За высокімі надоямі – майстэрства

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Па вытворчасці малака на працягу некалькіх  апошніх гадоў жывёлаводы таварыства паступова павялічваюць паказчык, а па штодзённым надоі малака ў сярэднім ад кожнай каровы выйшлі сёлета на лідзіруючую пазіцыю ў раёне.

Тэхнік-асемянатар Аксана Мельнікава (злева) і ветурач Антаніна Часноўская

Адным з галоўных фактараў павелічэння вытворчасці малака дырэктар Пётр Малахаў лічыць  моцную дысцыпліну і строгае прытрымліванне тэхналогіі. Трэба не толькі накарміць жывёлу, але і мэтанакіравана весці ўзнаўленчую работу. У гаспадарцы вырошчваюць цялушак і праводзяць аднаўленне статка. Рэалізоўваюць іх і іншым гаспадаркам.

Алена Рубін — у ліку лепшых жывёлаводаў

Сёлета нарыхтавана ў дастатковай колькасці травяных кармоў, і канцэнтратамі жывёла таксама будзе забяспечана. Ёсць упэўненасць, што зімоўка будзе сытнай і цёплай, бо належным чынам падрыхтавалі жывёлагадоўчыя памяшканні. А значыць, будуць павялічвацца і надоі малака. Брыгадзіры вытворчых падраздзяленняў сочаць за працэсам прыгатавання кармасумесяў, якім надаецца асаблівая ўвага. На кожнай ферме ёсць кормараздатчыкі «Гаспадар». У бліжэйшых планах – на быць яшчэ адзін.

Жывёлаводы ў ліку першых у раёне пачалі пастаўляць на малочныя заводы малако  сортам экстра. І сёння ўся прадукцыя адгружаецца на Мінскі гармалзавод № 1 толькі найвышэйшым гатункам.

Вызначаюцца стараннасцю работнікі МТФ «Засулле»

Для размяшчэння жывёлы – а штогод пагалоўе павялічваецца – праводзіцца рэканструкцыя наяўных збудаванняў, узводзяцца новыя. За восем апошніх гадоў (менавіта столькі часу Пётр Малахаў узначальвае гаспадарку) колькасць жывёлы павялічылася і налічвае цяпер 3200 галоў. Праводзіцца мадэрнізацыя працаёмкіх працэсаў з мэтай змяншэння ручной працы. У наступным годзе (ужо распрацаваны праект) узвядуць новы «клюшачнік» на МТФ «Засулле». У планах – пабудаваць і даільную залу, бо будучае менавіта за сучаснымі тэхналогіямі вытворчасці малака. На ўсіх фермах адрамантаваны бытоўкі і кабіне ты брыгадзіраў. Дарэчы, зроблены рамонт у адміністрацыйным будынку і дыспетчарскай.

Сёлета асеннюю пасяўную хлебаробы завяршылі першымі ў раёне і ўклаліся ў аптымальныя тэрміны. Дырэктар крыху змяніў тактыку работы – арандаваў у прыватнай арганізацыі сучасную сеялку, што дазволіла не спыняць работу нават у дажджлівае надвор’е. З яе дапамогаю засеялі 350 гектараў збожжавымі культурамі хутка і якасна. Кіраўнік адзначае, што ў прыватнікаў можна арандаваць любую сельскагаспадарчую тэхніку. На ўборцы кукурузы быў задзейнічаны і высокапрадукцыйны кормаўборачны камбайн. «Улічваючы недахоп працаўнікоў, мы прыйдзем да таго, што і ў далейшым будзем наймаць падобныя агрэгаты, – гаворыць Пётр Малахаў. – Падлічылі, што так выгадней, чым купіць новыя. А свабодныя грошы ўкладваем у вытворчасць малака». Нягледзячы на тое, што гаспадарка плаціць немалыя крэдыты, кіраўніцтва набывае новую тэхніку. Сёлета купілі пяць трактароў.

Людзі, якія працуюць у таварыстве, здольныя выконваць пастаўленыя перад імі задачы. Сярод вопытных работнікаў шчыруе і моладзь. «У нас  падабраўся  касцяк маладых спецыялістаў, работай якіх задаволены, – падкрэслівае Пётр Міхайлавіч. – Мне даспадобы, што людзі стараюцца, унікаюць у працэс работы».

Той, хто добрасумленна выконвае даручаныя абавязкі, атрымлівае дастойную заработную плату. Сярэднямесячны заробак у таварыстве складае 1200 рублёў. Па словах дырэктара, да канца года ў аператараў машыннага даення ён павялічыцца на 30 працэнтаў. Стане вышэйшай зарплата і ў тэхнікаў-асемянатараў.

Надзея БАТАЛКА, фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *