Вялікі хлеб

Нумары Ураджай-2015

image_pdfimage_print

Хлебаробы  ААТ «Вялікі Двор» намалочваюць у сярэднім з кожнага гектара звыш 53 цэнтнераў збожжа і займаюць па гэтым паказчыку лідзіруючую пазіцыю ў раёне. Дарэчы, у гаспадарцы з году ў год атрымліваюць высокія ўраджаі збожжавых культур.

Намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзь Бязушка (на здымку злева) задаволены: нягледзячы на засушлівае надвор’е, вынікі радуюць.

– Сёлета ў нас больш пацярпелі раннія яравыя збожжавыя, – расказвае Генадзь Генадзьевіч. – Якраз тады, як наліваўся колас, у глебе адчуваўся дэфіцыт вільгаці. Што тычыцца азімых, то зіма была цёплай і расліны добра перазімавалі.

Першым у гаспадарцы ўбіралі 18-гектарны ўчастак, дзе была пасеяна азімая пшаніца сорту «капылянка». Пасевы хоць і пацярпелі ад засухі, але аддзячылі 50 цэнтнерамі збожжа з гектара. Пры гэтым зжалі яе пры вільготнасці 13-14 працэнтаў, а гэта значыць, што дасушваць збожжа не трэба было. 

– Намалацілі 51 цэнтнер на круг ранняга ячменю – паказчык неблагі, – адзначае Генадзь Генадзьевіч. – Тым больш, што падсявалі пад яго покрыўныя культуры – канюшыну і цімафееўку. І нягледзячы на тое, што сеялі яго апошнім, атрымалася так, што ўбіралі ў першую чаргу. Высявалі сорт «фэст». У пачатку ўборкі, каб знайсці больш сухія ўчасткі, прыходзілася нямала пакалясіць па палях. Так склаліся сёлета ўмовы надвор’я, што ўчасткі пазнейшай сяўбы ўбіраем нават раней.

Размаўляем з галоўным спецыялістам на палетках ля вёскі Падлессе. Генадзь Генадзьевіч правярае якасць уборкі. Робіць ён гэта тры, а то і чатыры разы на дзень. Спецыяліст канстатуе: страт збожжа няма. Ураджайнасць азімага трыцікале на гэтым полі больш за 70 цэнтнераў з гектара. Убіралі сарты імпартнай селекцыі «вальтарыа» і «грэнада». За штурвалам камбайна «ДОН-1500» – Уладзімір Пячонаў з памочнікам Іванам Бакулевым (на здымку справа). Ва Уладзіміра Анатольевіча сёлетняя ўборачная юбілейная, дзясятая па ліку. Тэхніка не новая, але працуе надзейна, бо камбайнер пастараўся падрыхтаваць яе да жніва. Кіраўнік раслінаводчай галіны хваліць работніка, маўляў, па 300-400 тон за дзень намалочвае. А ў перыяд корманарыхтовак шчыруе на кормаўборачным камбайне. Кукуруза ў таварыстве парасла добрая, хопіць яму работы і восенню.

– Ураджайнасць высокая, бункер хутка напаўняецца, разлічваю намалаціць больш чым летась, – сказаў Уладзімір Анатольевіч. – Ва ўсякім разе разам з Іванам Бакулевым пастараемся.

Лідзіруе на жніве экіпаж камбайнераў у складзе Фіната Саітгарэева і Аляксандра Мядзведзя,  на другім месцы Генадзь Райскі з сынам Дзмітрыем, на трэцім – Сяргей Сенька з Кірылам Бязушкам. На адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны маладыя вадзіцелі Фінат Саітгарэеў, Віктар Стрыж і Сяргей Каробка.

Збожжа новага ўраджаю дастаўляецца на збожжасушыльныя комплексы. Іх у гаспадарцы два – ЗСК-60 і М-819.

– Рапс і фуражнае збожжа  дапрацоўваем на новым комплексе, – гаворыць загадчыца цэнтральнага склада Людміла Стрыж, – а харчовае і насеннае – на польскай сушылцы, бо ачыстка там лепшая. Работа вядзецца кругласутачна. Створаны ў нас дзве брыгады: адна працуе днём, а другая – ноччу. У начны час сутак мяне падмяняе былая загадчыца склада Хрысціна Магільніцкая.

Шчыруюць паляводы, пенсіянеры, людзі з іншых арганізацый, а таксама столінцы.

Сярод аператараў збожжасушыльных комплексаў і два ўкраінцы – маладыя працаўнікі Максім Мандрыкін і Вадзім Даніч. Штогод падчас уборачнай рупіцца на збожжатаку інжынер Леанід Купцэвіч. На пагрузчыку працуе Мечыслаў Курдун, які ўжо на заслужаным адпачынку, як і Яніна Тарабэш – на сезон уборкі яны прыйшлі дапамагчы (Людмілу Стрыж і Яніну Тарабэш вы бачыце на здымку). Перавозіць дапрацаванае збожжа на склад малады вадзіцель Аляксандр Еўтух, а ноччу яго падмяняе настаўнік мясцовай школы Аляксандр Скулкоў.   

Жніво ў таварыстве ў самым разгары, і па ўсім відаць, што лідарства па ўраджайнасці велікадворскія хлебаробы не саступяць і сёлета.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

На палях раёна

Збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны па раёне на 7260 гектарах, што складае 29 працэнтаў ад агульнай плошчы. Лідзіруюць па тэмпах уборкі хлебаробы ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе зжата 820 гектараў, або 59 працэнтаў. На другім месцы працаўнікі ААТ «Жацерава», на трэцім – ААТ «Агранёманскі».

Намалочана 29 626 тон, за апошні дзень – 4 912 тон. Самыя высокія намалоты ў ААТ «Агранёманскі», «Вішнявецкі-агра» і «Радзіма Якуба Коласа».

Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 40,8 цэнтнера, што на 4,3 цэнтнера вышэй мінулагодняга паказчыка. Па-ранейшаму ў лідарах ААТ «Вялікі Двор», дзе намалочваюць з кожнага гектара 53,3 цэнтнера збожжа. Ураджайнасць вышэйшая за сорак цэнтнераў у шасці сельгаспрадпрыемстваў – ААТ «Агранёманскі», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра», «Дзераўное», «Шашкі» і «Радзіма Якуба Коласа». Самая нізкая ўраджайнасць у ААТ «АБФ «ПМК-74 – Налібакі» і «Радзіма Дзяржынскага» – адпаведна 25,5 і 26,6 цэнтнера на круг. У гэтых двух таварыствах невысокія і тэмпы ўборкі.

Самае ўмалотнае – азімае трыцікале ў ААТ «Вялікі Двор», дзе намалочваюць з гектара  56,9 цэнтнера. Піваварны ячмень 50-цю цэнтнерамі аддзячвае дзераўнянцам. 

Азімы рапс убраны больш як на 78 працэнтаў плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць складае 15,8 цэнтнера масланасення, што ніжэй мінулагодняга на 4,3 цэнтнера. Самы высокі паказчык у ААТ «Жацерава» – 42 цэнтнеры. На другім месцы СФГ «Сула» – 35 цэнтнераў, на трэцім і чацвёртым – ААТ «Агранёманскі» і «Радзіма Якуба Коласа», у іх адпаведна 34 і 33 цэнтнеры. Ніжэй за 10 цэнтнераў намалочана ў ААТ «Дзераўное», «Шашкі», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і «Радзіма Дзяржынскага».

Першымі прыступілі да ўборкі зернебабовых працаўнікі ААТ «Агранёманскі», ураджайнасць складае 35,5 цэнтнера з гектара.

Лён выцераблены на большай палове плошчаў – 218 гектарах.

 

ДОШКА ГОНАРУ

У раённым спаборніцтве з пачатку ўборкі збожжавых на 30 жніўня лепшых паказчыкаў дасягнулі:

– экіпаж камбайнераў ААТ «Агранёманскі» ў складзе Валерыя і Андрэя Жукоў, якія на камбайне «Лексіон-540С»  убралі 181,6 гектара і намалацілі 815,6 тоны збожжа;  

– экіпаж камбайнераў ААТ «Жацерава» ў складзе Ігара Рокаша і Мікалая Амельчыца, якія на камбайне «Лексіон-540С» убралі 159 гектараў і намалацілі 710,3 тоны;

– экіпаж камбайнераў ААТ «Жацерава» ў складзе Аляксандра Ганчарэнкі і Мікалая Міхайлоўскага, якія на камбайне» Лексіон-540С» убралі 157,3 гектара і намалацілі 703,7 тоны;

– вадзіцель ААТ «Жацерава» Уладзімір Аўласін, які на аўтамашыне «МАЗ-555» перавёз 925,8 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Жацерава» Мікалай Дударэвіч, які на аўтамашыне «МАЗ-555» перавёз 829,2 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Агранёманскі» Анатолій Турко, які на аўтамашыне «ГАЗ-53» перавёз 663,4 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ Вішнявецкі-агра» Яраслаў Ажгірэвіч, які на аўтамашыне «ГАЗ-53» перавёз 488,9 тоны збожжа;

сярод маладых удзельнікаў жніва:

– экіпаж камбайнераў ААТ «Жацерава» ў складзе Віталія Ганчарэнкі і Аляксея Шляніна, якія на камбайне «МЕГА-350» ўбралі 137 гектараў і намалацілі 636,7 тоны збожжа;

– экіпаж камбайнераў ААТ «Агранёманскі» ў складзе Аляксандра Гярлоўскага і Аляксандра Новіка, якія на камбайне «КЗС-1218» убралі 136,3 гектара і намалацілі 620,9 тоны збожжа;

– экіпаж камбайнераў ААТ «Жацерава» ў складзе Сяргея Амельчыца і Віктара Тарасевіча, якія на камбайне «КЗС-1218» убралі 118,2 гектара і намалацілі 529,7 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Вялікі Двор» Фінат Саітгарэеў, які на аўтамашыне «МАЗ-555» перавёз 571 тону збожжа;

– вадзіцель ААТ «Вялікі Двор» Віктар Стрыж, які на аўтамашыне «МАЗ-555» перавёз 533 тоны збожжа.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *