Дзе губляюцца грошы

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб выніках работы аграпрамысловага комплексу раёна па выкананні даведзеных заданняў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Была заслухана інфармацыя начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Д. С. Колесеня. Акурат у тэму і паведамленне галоўнага ўрача ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» І. Г. Кунцэвіча «Аб рабоце і задачах па навядзенні парадку на малочнатаварных фермах». Яно было наглядным, з дэманстрацыяй слайдаў-фотаілюстрацый станоўчых і адмоўных прыкладаў. На парадку і дысцыпліне ўсё грунтуецца. Менавіта гэта падкрэсліў старшыня райвыканкама Ю. М. Горлаў, які паставіў задачы па павышэнні эфектыўнасці сельскагаспадарчай  вытворчасці раёна, і асабліва жывёлагадоўчай галіны, і даў ясныя рэкамендацыі, што павінны быць азбукай для кожнага кіраўніка, спецыяліста, жывёлавода.

Сапраўды, лічбы, якімі было насычана выступленне Д. С. Колесеня, выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць. Так, за 10 месяцаў 2014 года аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 664,9 мільярда рублёў, або 92,9 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. Недабор адбыўся за кошт недастатковай вытворчасці асноўных відаў прадукцыі. Малака атрымалі менш на суму 8,9 мільярда рублёў, мяса БРЖ – на 10,9 млрд руб., свініны – на 29 млрд руб. Трывожаць і паказчыкі ў раслінаводстве. Кукурузы недаатрымалі на 16,3 млрд руб., сенажу  – на 7,6 млрд руб., сіласу – на 16,9 млрд руб. А гэта ж аснова кармавой базы. Найбольшы абвал у ААТ «Вішнявецкі-агра», дзе недабрана прадукцыі да задання на 54,6 млрд руб., гэта 57,2 працэнта. 19,9 працэнта мінусу мае ААТ «Аталезь-агра». Увогуле ж не дасягнулі ўзроўню мінулага года 9 гаспадарак.

Зніжэнне вытворчасці прадукцыі на 100 га сельгасугоддзяў склала 9,3 працэнта. Вытворчасць валавой прадукцыі на аднаго працуючага па раёне – 206 мільёнаў рублёў, што на 1,2 працэнта ніжэй узроўню мінулага года. У гаспадарках-аўтсайдарах нізкая прадукцыйнасць. І тут узнікаюць цяжкасці не толькі з пашырэннем вытворчасці, але і з пакупкай гаручага, запчастак, разлікамі за электраэнергію. Гаспадарка не можа паўнацэнна развівацца, а проста топчацца на месцы, што ў цяперашніх эканамічных абставінах недапушчальна.

Асабліваму аналізу на пасяджэнні райвыканкама быў падвергнуты стан спраў з вытворчасцю малака. Складаемых тут шмат, найперш – кармавая база. Галоўнай прычынай невыканання даведзеных заданняў з’яўляецца незбалансаванасць кармоў, у асноўным па бялку. Сапраўды, трывожнае становішча ў гаспадарках, дзе фуражу, па разліках, хопіць на лічаныя месяцы. Пуста ў засеках, што ж, давядзецца закупляць, траціць грошы, якія маглі б пайсці на іншыя першачарговыя мэты. Аднак і тут збожжа, камбікармы, вітамінна-мінеральныя дабаўкі трэба выкарыстоўваць эканомна, рацыянальна, дыферэнцыравана. Вызначыць, якім каровам даваць іх удосталь, каб аддача малака была належнай.

«Нізкая якасць нарыхтаваных кармоў, асабліва сенажу. Сенаж ураджаю 2013 года быў у асноўным пераведзены ў сілас 2-3 класа. На 46-ці малочнатаварных фермах да гэтага часу прымяняецца маральна ўстарэлая, неэфектыўная і затратная тэхналогія вытворчасці малака, заснаваная на прывязным утрыманні кароў і даенні на лінейных даільных устаноўках, што не дазваляе выдзяляць сухастойных і навацельных кароў і арганізаваць іх дыферэнцыраванае кармленне». Такая канстатацыя фактаў прагучала ў інфармацыі начальніка райсельгасхарча.

Збалансаванае кармленне мае важную ролю і ў племянной справе. Тут аснова асноў – правядзенне кваліфікаванага асемянення, што не ўсюды выконваецца. Так, у ААТ «Вішнявецкі-агра» значнае змяншэнне асемянення цялушак пад ацёл дапушчана па прычыне іх нізкіх вагавых кандыцый, а таксама выкарыстання нізкаэфектыўнай канадскай спермы. У ААТ «Радзіма Дзяржынскага» асемянёна пагалоўе кароў і цялушак вышэй узроўню папярэдняга года, аднак эфектыўнасць расцёлу склала толькі 56 працэнтаў. Асноўныя прычыны: адсутнасць своечасовага рэктальнага абследавання жывёлы, цякучасць кадраў. Асемянатары, спецыялісты селекцыйнай работы вырашаюць многае. Патрэбны іх належны падбор, павышэнне кваліфікацыі, за эфектыўную працу – належная заработная плата.

Пастаянны кантроль павінен быць за захаваннем тэхналогіі вырошчвання маладняку. Нікуды не варты факт, што ў многіх гаспадарках не фарміруюцца групы пяршачак, не арганізаваны іх раздой. Павышаная вільготнасць  у памяшканнях, нясвоечасовае выдаленне гною, на жаль, дапускаецца і такое. А ў сырасці і брудзе з цялушкі добрай каровы не будзе.

Важным з’яўляецца абсталяванне індывідуальных домікаў для нованароджаных цялят, прафілакторыяў для маладняку. З толкам робячы, не абавязкова мець пластыкавыя, а зрабіць драўляныя такія памяшканні. Галоўнае, каб былі пад  дахам і ў цяпле.

Якасць прадукцыі – галоўнейшае патрабаванне. Найперш патрэбна думаць пра спажыўца, аднак высокая гатунковасць малака спрыяе і эканоміцы гаспадаркі. Так, за студзень – кастрычнік здадзена яго вышэйшым гатункам 78,4 працэнта, а гатункам «экстра» – усяго 18 працэнтаў. ААТ «Вішнявецкі-агра», «Дзераўное», «Рочавічы», «Радзіма Якуба Коласа», «Аталезь-агра», «Шашкі» не рэалізавалі ніводнай тоны малака гатункам «экстра». І толькі на гэтым страцілі немалую суму грошай. Між тым, пры належным  кармленні добрая здаровая карова дае высокагатунковае малако.

На якасць малака ўплывае і стан халадзільнага абсталявання. А якая будзе якасць, калі наліваць малако ў брудны посуд? Апілкі зусім не дэфіцыт, толькі патурбавацца трэба, каб іх завезці. Парадак на ферме, на тэрыторыі каля фермы – усё гэта, як правіла, сведчыць і аб эфектыўна арганізаванай тут вытворчасці.

На пасяджэнні райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на малочнатаварных фермах раёна. Вызначаны аб’ём работ з указаннем канкрэтных тэрмінаў выканання для жывёлагадоўчых аб’ектаў практычна кожнай гаспадаркі. Рамонт малочных блокаў, пераважна падлогі ў іх – справа, якая патрабуе больш працяглага часу. А вось устанавіць умывальнікі, мець вадкае мыла з антысептыкам, разавыя ці электраручнікі, каб даярка бралася за справу заўсёды з чыстымі рукамі, – гэта простыя правілы гігіены. Шмат на якіх фермах не працуюць душавыя (спецадзенне сушыцца на вяроўках, а там-сям наогул яно не заўсёды выдаецца), бытавыя памяшканні, як іх раней называлі, чырвоныя куткі, дзе можна было б і чаю папіць, і адпачыць…

Культура вытворчасці, тэхналагічная дысцыпліна –  усё гэта ёсць на нашых лепшых фермах, у гаспадарках, дзе паказчыкі на ўзроўні. Прынамсі ўсё гэта ўзаемазвязана. Аднак нямала аб’ектаў, якія выклікаюць заклапочанасць. Таму будуць працягвацца ўзаемаправеркі, наведванні фермаў спецыялістамі. Галоўная задача – павысіць эфектыўнасць работы аграпрамысловага комплексу, забяспечыць пераход на самаакупнасць і самафінансаванне.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *