заўсёды знойдзецца зацішша. Апошнімі ўладарамі сядзібы былі князі Святаполк-Мірскія. Польскія ўлады канфіскавалі яе за даўгі і 1 верасня 1934 года адкрылі тут пяцікласную школу. У 60-я гады былі падоўжаны крылы будынка з абодвух бакоў, што дапоўніла арыгінальную планіроўку.

Маёнтак Гародзій – цяперашні будынак Нававёскаўскай СШ

Cпадчына – на кожным кроку

Будынак школы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Як адзначае дырэктар Галіна Швед, гэта вялікая адказнасць для супрацоўнікаў і вучняў. «У нас асаблівая школа, якая знаходзіцца ў нетыпавым будынку. Мы не толькі расказваем дзецям пра яе гісторыю, але і вучым адказна ставіцца да сваёй спадчыны, каб яе захаваць. Так, з часоў панавання Брахоцкіх засталіся велізарныя драўляныя дзверы, каміны, у майстэрні, якая знаходзіцца ў падвальным памяшканні, – прыгожая скляпеністая столь. Захаваўся і балкон на кансолях, які выдатна ўпісваецца ў архітэктуру будынка. Мы сочым за станам гэтых аб’ектаў, пры неабходнасці падфарбоўваем».

З любоўю і гордасцю расказвае пра родную школу вучаніца 9 класа Юлія Кудзіна. Дарэчы, дзяўчына і яе аднакласніца Алеся Скулкова сталі фіналісткамі рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў «Ты ў эфіры», дзе прадставілі відэаролік пра гісторыю сваёй школы.

У 2010 годзе быў праведзены капітальны рамонт будынка. Школа аднавілася, папрыгажэла, але пры гэтым не страціла сваёй гістарычнай адметнасці.

Больш за 30 гадоў таму ў школе адкрыўся краязнаўчы музей. Тут можна ўбачыць сялянскія прадметы быту, матэрыялы пра гісторыю мясцовасці. Ёсць звесткі пра Вялікую Айчынную вайну, у прыватнасці пра партызана Анатоля Дземідовіча, які ў 16 гадоў загінуў, ратуючы сваіх таварышаў. На могілках у вёсцы Варацішча знаходзіцца магіла героя, якую даглядаюць вучні разам з настаўнікамі. Імем партызана названа вуліца ў в. Вялікі Двор.

Кіраўнік музея – настаўнік гісторыі Уладзімір Петрушэнка – расказвае: «Шукалі з вучнямі інфармацыю ў архіве, інтэрнэце, збіралі ўспаміны мясцовых жыхароў. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваем на ўроках, падчас класных гадзін. У нас ёсць вучні-экскурсаводы. Кожны выпускнік неаднойчы быў у музеі і ведае гісторыю сваёй мясцовасці».

Каштоўным экспанатам стала пісьмо былога жыхара Новай Вёскі Альгерда Станкевіча, якое ён даслаў у пачатку 2000-х гадоў з Польшчы. Успаміны сведчаць, што ў Адама Брахоцкага быў цяжкі характар, людзі лічылі яго чараўніком.

У школе працуе аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына»,  дзе школьнікі вывучаюць гісторыю свайго краю, народныя святы, традыцыі і абрады.

Настаўнік гісторыі Уладзімір Петрушэнка праводзіць экскурсію ў школьным музеі

Аўра «сапраўднага аазіса»

Адам Іосіф Брахоцкі і яго дочкі Эмілія і Марыя, якія валодалі маёнткам пасля смерці бацькі, былі дбайнымі гаспадарамі. Яшчэ ў 1820-я гады Адам Брахоцкі завёў тырольскіх і галандскіх кароў і заняўся селекцыяй. Пазней сюды быў запрошаны сыравар з Галандыі, была наладжана вытворчасць сычужнага сыру з мясцовага малака. Як толькі папулярнасць сыру A LA BRACHOCKI перасягнула межы гістарычнай Літвы, яго пачалі называць літоўскім.

Рыхтуюць дбайных гаспадароў і ў Нававёскаўскай школе. Ёсць тут свой агарод, дзе вырошчваюць бульбу, агуркі, цыбулю, моркву і інш. Затым стравы з мясцовай гародніны з’яўляюцца ў  школьнай сталовай. Гэта зніжае кошт абедаў.

Вакол палаца Адам Брахоцкі разбіў шыкоўны парк, саджанцы дрэў для якога завозілі з усёй Еўропы. Была тут і аранжарэя, якая ацяплялася ўзімку, а таксама цяпліца для вырошчвання расады. Уладзіслаў Сыракомля ў знакамітых «Вандроўках па маіх былых ваколіцах» не абмінуў увагай гэтае месца, назваўшы яго «сапраўдным аазісам». Таксама Гародзій паслужыў аб’ектам увагі славутага мастака Напалеона Орды.

Да гэтага часу краявіды ўражваюць сваёй прыгажосцю. У парку растуць ліпы, клёны, ясені, белыя таполі, некалькі еўрапейскіх лістоўніц, конскі каштан. Захаваліся і дзве амерыканскія ліпы, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца дзяржавай.

Мне пашчасціла вучыцца ў такой адметнай школе. Прыгожа тут вясной, калі спяваюць птушкі, а ў глыбіні парку распускаюцца першыя кветкі. Упэўнена, што кожны выпускнік Нававёскаўскай школы ўспамінае пра яе з цеплынёй у сэрцы.

Анастасія НОВІК

Фота са школьнага архіва



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *