Спартыўны імідж ПМК

Будаўніцтва Нумары

image_pdfimage_print

Першае паўгоддзе 2015 года ДУП «ПМК-233» УП «Мінскаблсельбуд», у якім працуюць 289 чалавек, завяршыла з наступнымі вынікамі:

– выручана 45,8 мільярда рублёў (114,7 працэнта адносна аналагічнага леташняга перыяду);

– выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг на аднаго работніка  –  168,4 мільёна рублёў (114,3 працэнта адносна леташняга перыяду);

– чысты прыбытак – 643 мільёны рублёў;

– рэнтабельнасць продажаў – 3,4 працэнта;

– аб’ём інвестыцый – 570 мільёнаў рублёў;

– уласнай падсобнай вытворчасцю выпушчана на 5,4 мільярда рублёў рознай прадукцыі (бетон, растворы, вырабы з ацынкавай сталі, металу і дрэва).

Будаўнікі ПМК-233 завіхаюцца на самым, можна сказаць, галоўным для нашага горада аб’екце – «Рэканструкцыя будынка кулінарнага вучылішча ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс». Першая чарга яго здадзена, а здаць другую, з плавальным басейнам, пастаўлена задача ў бягучым годзе. Аб’ект  фактычна знаходзіцца ў цэнтры шматпавярховага мікрараёна і пад увагай усіх жыхароў Стаўбцоўшчыны.    

Усе чакаюць і жадаюць, каб аб’ект хутчэй стаў арэнай для спартыўных баталій, пляцоўкай для фізкультурных і аздараўленчых заняткаў. У даным выпадку хуткасць напрамую залежыць ад аб’ёмаў фінансавання. Але сваю вялікую адказнасць, і гэта падкрэслівае дырэктар ПМК-233 Яўген Корсак, разумеюць і будаўнікі. Кожны новы тыдзень пачынаецца тут, на месцы гарачых будаўнічых падзей, з «планёркі» з удзелам прадстаўнікоў заказчыка – дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мінаблвыканкама, субпадрадных арганізацый. Курыруе гэты аб’ект і кіраўніцтва раёна.      

– Матэрыялаў хапае. Прастояў няма. Ацяпленне ўжо выканана на 100 працэнтаў, на 80 працэнтаў абліцавана чаша басейна і зроблены інжынерныя камунікацыі,  – знаёміць з аператыўнай абстаноўкай на аб’екце прараб Іван Сушко. У ПМК ён шосты год, таму на яго рахунку ўжо не адзін аб’ект. Узводзіў жыллё, будынкі для сельскагаспадарчай вытворчасці. А тут – цэлы комплекс фізкультурна-аздараўленчага профілю. Розніца ў іх будаўніцтве ёсць, і істотная.

 – Прыходзіцца працаваць з вялікай колькасцю інжынерных камунікацый, у прыватнасці, вентыляцыі, неабходных для функцыянавання басейна, – тлумачыць прараб.  

У вагончыку-«прарабскай» ён нарасхват, нягледзячы на тое, што час набліжаецца да абедзеннага перапынку. З калегамі штосьці ўдакладняе адносна дакументацыі. З маладым работнікам абмяркоўвае рабочы момант. Выдае неабходны інструмент. Паміж справай Іван Сушко заўважае: 

– На даны момант на аб’екце знаходзяцца пераважна цесляры-бетоншчыкі і аддзелачнікі – усяго працуе больш за паўсотні чалавек.

З некаторымі знаёмімся бліжэй. Андрэй Камароўскі – плітачнік-аддзелачнік, брыгадзір. Пра яго гавораць – залатыя рукі. Сёння ён працуе на пару з Дзмітрыем Казельскім. Плітку ўкладваюць на падлозе аднаго з калідораў. У руках спецыялістаў мільгаюць шпаталі, каб падрыхтаваць адпаведную аснову. Раз-пораз прымерваюцца яны да нацягнутага шнура – раўняюць дыяганаль узору. Нярэдка ў справу «ўмешваецца» пліткарэз.

– У малым памяшканні работы заўсёды больш, – дзеліцца сваім досведам Андрэй Камароўскі. У свой час ён закончыў профільнае ПТВ. У ПМК знайшоў і работу, і жыллё. Яго сям’я пабудавала кватэру ў кааператыве будаўнікоў «Вясна».

Самая шматлікая брыгада на аб’екце – маляроў. І яна – самая гаваркая, бо складаецца выключна з жанчын. Дзве Валянціны – Ліпніцкая і Пірштук, Святлана Ермаковіч, Таццяна Гацко, Марына Булаш, Кацярына Раманок. «Рыштаванні высокія, але мы спрытныя, – ахвотна дзеляцца сваімі думкамі жанчыны. – Радуемся кожнаму новаму аб’екту – ад гэтага залежыць наш заробак». Старэйшыя, такія, як Валянціна Ліпніцкая і Святлана Ермаковіч, якія працуюць у ПМК амаль па 20 гадоў, вучаць маладзейшых. На момант сустрэчы Валянціна Ліпніцкая замяняла брыгадзіра – Людмілу Таранаву. Жанчына не прамінула заўважыць: «Усе ў брыгадзе – працавітыя, кожны ведае сваю справу».

Узнімаемся па лесвічным маршы ФАКа да сталяроў. Сяргей Пукала і Міхаіл Шут, Раман Ціменка займаюцца падвясной столлю. Калі ў Сяргея (нядаўна ён завяршыў завочную адукацыю і атрымаў дыплом тэхніка-будаўніка) і Міхаіла вопыт практычнай работы вымяраецца гадамі, то ў Рамана – пакуль толькі месяцамі. Хлопец закончыў Мірскі мастацкі каледж, крыху папрацаваў у Гродне на вырабе дзвярэй і акон і вярнуўся дадому. У Вялікім Двары жывуць яго матуля, малодшая сястра. Вучыцца Раману ёсць у каго. Акрамя Сяргея Пукалы і Міхаіла Шута – у калегаў Алега Драчова, Алега Савасцюка.

Зазірнуўшы ў памяшканне басейна, дзе, здаецца з першага погляду, не хапае толькі блакітнай воднай гладзі, сустрэлі і в. а. галоўнага інжынера Васіля Карповіча. У яго – свае задачы:  «Вырашаем пытанні па прымяненні новых матэрыялаў». А ў цэлым, як адзначалі многія на аб’екце, будаўнікі стараюцца скаардынаваць свае дзеянні не толькі з заказчыкам, але ўлічыць і пажаданні спартсменаў, якія будуць карыстацца ФАКам.

Няхай будаўнікоў успамінаюць толькі добрым словам!    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: увішна працуе жаночая брыгада маляроў; агульны выгляд аб’екта; умелыя майстры – сталяры Сяргей Пукала і Міхаіл Шут; стараюцца плітачнікі-аддзелачнікі Дзмітрый Казельскі і Андрэй Камароўскі; выразна відаць абрысы залы, дзе будзе плавальны басейн.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *