Ад хлебнай нівы да роднага Ніўнага

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

З пачатку года на Стаўбцоўшчыне прайшло ўжо пятае свята вёскі, на гэты раз – у Ніўным.

– Свята вашай вёскі – свята для ўсяго раёна, – падкрэсліў, шчыра вітаючы ніўнянцаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. – Падобныя мерапрыемствы праводзяцца па ўсёй Міншчыне. У нас яны ладзяцца штомесяц – гэта ўжо пятае з пачатку года свята. Склалася добрая традыцыя на стаўбцоўскай зямлі – дык будзем яе вітаць і падтрымліваць! Назва вашай вёскі мне вельмі блізкая. Я нарадзіўся ў Расійскай Федэрацыі,у невялікім раённым цэнтры, дзе таксама ёсць вёска Ніўнае і дзе сёння жывуць мае сваякі. Бываючы ў вас, міжволі ўспамінаю сваё дзяцінства і той цудоўны край, дзе вырас. Але і Беларусь выглядае не горш, яна стала мне роднай. Недалёка ад вас знаходзіцца жамчужына Беларусі – возера Кромань. Праз вашу вёску праязджаюць турысты, грамадзяне не толькі нашай краіны. Дзякуй усім жыхарам Ніўнага, якія з разуменнем і дабрынёю аднесліся да падрыхтоўкі свята і паказалі прыклад моладзі, праявілі патрыятызм і жаданне захоўваць і працягваць лепшыя традыцыі продкаў.      

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі ў сваім выступленні звярнуў увагу на такую адметнасць: з кожным новым святам вёскі яе ўзровень, статус і размах расце, пашыраецца, усё лепшае і адметнае ад кожнага будзе выкарыстана пры правядзенні раённых святаў.  

У плане адметнасці Ніўнае не стала выключэннем. Ля клуба, з якім суседнічае гняздо буслоў і дзе, пад уважлівым цікаваннем птушак, разгарнулася галоўнае канцэртнае дзейства, вырас сапраўдны гарадок атракцыёнаў, забаў. У першую чаргу гэта ацанілі самыя юныя ўдзельнікі свята – дзеці. З імі гарадок не змаўкаў да вечара. 

У гэты суботні дзень весялілася і ўсё Ніўнае ад малога да вялікага. Вёска нібыта ўстрапянулася, расправіла, як буслы, свае магутныя крылы, бо падобных маштабных гулянняў тут не ладзілася з часу Савецкага Саюза.  Праз усю вёску сустракалі адмыслова прыбраныя падворкі. Іх гаспадары пастараліся здзівіць сваёй, ніўнянскай, гасціннасцю, паказаць свае ўмельствы і таленты. І, здавалася, кожны наступны падворак – лепшы за папярэдні, бо няма мяжы для фантазіі і творчай выдумкі. Да прыкладу, Тамара Бурдукевіч гаварыла пра Ніўнае вершамі, а Ірына Адамаўна Дзям’янка, якую не так даўно віншавалі з 80-гадовым юбілеем, ажыўляла  родны кут гукамі калаўрота, а яшчэ мелодыямі даўнейшых народных песень. Пры гэтым звярнула на сябе ўвагу імкненне вяскоўцаў ісці ў нагу з часам, быць сучаснымі людзьмі. Не так даўно яны, дзякуючы згуртаванасці і ўменню самаарганізавацца, правялі ў свае дамы прыродны газ, водаправод. 

Жыхарам Ніўнага, большасць якіх шчыруе на ніве ААТ «Дзераўное»,  не адмовіш і ў працавітасці.  Усе старанна рыхтаваліся да свята. Колькі было суботнікаў! Як адзначае стараста вёскі (ён жа і загадчык мясцовага клуба, і дэпутат Дзераўнянскага сельскага Савета) Анатоль Ламака, тутэйшыя магазіны не паспявалі падвозіць фарбу. Абнаўлялі фасады і платы, касілі, выпільвалі старыя неэстэтычныя дрэвы.  Шмат работы зроблена для добраўпарадкавання клуба.  Дапамогу аказвалі ААТ «Дзераўное» і  лясніцтвы (Прудское, Налібацкае), ДРБУ № 135, якое падсыпала вуліцу Стараніўнянскую, і іншыя. З дапамогай раённага выканаўчага камітэта была вырашана даўняя праблема жыхароў шматпавярховых дамоў – з каналізацыяй. Відавочна, у людзей з’явіўся стымул падтрымліваць парадак і далей, калі старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая ўручыла дыпломы, падзячныя пісьмы і падарункі пераможцам конкурсу «Дом узорнага парадку». Імі сталі сем’і Казіміра і Люцыі Сяліцкіх, Анатоля і Ірыны Ламакаў, Віктара і Марыі Шуцько, Марыі Петручэня, Івана і Ірыны Далідовічаў, Вацлава і Марыі Рублікаў.

На свята прыехалі кіраўнікі раённых службаў і арганізацый, каб ушанаваць ветэранаў працы і работнікаў сваіх падраздзяленняў. Пад музычныя нумары, падрыхтаваныя артыстамі Дзераўнянскага Цэнтра культуры (дырэктар – Галіна Янкоўская), настаўнікамі і салістамі Дзераўнянскай школы мастацтваў (дырэктар – Наталля Сіняўская), на сцэну запрашаюцца паважаныя ў Ніўным людзі. Сярод іх – старэйшыя жыхары вёскі і самая маленькая, 9-месячная Паліна Беняш разам з бацькамі, сямейныя пары, якія пражылі сумесна 50 і больш гадоў, шматдзетная сям’я Наталлі і Аляксея Фунцікаў, былая настаўніца Ніўнянскай пачатковай школы Кацярына Лісоўская, работнікі сацыяльнай службы, гандлю, пошты, Хатаўскога спіртзавода і інш. Самая вялікая кагорта, каля 50 чалавек, – гэта сённяшнія і былыя работнікі мясцовай гаспадаркі, яе ардэнаносцы. Ніхто з іх не застаўся без падарункаў.   

Свята завяршылася, але цеплыня яго засталася ў сэрцы. Дзе яшчэ так сустрэліся б суседзі, сябры, сваякі, былыя аднакласнікі?..         

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *