Інвестыцыі ў малочную жывёлагадоўлю

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ТАА «СЖК «Налібакі» – у ліку лепшых таварыстваў раёна. На працягу доўгага часу гаспадарка з’яўляецца флагманам па надоях малака.  Дасягнуты пэўныя поспехі ў мясной жывёлагадоўлі. Ладзяцца справы ў раслінаводчай галіне.

Дырэктар таварыства Віталій Кушнер

Зладжаная работа прыносіць плён

З пачатку года на фермах таварыства ў сярэднім ад кожнай каровы надоена звыш васьмі тысяч кілаграмаў малака. І па гэтым паказчыку налібацкія жывёлаводы ўтрымліваюць першае месца ў раёне. Валавы надой склаў звыш 12 тысяч тон. Тры гады назад пабудавалі новы малочнатаварны комплекс. Паказчыкі тут самыя высокія. Жывёлаводы ўшчыльную наблізіліся да адзінаццацітысячнага рубяжу. Зладжана працуюць работнікі і іншых малочнатаварных фермаў. Усе маюць высокія паказчыкі і ўваходзяць ў топ-15 вытворчых падраздзяленняў ра ёна. Пастаянна на высокім узроўні работа тэхнікаў-асемянатараў. У гаспадарцы мэтанакіравана вырошчваюць высокаўдойных цялушак для ўзнаўлення статка.

Аператар машыннага даення Алена Гаптар за шматгадовую працу ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі»
Брыгадзір фермы Людміла Хмель да даручанай работы падыходзіць з адказнасцю

Кармавая база – галоўны клопат

 – Нам вельмі важна мець паўтарагадовы запас кармоў, бо гэта аснова стабільнай работы жывёлагадоўчай галіны, – падкрэслівае  дырэктар таварыства Віталій Кушнер. – У гаспадарцы вялікая ўвага надаецца перазалужэнню сенажацяў, ствараюцца шматкампанентныя пашы. Пастаянна праводзяцца сартазмена і сортаабнаўленне збожжавых і зернебабовых культур, высяваюцца новыя перспектыўныя сарты.

Няпростым выдаўся сёлетні год у раслінаводчай галіне, аднак здолелі намалаціць 4203 тоны збожжа. Сабралі звыш 650 тон зерня кукурузы. Колькасць канцэнтратаў, якіх не хапае, будзе закуплена. Заклалі ў траншэі амаль 50 тысяч тон сенажу і сіласу.

Ганна Саланкевіч і Галіна Чыжэўская ўваходзяць у топ-15 аператараў машыннага даення раёна
Перадавы калектыў МТК «Налібакі»: аператары машыннага даення Валянціна Стасевіч, Наталля Лапкоўская, ветфельчар Уладзімір Качаноўскі, аператар машыннага даення Наталля Калошыч і брыгадзір Анастасія Юргель

На першым плане – якасць

Малако з фермаў таварыства адгружаецца на некалькі малочных заводаў. Практычна ўся прадукцыя залічваецца перапрацоўшчыкамі найвышэйшым гатункам. З МТК «Налібакі» малако пастаўляецца на Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання. І цана на яго адпаведна высокая. «Добрасумленна выконвае свае абавязкі лабарант Валянціна Буняк, – гаворыць Віталій Іванавіч. – Дзякуючы яе скрупулёзнасці і настойлівасці маем даволі высокую выручку за якасць малака». Сортам экстра рэалізоўваецца цяпер малако з МТФ «Слабодка», найвышэйшым – з МТК «Цеснавая», дзе аднавілі лабараторыю па вызначэнні якасных паказчыкаў малака.

Будучае –  за сучаснымі комплексамі

Малочны напрамак аб’яднанай гаспадаркі будзе захаваны. У планах – новае будаўніцтва. Дырэктар упэўнены, што будучае – за сучаснымі комплексамі.

Распрацаваны праект на ўзвядзенне  «клюшачніка» для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы на МТК «Налібакі». «Будзем будаваць і імкнуцца павялічваць паказчыкі, – падагульняе вышэйсказанае  Віталій Кушнер. – Працуем з прыбыткам, і на рахунку таварыства пастаянна ёсць грошы, хоць цяпер прыходзіцца разлічвацца з даўгамі далучанай да нас гаспадаркі. Фінансавае становішча ў нас стабільнае і нават умацоўваецца. Пастараемся не страціць заваяваных раней пазіцый».

Набываюць складаную тэхніку

Неблагое фінансавае становішча дазваляе штогод абнаўляць машынна- трактарны парк, таму мехдвор папаўняецца складанай тэхнікай. У прыватнасці, летась набыты два трактары і збожжаўборачны камбайн. Гэтымі днямі афармляецца ў лізінг новы нямецкі пасяўны агрэгат. Да новага года ёсць намер купіць пагрузчык «Амкадор». У планах – набыць яшчэ адзін збожжаўборачны камбайн, бо нагрузка на гэтую тэхніку даволі высокая.

У прыярытэце – жыллё 

Для кіраўніцтва ТАА «СЖК «Налібакі» жыллёвыя пытанні – у ліку актуальных. Дырэктар Віталій Кушнер расказвае, што ёсць жадаючыя прыехаць на работу. Але без сучаснага жылля нават высокая зарплата (дарэчы, сярэднямесячны заробак за апошні месяц склаў 1320 рублёў)  не затрымае людзей.  Таму вырашылі будаваць у Налібаках дамы сядзібнага тыпу з усімі выгодамі. Ужо здадзены пад ключ два дабротныя катэджы, завяршаецца ўзвядзенне трэцяга. Распрацаваны праект яшчэ на пяць. Адведзена зямля. Узводзіцца жыллё гаспадарчым спосабам, што абыходзіцца на 38 працэнтаў танней, чым наняць падрадную арганізацыю. Рамантуюць – так бы мовіць, даюць другое жыццё – стары жыллёвы фонд.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *