Навагоднія «цуды» рыхтуюць энергетыкі

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Набліжаюцца навагоднія святы. Пярвічная арганізацыя БРСМ філіяла «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» ўжо рыхтуецца да традыцыйнай дабрачыннай акцыі «Цуды на Ражджаство». Вядзецца збор цацак, кніг, канцтавараў і іншых рэчаў для дзяцей.

Сакратар пярвічкі Ірына Русакова (у цэнтры) праводзіць работу з членамі БРСМ

Як і ў мінулым годзе, члены пярвічкі плануюць наведаць аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулка ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна», каб павіншаваць дзетак са святам, уручыць ім падарункі.

Пярвічка БРСМ зарэгістравана з 2013 года. У яе склад уваходзяць 28 чалавек – гэта работнікі філіяла, а таксама Стаўбцоўскага раёна электрычных сетак. З кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца за кошт маладых спецыялістаў. У гэтым годзе іх прыйшло чатыры, усе – члены БРСМ.

Апошнія тры гады сакратаром арганізацыі з’яўляецца Ірына Русакова. Яна была сакратаром пярвічкі падчас вучобы ў каледжы і ўніверсітэце. На прадпрыемстве працуе спецыялі стам службы ліній электраперадачы, аднак пры гэтым знаходзіць час на грамадскую работу.

Аднадумцы Ірыны праводзяць экалагічныя, патрыятычныя, дабрачынныя і іншыя акцыі, актыўна ўключыліся ў спартыўнае жыццё раёна. Сваім вопытам дзеляцца з іншымі. У гэтым годзе электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Андрэй Віцько расказаў аб рабоце пярвічнай арганізацыі ў Стаўбцоўскіх электрычных сетках на рэспубліканскім форуме працоўнай моладзі «За намі будучыня».

Пярвічная арганізацыя цесна супрацоўнічае з адміністрацыяй і прафкамам філіяла. Ірына Русакова падкрэслівае, што дырэктар Уладзімір Руб леўскі заўсёды падтрымлівае маладзёжныя ідэі і праекты супрацоўнікаў, пры неабходнасці выдзяляе транспарт для ўдзелу ў акцыях і конкурсах.

Вялікая ўвага з боку моладзі ўдзяляецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. За філіялам замацаваны мемарыял у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў у Стоўбцах, моладзь падтрымлівае яго ў належным стане.

Пярвічка далучылася да дабрачыннага марафону «#ДзякуйМедыкам». Паштоўкі са словамі ўдзячнасці і падтрымкі былі накіраваны работнікам раённай бальніцы, якія самааддана працуюць ва ўмовах пандэміі.

Невыпадкова, што пярвічную арганізацыю філіяла неаднаразова адзначалі граматамі і падзякамі раённага камітэта БРСМ за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, актыўную дзейнасць на карысць краіны.

Анастасія НОВІК, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *