Служба дні і ночы

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

Пра сучасны калектыў стаўбцоўскай міліцыі расказвае начальнік райаддзела міліцыі, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван МАМАЙКА.

– У чэрвені бягучага года была ўведзена ў строй прыбудова да будынка міліцыі, чым створаны самыя сучасныя і камфортныя ўмовы для нясення службы. Але ў праваахоўнай дзейнасці шмат што залежыць ад аналітыкі. У інфармацыйна-аналітычным падраздзяленні служыць дасведчаны спецыяліст Марына Зянько, якая пачынала сваю службу ў Мінскім гарнізоне. Дапамагае ёй Вольга Уласік, таксама спецыяліст граматны, адказны. Сапраўды, залатыя словы: кадры вырашаюць усё. На належным узроўні падборам міліцэйскіх кадраў займаецца з 2005 года старшы інспектар групы кадраў Ала Сцефановіч.  

– Знаёмства з райаддзелам фактычна пачынаецца на ўзроўні аператыўна-дзяжурнай службы.

– Так, тут і аператыўнае кіраванне інфармацыяй, што паступае, і арганізацыя рэагавання на яе. У службе працуюць супрацоўнікі з вялікім практычным вопытам, арганізатарскімі здольнасцямі. Узначальвае яе Генадзь Мікшута, касцяк складаюць маёры міліцыі Андрэй Васін, Аляксандр Сачук, Генадзь Жаўнерчык і іншыя. Больш за 15 гадоў у гэтай службе вопытны памочнік Генадзь Ключнік.

На вастрыні жыцця раёна знаходзіцца і такое традыцыйна значнае падраздзяленне як крымінальны вышук, якое камплектуецца з ліку супрацоўнікаў, схільных да аператыўнай работы. У гэтым годзе яго ўзначаліў малады і перспектыўны супрацоўнік Аляксандр Куракевіч. Нельга не адзначыць старшага оперупаўнаважанага Часлава Гарэліка, прызнанага сёлета лепшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Мінскай вобласці. Побач з ім дастойна нясуць службу Аляксандр Цярэня, Сяргей Станкевіч. У цэлым гэтае падраздзяленне – зладжаны калектыў, які паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі.

 Адносна нядаўна з гэтага падраздзялення была выдзелена група па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Кіраўніцтва ім даверана Яўгену Курылу. І – невыпадкова, пра што сведчаць неаднаразовыя заахвочванні з боку кіраўніцтваў райаддзела, УУС і МУС.

– Якія яшчэ падраздзяленні вырашаюць актуальныя задачы?

– Асобае месца ў райаддзеле займае падраздзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, якое ўзначальвае Дзмітрый Стома. На працягу апошніх пяці гадоў яно стабільна ўтрымлівае перадавыя пазіцыі, у 2012 годзе было прызнана лепшым у Мінскай вобласці.

– У размове пра міліцыю хочацца пачуць пра тыя службы, якія цесна працуюць з насельніцтвам і па якіх фактычна мяркуюць пра ўсю міліцыю…

– У першую чаргу гэта аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі ў асобах участковых інспектараў, аддзел ДАІ. Для ўчастковых інспектараў яркім прыкладам служыць іх былы калега, надзвычай заслужаны чалавек А. К. Дзяржынскі. У нас ёсць каму працягваць яго традыцыі. Шмат гадоў працуюць на пасадзе ўчастковага Павел Карніцкі, Андрэй Новікаў. Іх, дарэчы, на працягу не аднаго склікання выбіраюць дэпутатамі сельскіх Саветаў, што падцвярджае давер насельніцтва да нашых участковых. Службай участковых умела кіруе адна з нямногіх у райаддзеле жанчын “у форме” – Юлія Белавусава. Інтарэсам службы яна нярэдка ахвяруе асабісты час, сямейныя справы… Былы намеснік Юліі Белавусавай – Уладзімір Кухарчык – вылучаны і на днях зацверджаны на новай пасадзе – начальніка крымінальна-выканальніцкай інспекцыі.                 

Ля “руля” аддзела ДАІ знаходзіцца таксама прафесійна падрыхтаваны супрацоўнік – Дзмітрый Воранаў. Гэтае падраздзяленне дастойна выконвае задачы па бяспецы дарожнага руху як на дарогах мясцовых, так і рэспубліканскага, міжнароднага значэння, якія пралягаюць праз Стаўбцоўшчыну. Да аснашчэння службы ДАІ хуткасным аўтатранспартам спрычыніўся ў 2013 годзе і раённы выканаўчы камітэт. Неацэнную дапамогу ў кіраванні падраздзяленнем аказвае намеснік начальніка аддзела, начальнік МРЭА ДАІ Аляксандр Вайтовіч. Жыхары нашага і суседніх раёнаў, якія абслугоўвае МРЭА, адгукаюцца аб ім як аб высокапрафесійным супрацоўніку, інтэлігентным чалавеку. У 2014 годзе яго фота занесена на раённую Дошку гонару. Нельга не адзначыць важкі ўклад у бяспеку на дарогах старшага дзяржаўтаінспектара Аляксандра Траццяка, інспектараў Андрэя Пальчэўскага, Андрэя Паноцкага.

Таксама прыкметны ўдзел у фарміраванне іміджу міліцыі ўносіць аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі. У гэтым годзе яго ўзначаліў Уладзімір Кудрэвіч, былы супрацоўнік падраздзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Нясе службу ў аддзяленні наш старэйшы работнік – Марыя Шыманская. Адлік яе працы ў міліцыі – з 1975 года.

– Разам са «старажыламі» працуе і моладзь. Мяняюцца не толькі людзі, а  і назвы… Больш таго, пад адным дахам з міліцыяй з’явіліся новыя фарміраванні. 

– Пры аддзеле функцыянуе ізалятар часовага ўтрымання (раней вядомы як КПЗ) пад кіраўніцтвам Юрыя Акуліча. Нельга не згадаць два жаночыя калектывы – канцылярыю і падраздзяленне рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. Канцылярыю ўзначаліла ў гэтым годзе новая супрацоўніца – Таццяна Сасноўская, з 1990 года ў службе працуе Ірына Рыбак. Ніводнае з нашых падраздзяленняў не зможа абысціся без службы фінансаў і тылу. Нязменна кіруе ёю з 1977 года Вера Траццяк. Дапамагае ёй бухгалтар Софія Бурновіч. На “тылавым” участку шчыруюць Вячаслаў Цярлецкі і Андрэй Язвінскі.

Адзінае цэлае з РАУС уяўляе раённы аддзел Дэпартамента “Ахова”. Усе яго кіраўнікі пачыналі службу ў райаддзеле на розных пасадах. Не выключэнне і сённяшні кіраўнік – Алег Тулейка. У аддзеле “Ахова” служаць вопытныя афіцэры, такія, напрыклад, як Віктар Сінякевіч, Віктар Лось.

Дзелавыя і партнёрскія ўзаемаадносіны звязваюць нас з раённым аддзелам Следчага камітэта, міжраённым аддзелам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Да нядаўняга часу яны з’яўляліся структурнымі падраздзяленнямі РАУС, большасць супрацоўнікаў у іх – выхадцы з РАУС. Райаддзел знаходзіцца ў цесных стасунках з пракуратурай і судом раёна, аддзяленнем КДБ, аддзелам па надзвычайных сітуацыях і інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне.

З нагоды 75-гадовага юбілею райаддзела міліцыі віншую ўсіх са святам, жадаю поспехаў у службе, службовага росту, здароўя і шчасця! Запрашаем прыняць удзел у свяце, якое адбудзецца сёння ў раённым цэнтры культуры ў 14.00. 

НА ЗДЫМКУ: рабочая нарада начальніка райаддзела міліцыі Івана Мамайкі са сваімі намеснікамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *