Святочнае: Напеў зямлі маёй

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Вось і кастрычнік на двары. А з яго надыходам свае прафесійныя святы адзначаюць людзі самых цікавых, патрэбных і творчых прафесій. Спачатку – настаўнікі, а за імі  – і культработнікі. 11 кастрычніка ў Доме культуры Мар’інай Горкі сабраліся лепшыя з лепшых прадстаўнікі ўстаноў культуры Мінскай вобласці. Гонар адкрыць святочную імпрэзу выпаў  маладому выканаўцу Андрэю Усанаву і нашаму ўзорнаму харэаграфічнаму ансамблю  «Лявоначкі». Пралог атрымаўся вельмі цудоўным і настроіў усіх прысутных на свята. Многіх прадстаўнікоў творчай прафесіі падчас святочнай урачыстасці чакалі  граматы. Кіраўнік ансамбля «Лявоначкі» Людміла Несцярук таксама ў гэты дзень атрымала Ганаровую грамату за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё харэаграфічнага мастацтва Мінскай вобласці і ў сувязі з прафесійным святам ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама. Пасля афіцыйнай часткі ўсе прысутныя сталі сведкамі цудоўнага і непаўторнага свята творчасці,  прыгажосці і прафесіяналізму.

Ужо адзінаццаты раз запар Мінская вобласць праводзіць фестываль-конкурс «Напеў зямлі маёй», на які збіраюцца лепшыя творчыя калектывы Мінскай вобласці. У гэтым годзе такіх калектываў было 27, і сярод іх – узорны харэаграфічны ансамбль «Лявоначкі». Вельмі паважанае і кампетэнтнае журы ацэньвала нумары, што былі прадстаўлены на конкурс. У гэтым годзе ў склад журы ўвайшлі дзеячы культуры: кампазітар Ігар Лучанок, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь  імя І. Жыновіча Аляксандр Крамко, кампазітар Алег Елісеенкаў, мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар заслужанага аматарскага калектыву  «Белая Русь» Анатоль Карповіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юрый Ляйко, прафесар кафедры філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Антон Марэцкі, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь  Анатоль  Акушэвіч і старшыня журы – мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага дзяржаўнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча – Міхаіл Дрынеўскі. Хваляваліся ўсе – і дарослыя ўдзельнікі, і дзеці. Усім хацелася атрымаць высокае месца і дастойную ўзнагароду. Гран-пры фестывалю і мікрааўтобус паехаў у горад Любань. А вось дыплом лаўрэата І ступені і партатыўны камп’ютар «Лявоначкі» прывезлі ў Стоўбцы. Нашы дзеці вельмі прыгожа глядзеліся на сцэне і ўжо з сярэдзіны нумара зал апладзіраваў танцорам. Нумар «Восем дзевак адзін я» з салістам Янам Вяршынай спадабаўся членам журы і быў удастоены лаўрэацкага дыплома.

Трэба яшчэ дадаць, што прыгожыя і артыстычныя дзяўчаткі з прамяністымі і шчырымі ўсмешкамі Уладзіслава Грэкава, Ульяна Казлоўская і Ангеліна Рубіна (таксама ўдзельнікі ансамбля «Лявоначкі») дапамагалі арганізатарам фестывалю падчас абвяшчэння вынікаў і ўзнагароджвання калектываў. Яны выносілі на сцэну кветкі і граматы і тым самым упрыгожылі  цырымонію. На такой прыемнай для Стаўбцоўшчыны ноце і закончыўся галоўны фестываль Міншчыны ў гэтым годзе.

Ала ЯРМАК, рэпетытар  узорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі»

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *