ААТ «Дзераўное» – 65: Зямля дзераўнянская багатая слаўнымі людзьмі

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Калгас “Чырвоная зорка” ўтварыўся у кастрычніку 1949 года ў вёсцы Барок. У склад яго ўвайшлі шаснаццаць сем’яў, якія валодалі 160 гектарамі зямлі. Першым старшынёй гаспадаркі стаў Франц Філіповіч.  Праўленне калгаса размяшчалася ў былой сядзібе памешчыка Чаплінскага. У 1954 годзе да “Чырвонай зоркі” далучыліся шэсць невялікіх калгасаў. Аб’яднаны калгас узначаліў Фёдар Чэрнікаў. Фёдар Іванавіч кіраваў гаспадаркай па працягу 27 гадоў і карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Ён вывеў калгас на перадавыя пазіцыі. З 1960 года гаспадарка з’яўлялася пастаянным удзельнікам ВДНГ у Маскве, а ў 1976 годзе за высокія дасягненні ў працы занесена на Усесаюзную Дошку гонару. Калгас неаднаразова быў  узнагароджаны пераходным Чырвоным  Сцягам, мае памятны знак “За працоўную доблесць у 9-й пяцігодцы”.

З 1982 года па 2001 год старшынёй калгаса працаваў Іван Загуста. Затым Генадзь Шыманец. У гэты перыяд гаспадарка змяніла назву, яна стала называцца СВК “Дераўное”. А ў 2011 годзе, калі сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам ужо кіраваў Мікалай Дронь, адбылася рэарганізацыя ў адкрытае акцыянернае таварыства пад той жа назвай. Мікалай Несцеравіч на чале ўлады чатыры гады. У 2012 годзе да ААТ “Дзераўное” далучылі ААТ “Ніўнае-агра” (былы саўгас “Хотава”), якое таксама мае багатую гісторыю. Ля вытокаў саўгаса стаяў Іван Валовік. У былыя гады дзве гаспадаркі спаборнічалі між сабою ў працоўных поспехах, а сёння ідуць адным шляхам.

Зямля дзераўнянская багатая працавітымі людзьмі, якія праславілі гаспадарку і наш раён. Гэта Раман Ваньковіч, звеннявы механізаванага звяна па вырошчванні бульбы, якому было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Раслінаводчую галіну ў той час узначальвала галоўны аграном Ганна Шаўчурка, кавалер двух ордэнаў, выдатны спецыяліст і здатны арганізатар. Ганна Максімаўна першая ў раёне  атрымала званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”. Званне заслужанага работніка прысвоена і брыгадзіру трактарна-паляводчай брыгады Эдуарду Бербашу. За працоўныя поспехі семдзесят калгаснікаў у розныя гады ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сярод іх і былы брыгадзір, двойчы ардэнаносец Станіслаў Сенька.

Гісторыя гаспадаркі насычана рознымі падзеямі, у большасці сваёй прыемнымі, і слаўная сваімі традыцыямі. У пяцідзясятыя-шасцідзясятыя гады адбывалася станаўленне гаспадаркі. Сямідзясятыя  былі гадамі ўздыму калгаса. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы дасягалі 700 – 800 грамаў. У 1975 годзе ў сярэднім ад кожнай каровы было атрымана 3205 кілаграмаў малака – лепшы паказчык за трыццацігадовую гісторыю гаспадаркі. Васьмідзясятыя – сталі гадамі сапраўднага росквіту вытворчасці. У 1986-87 гадах дасягнута рэкордная ўраджайнасць бульбы і збожжавых – сабрана 338 цэнтнераў клубняў і намалочана 48,4 цэнтнера збожжа з гектара, ільновалакна атрымана 8,6 цэнтнера на круг.  Шпаркімі тэмпамі будавалася жыллё, выраслі цэлыя вуліцы. І моладзь ішла працаваць у калгас. А вось у дзевяностыя гады, пасля распаду Саюза, фінансавае становішча пагоршылася. Тым не менш  гаспадарка не здавала пазіцый і заўжды заставалася на плыні.

Сёння ААТ “Дзераўное” адно з самых вялікіх па плошчы сельгаспрадпрыемстваў раёна, налічваецца 7 496 гектараў. Асноўныя накірункі вытворчай дзейнасці таварыства: у раслінаводстве – вырошчванне збожжавых і зернебабовых культур, бульбы, цукровых буракоў, ільну і льнасемя; у жывёлагадоўлі – мяса-малочны. На тэрыторыі гаспадаркі размешчаны адзін вытворчы ўчастак, пяць жывёлагадоўчых фермаў, машынна-трактарны парк, сталярны цэх і пчальнік. На вытворчасці заняты 198 чалавек, сярод якіх 18 маладых людзей. Усе работнікі таварыства забяспечаны жыллём.

Раслінаводчую галіну гаспадаркі ўзначальвае Леакадзія Губар, якая усё сваё працоўнае жыццё аддала працы на зямлі. А прыняла эстафету ад Станіслава Шпілеўскага. Леакадзія Станіславаўна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Паказчыкі ў вытворчасці сельгаскультур даволі неблагія. А дапамагаюць ёй у гэтай справе аграномы Генадзь Пракоп і Вольга Валадзько. Склаўся моцны касцяк вопытных механізатараў з вялікім стажам работы.  Гэта Іван Жыбуль,   Аляксандр Бычкевіч, Артур Валадько і Станіслаў Дзям’янка, Валерый Гарэлік,  Мечыслаў Гарохавік,  Іван Кутас, Альфрэд Чарнец. Лепшыя вадзіцелі Франц Касцюкевіч, Станіслаў Полацкі,Часлаў Гарохавік, Мар’ян Уліч і многія іншыя.

Ад Вітольда Кушаля, аднаго са «старажылаў» таварыства, які і сёння працуе ў жывёлагадоўлі, прыняла самы нялёгкі ўчастак работы галоўны заатэхнік Таццяна Кокель. Вынікі ў гэтай галіне таксама абнадзейваюць. Жывёлаводам пакараўся і шасцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Ладзяцца мясныя справы. Асаблівай стараннасцю вылучаюцца аператары машыннага даення Ірына Пячынская, Ганна Мішук, Тамара Ганісеўская, Алена Босая, жывёлаводы Сцяпан Скурат, Алена Лапко, Марыя Босая, Ганна Галіцкая, Анатолій Шумчык і Аляксандр Руч’ёў. А таксама брыгадзіры МТФ Лубень” Канстанцін Канавал і МТФ “Барок” Тамара Бець (калектывы фермаў неаднойчы выходзілі пераможцамі раённага спаборніцтва).

Інжынерную службу ўзначальвае Станіслаў Карневіч, эканамічную – Іван Лойка, адукаваныя спецыялісты больш як з трыццацігадовым стажам. Галоўным бухгалтарам працуе Ганна Гарэлік. Яна змяніла на гэтым нялёгкім участку Марыю Дзям’янка, якая адпрацавала ў бухгалтэрыі звыш 45 гадоў. Варта дадаць, што бацька Марыі Баляславаўны, Баляслаў Свекатун, быў старшынёй калгаса “Перамога”, які ўвайшоў у склад калгаса “Чырвоная зорка”. Сёння дынастыю працягвае перадавы механізатар Дзмітрый Дзям’янка. Адным з першых уступіў у калгас дзед Мікалая Сяліцкага – намесніка дырэктара таварыства. Працуюць дынастыі Канавалаў, Пракопаў, Карневічаў, Полацкіх, Гарэлікаў, Бычкевічаў, Кутасаў, Валадзько, Панасюкоў, Філіповічаў, Далідовічаў, Лойкаў, Бецяў, Шумчыкаў, Чарняцоў. Слаўныя справы і традыцыі таварыства занатоўваюцца ў музеі працоўнай славы гаспадаркі.

Людзі ў таварыстве на першым плане. За рупнасць лепшыя працаўнікі ўшаноўваюцца маральна і матэрыяльна, іх фотаздымкі заносяцца на Дошку гонару гаспадаркі. Работнікі атрымліваюць прэміі да дзяржаўных святаў і прафесійнага – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, да юбілейных датаў. Праводзяцца святы «Зажынкі» і «Дажынкі». Сталі традыцыйнымі навагоднія агеньчыкі. Прафсаюзны лідар Галіна Карповіч стараецца разнастаіць вольны час работнікаў, і ёй гэта ўдаецца. Здзяйсняюцца экскурсійныя паездкі, падчас якіх адбываецца знаёмства з гістарычнымі мясцінамі Беларусі. Жадаючыя наведваюць тэатры і музеі, выязджаюць на канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню. Працаўнікі ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне. Праяўляецца клопат і аб пенсіянерах, людзях, якія ў розныя гады шчыра працавалі, паляпшаючы паказчыкі гаспадаркі. Ушаноўваюцца ветэраны вайны і працы. 

Кіраўніцтва таварыства шчыра віншуе ўвесь працавіты калектыў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці з прафесійным святам і жадае моцнага здароўя, шчасця і далейшых поспехаў у працы.

На здымках: 1) дырэктар таварыства Мікалай Дронь;  2) вадзіцель Станіслаў Полацкі; 3) механізатар

Мечыслаў Гарохавік; 4) былы галоўны аграном Ганна Шаўчурка; 5) вадзіцель Валерый Гарэлік; 6) аператар машыннага даення Ірына Пячынская; 7) вадзіцель Часлаў Гарохавік; 8) механізатар Іван Жыбуль; 9) аператар машыннага даення Ганна Мішук (злева) і жывёлавод Тамара Ганісеўская; 10) механізатары Артур Валадзько, Аляксандр Бычкевіч, галоўны інжынер Станіслаў Карневіч і механізатар Станіслаў Дзям’янка; 11) жывёлавод Сцяпан Скурат.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара і з архіва таварыства



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *